16 траўня 2024, Чацвер, 1:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пётра Садоўскі: «Канцэрт, фарс, фальсіфікацыя»

36
Пётра Садоўскі: «Канцэрт, фарс, фальсіфікацыя»

«Выбары» ў Беларусі праходзяць з году ў год, як пры Гітлеру і Сталіну.

Сёння інтэрв’ю сайту charter97.org даў беларускі мовазнаўца, дыпламат, дэпутат парламента ў 1991-1995 гадах Пётра Садоўскі.

- Ці заўважылі вы выбарчую кампанію ў Менску?

- Заўважыў толькі адзін раз, калі ішоў на Камароўку. Стаяла два пікеты. Някляеўцы збіралі подпісы, а «рымашэўскія» агітавалі за байкот. Гэта ўсё, што бачыў. Больш нідзе нічога не траплялася.

- Вы доўгі час жылі ў Нямеччыне. Ці карэктна параўноўваць беларускія «выбары» і нямецкія?

- Некарэктна, таму што там усё інакш. Бо кандыдаты партыі чыноўнікаў, якая сфармавала ўрад, і апазіцыйныя  - усе маюць аднолькавыя правы.

- Як на вашую думку, ці здагадваюцца немцы пра асаблівасці нашых «выбараў»?

- Ёсць некаторыя спецыялісты, якія пішуць пра Беларусь. Але ў асноўным немцы гэтым не надта цікавяцца, ім хапае сваіх клопатаў. Нядаўна вядомы палітолаг Аляксандр Рар згадваў шведскіх мядзьведзяў і павучаў нас, як праводзіць выбарчую кампанію, але ён атрымлівае заробак у «Газпроме» ў Расіі, таму выказвае прарасейскую пазіцыю. Усе астатнія артыкулююць пазіцыю Эўрапарламенту і Эўразвязу.

- Як вы ўспрымаеце ўдзел у «выбарах» пры наяўнасці палітвязняў у нашай краіне?

- Некалі ж усе пагаджаліся, што перадумова ўдзелу ў «выбарах»  - гэта вызваленне палітвязняў. А цяпер некаторыя - Мілінкевіч і «Справядлівы свет» - заплюшчылі вочы на гэта. Урэшце, і Эўразвяз, і Катрын Эштан, і ўсе астатнія ўвесь час сцвярджаюць, што вызваленне палітвязняў - гэта будзе ўмова далейшых перамоў, кантактаў.

- Як гэтыя «выбары» могуць паўплываць на грамадзянскую пазіцыю беларусаў?

- Я не думаю, што яна зменіцца. Для перамен трэба нейкі зрух у грамадстве, я пакуль што яго не бачу. Адзінае, што, можа, на некаторыя ўчасткі прыйдзе мала людзей. І калі гэта будзе відавочна, можа разгарэцца скандал, што прывядзе, не скажу да супраціву, а да нязгоды, абурэння ў грамадстве. Мажліва, нейкія мікразрухі ў грамадстве будуць, якія не знаходзяцца пад уплывам апазіцыі. Але гэта вельмі хісткія меркаванні.

- Як гэта можа паўплываюць на згуртаванне  дэмакратычных сіл?

- Як тут можна гаварыць пра нейкае згуртаванне! Калі некаторыя таварышы, я маю перш за ўсе на ўвазе Мілінкевіча, які лічыць сябе ледзь не нацыянальным лідарам, удзельнічае у гэтым фарсе. У гэтым ёсць нейкая фантасмагорыя, амаральнасць. Як вам сказаць, у добрым салоне грамада нейкаму паскуднаму чалавеку не паціскае руку. Вось гэта той выпадак. Пра якое аб'яднанне можна весці гутарку!?

- Якім чынам мы зараз можам давесці, што «выбары» сфальсіфікавалі?

- Я ў свой час прапанову такую рабіў: трэба ўзяць тры ўчасткі ў адной акрузе. Там, дзе ёсць актывісты, там, дзе можна зрабіць тэхнічна кантроль і паказаць, што не прыйшло столькі людзей, а вынік, быццам людзі прыйшлі. Мне здаецца, што калі такі мікраманіторынг правесці, то гэта мела б вынік, таму што ўсё не ахопіш. Трэба не замахвацца на вялікую тэрыторыю, а ўзяць 1-3 ўчасткі.

Звыкліся людзі з гэтым рэжымам. У мяне асабісты досвед. Я быў назіральнікам, калі выбіраўся Лукашэнка, Гайдукевіч і Ганчарык. На нашым участку Ганчарык набраў 47%, Лукашэнка - 41%. Гэта было  засведчана назіральнікамі. Але камісія пратакол не падпісала. Мы зрабілі фотаздымкі. Прысутнічалі і замежныя журналісты, а назаўтра намеснік Ярмошынай сказаў, што нідзе Ганчарык не перамог. Я сам быў сведкам, і не толькі я. Вось такая наша рэчаіснасць. І неяк усё гэта праходзіць.

- Калі вы чуеце словазлучэнне беларускія «выбары», якія вашы асацыяцыі?

- Канцэрт, фарс, фальсіфікацыя. Гэта ж з году ў год! Гэта ўсё як пры Гітлеру, як пры Сталіну, як пры камуністычнай партыі…

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках