Суд вырашыў канфіскаваць офіс «Вясны»
4- 6.07.2012, 17:51
Пра гэта паведаміла Наталля Пінчук, жонка кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага.
«На гэтым тыдні Партызанскі суд Менска вырашыў канфіскаваць кватэру, дзе працавала «Вясна», а таксама частку прыватнай маёмасці. Гэта рашэнне будзе абскарджвацца», - паведаміла жонка палітвязня «Радыё Свабода».
У Партызанскім судзе Менска паведамілі, што рашэнне суд прыняў 4 ліпеня, і яно выслана Алесю Бяляцкаму ў калонію.
Праваабаронца з «Вясны» Валянцін Стэфановіч паведаміў, што пра рашэнне суда там нічога не ведаюць: «Офіс працягвае працаваць».
Кіраўнік «Вясны» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці за ўтойванне даходаў і адбывае пакаранне ў Бабруйскай калоніі. Бяляцкі сваёй віны не прызнаў і заявіў у судзе, што атрыманыя ім з-за мяжы грошы ішлі на дапамогу рэпрэсаваным. Праваабаронцы прызналі Алеся Бяляцкага палітвязнем.