28 красавiка 2024, Нядзеля, 6:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ягланд: «Неверагодна, што кандыдаты ў прэзідэнты ўсё яшчэ за кратамі»

6
Ягланд: «Неверагодна, што кандыдаты ў прэзідэнты ўсё яшчэ за кратамі»

У інтэрв'ю аўстрыйскай «Die Presse» Генеральны сакратар Рады Еўропы Турб'ёрн Ягланд выказаўся аб сітуацыі ў Беларусі.

На пытанне карэспандэнта, якія кантакты існуюць у Радзе Еўропы з «праблемным дзіцём Еўропы», адзінай краінай на кантыненце, якая не ўваходзіць у гэтую арганізацыю, Турб'ёрн Ягланд адказаў: «У нас няма ніякіх кантактаў на палітычным узроўні, але мы працуем з грамадзянскай супольнасцю і сродкамі масавай інфармацыі. Пакуль Беларусь не адменіць смяротнае пакаранне і не вызваліць палітвязняў, мы не можам мець з ёй палітычных кантактаў. Гэта неверагодна, што кандыдаты ў прэзідэнты ўсё яшчэ за кратамі».

У інтэрв'ю адзначаецца таксама, што Беларусь - адзіная краіна ў Еўропе, дзе ўсё яшчэ ўжываецца смяротнае пакаранне. Хоць, паводле Генеральнага сакратара Рады Еўропы, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года Менск падаваў сігналы, што можа адмяніць гэты від пакарання, перадае «Радыё Свабода».

«Былі выразныя знакі, што Беларусь хоча стаць часткай еўрапейскай сям'і. Аднак я ўпэўнены, што гэтая краіна калісьці стане сябрам Рады Еўропы. Іншы варыянт быў бы проста вар'яцтвам», - заявіў Ягланд.

Раней Ягланд асудзіў расстрэлы Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава, адзначыўшы, што «такім стаўленнем да жыцця чалавека, непавагай да яго асноўных правоў і дэмакратычных стандартаў улады Беларусі ўсё больш ізалююць сваю краіну і яе людзей ад усяго астатняга свету».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках