У Гомелі прайшла прэзентацыя фільма пра сталінскія рэпрэсіі
7- 21.05.2012, 12:01
19 мая ў Гомелі прайшла прэзентацыя дакументальнага фільма «Лінія Сталіна - Гомельскі рэгіён», прысвечанага сталінскім рэпрэсіям на Гомельшчыне.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 30 чалавек. Праводзіў яго аўтар ідэі і каардынатар здымак фільма Канстанцін Жукоўскі, піша bchd.info.
Перад пачаткам прагляду фільма ён зачытаў пісьмовыя адмовы на запрашэнні на гэтую прэзентацыю ад першага сакратара гомельскай арганізацыі БРСМ Харулёва і ад кіраўніка ідэалагічнага аддзела Гомельскага гарвыканкама Шыдлоўскай. Абодва спаслаліся на страшную занятасць суботнім вечарам. Ад абласнога КДБ і дэкана гістарычнага факультэта Гомельскага Універсітэта адказаў увогуле не было.
Пасля паказу адбылося актыўнае абмеркаванне, а таксама віктарына, прысвечаная фільму і сталінскім рэпрэсіям на Гомельшчыне. Лепшага знаўцу гэтай тэмы, вядомаму беларускаму барду Андрэю Мельнікаву, які стаў пераможцам віктарыны, быў уручаны каштоўны прыз - фотаапарат. Па заканчэнні сустрэчы ўсе ўдзельнікі атрымалі дыскі з фільмам.
У канцы мерапрыемства адбылася кароткая прэзентацыя відэаархіва былых вязняў ГУЛАГа, якую правяла каардынатарка кампаніі «Пакаянне» аргкамітэта БХД Валерыя Чарнаморцава.
Наступную прэзентацыю дакументальнага фільма «Лінія Сталіна - Гомельскі рэгіён» плануецца правесці ў Менску.
Фільм «Лінія Сталіна - Гомельскі рэгіён» заснаваны на ўспамінах жыхароў розных раёнаў Гомельскай вобласці, якія памятаюць часы сталінскіх рэпрэсій і страцілі падчас гэтых рэпрэсій сваіх сваякоў.
За час здымак аўтары фільма атрымалі дакументальныя паказанні ад сотняў жыхароў Гомельшчыны. Грунтуючыся на гэтых успамінах пра жахлівыя злачынствы 1930-1953-х гадоў, аўтары фільма сцвярджаюць, што «Лінія Сталіна» - гэта не абарончы рубеж у Менскай вобласці, а лінія тэрору і рэпрэсій таталітарнай улады супраць уласнага народа, якая прайшла амаль праз кожную сям'ю і працягваецца да нашых дзён.
Нагадаем, першапачаткова прэзентацыю фільма планавалася правесці ў канферэнц-зале гомельскай гасцініцы «Турыст», але за 3 дні да мерапрыемства кіраўніцтва гасцініцы нечакана скасавала дамову, спаслаўшыся на запланаваны рамонт.