27 красавiка 2024, Субота, 20:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амбасада Эстоніі 21 жніўня пачне выдаваць шведскія візы

Амбасада Эстоніі 21 жніўня пачне выдаваць шведскія візы

Амбасада Эстоніі з сённяшняга дня афіцыйна прадстаўляе інтарэсы Швецыі ў візавых пытаннях у Беларусі.

Амбасада Швецыі, у сваю чаргу, будзе прадстаўляць інтарэсы Эстоніі ў такіх краінах, як Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка і Куба. Гэта прадугледжана дамовай, якую заключылі ўрады Швецыі і Эстоніі.

Дакументы на прадастаўленне шведскай візы беларускім грамадзянам амбасада Швецыі скончыла прымаць 17 жніўня.

Заўтра, 21 жніўня, выдачу шведскіх віз пачне ажыццяўляць амбасада Эстоніі. Уся неабходная інфармацыя аб заяўке на візу і консульскіх пытаннях размешчана на афіцыйным сайце эстонскага дыппрадстаўніцтва ў Менску.

Заяўкі для атрымання віду на жыхарства і дазволу на працу ў Швецыі можна падаваць у электронным выглядзе праз сайт міграцыйнай службы Швецыі, перадае БелаПАН.

Магчымыя інтэрв'ю і кантроль дакументаў грамадзян Беларусі з 21 жніўня будзе праводзіць амбасада Швецыі ў Маскве. Там жа можна будзе пакінуць свае біяметрычныя дадзеныя для атрымання карткі. Заяўнікі таксама будуць мець магчымасць падаць папяровую заяўку непасрэдна ў амбасадзе Швецыі ў Маскве, паведамляе сайт шведскай амбасады ў Беларусі.

Беларуска-шведскі канфлікт разгарэўся пасля таго, як 1 жніўня ўлады Беларусі апавясцілі Швецыю аб непадаўжэнні акрэдытацыі амбасадару Стэфану Эрыксану. Шведскага дыпламата абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасці.

У адказ на гэта шведскія ўлады заявілі, што не прымуць новага амбасадара Беларусі, і рэкамендавалі двум супрацоўнікам беларускай амбасады пакінуць Стакгольм.

8 жніўня МЗС Беларусі абвясціла пра адкліканне ўсіх супрацоўнікаў беларускай амбасады ў Стакгольме. Шведскаму боку рэкамендавана распачаць аналагічныя меры і адклікаць ўсіх сваіх дыпламатаў з Менска да 30 жніўня.

Еўразвяз асудзіў дзеянні афіцыйнага Менска ў дачыненні да Швецыі. 10 жніўня Камітэт па палітыцы і бяспецы Савета ЕЗ правёў пазачарговае пасяджэнне, па выніках якога было заяўлена: з улікам дыпламатычнага канфлікту паміж Беларуссю і Швецыяй у кастрычніку ЕЗ прыме рашэнне аб абмежавальных мерах у дачыненні да беларускіх улад.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках