29 красавiка 2024, панядзелак, 1:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Казлоў: Адзіным спосабам барацьбы стаў байкот

21
Мікалай Казлоў: Адзіным спосабам барацьбы стаў байкот

Сярод тых, хто зарэгістраваны кандыдатам у «дэпутаты», - падпалкоўнік міліцыі, сябар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў.

Менавіта ён два гады таму са старонак «Народной воли» распавёў аб скандальным факце фальсіфікацыі вынікаў датэрміновага галасавання ў «палату прадстаўнікоў» у верасні 2008 года.

Мікалай Казлоў стаў сведкай таго, як пасля закрыцця ўчастка, на якім ён нёс дзяжурства, члены выбарчай камісіі ўкідвалі ў апячатаную скрыню бюлетэні. Аб гэтым факце падпалкоўнік міліцыі паведаміў свайму кіраўніцтву, патрабаваў разгляду, але замест гэтага быў вымушаны сысці з органаў.

- Для мяне рашэнне акруговай камісіі па Коласаўскай выбарчай акрузе Менска, шчыра кажучы, нечаканае, - прызнаецца Мікалай. - Думаў, што ўсіх спікераў АГП не зарэгіструюць. Ні для каго не было сакрэтам, што наша партыя выступае за байкот «выбараў» і ў апошні момант усё зарэгістраваныя ў кандыдаты сябры партыі здымуць свае кандыдатуры. Мы не хавалі, што будзем заклікаць да байкоту «выбараў» і падчас агітацыі.

- Можа, зменіце сваё рашэнне, паспрабуеце пазмагацца за «дэпутацкі» мандат?

- Не. Гэта будзе непрыстойна ў адносінах да калег па партыі і несумленна перш за ўсё ў адносінах да тых, хто сёння знаходзіцца за кратамі па палітычных матывах. Акрамя таго, бескарысна. Я на ўласным вопыце пераканаўся, што галасы выбаршчыкаў у нас па-сапраўднаму не лічаць.

- Вы малады сімпатычны мужчына, працавалі ў крымінальным вышуку. Мне здаецца, шанцы перамагчы ў вас ёсць, нягледзячы ні на што...

- Можа быць. Але я імі не скарыстаюся... Спікеры АГП салідарныя ў сваім рашэнні байкатаваць «выбары». Гэта выразная пазіцыя, з якой я згаджаюся.

- Наступны этап перадвыбарнай кампаніі - агітацыя. З чым пойдзе да выбаршчыкаў кандыдат Казлоў?

- Галоўнае - растлумачыць людзям, што мы павінны разам змагацца за свае канстытуцыйныя правы, у тым ліку і за права выбіраць, якога нас фактычна пазбавілі, бессаромна фальсіфікуючы выбары на працягу многіх гадоў. Маё сцвярджэнне заснавана не на тэарэтычных выкладках, а на асабістым вопыце. Я бачыў, як фальсіфікуюцца «выбары», і як мог спрабаваў гэтаму супрацьстаяць. Не атрымалася. Затое стала зразумела, што фальсіфікацыямі займаецца ўся дзяржаўная вертыкаль, а не асобныя людзі на асобных участках.

У цяперашняй выбарчай кампаніі адзіным дзейсным спосабам барацьбы з'яўляецца байкот. Толькі адмовіўшыся ад удзелу ў выбарчым фарсе, у які нас збіраюцца прыцягнуць, мы выразна прадэманструем адзін аднаму і ўсяму свету, што мы не насельніцтва, а грамадзяне сваёй краіны. Такім чынам мы прадэманструем і сваю салідарнасць з палітвязнямі, якія да гэтага часу знаходзяцца за кратамі толькі за тое, што больш актыўна, чым іншыя змагаліся за нашы з вамі правы.

- Вырашылі, у якім фармаце і як будуць праходзіць вашы сустрэчы з выбаршчыкамі?

- Калі шчыра, пакуль пра гэта не думаў. Галоўным на першым этапе было зарэгістравацца, сабраць подпісы і г.д. Што датычыцца агітацыі, неабходна, каб яна была эфектыўнай. Будзем вырашаць, ці варта праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі або досыць абмежавацца выступамі ў СМІ. Ужо, дарэчы, вядома, калі гэтыя выступы адбудуцца. Адразу пасля рэгістрацыі мы, кандыдаты, цягнулі жэрабя. Мне выпаў выступ на Радыё «Сталіца» 30 жніўня ў 17.40, на тэлебачанні - 7 верасня, у рэйтынгавы час - 19.05. Запрашаю ўсіх уключыць у гэтыя дні радыё і тэлевізар.

«Калі няма магчымасці адкрыта супрацьстаяць бязмежжу - сабатуйце яго»

Падпалкоўнік Мікалай Казлоў дае людзям у пагонах некалькі саветаў, як паводзіць сябе ў перыяд цяперашняй выбарчай кампаніі:

- Трэба дзейнічаць строга ў адпаведнасці з законам. Памятаць, што ўсе грамадзяне нашай краіны, уключаючы вас саміх, маюць гарантаваныя Канстытуцыяй правы, і ваш абавязак іх ахоўваць. Не выконваць незаконныя, злачынныя загады. Калі няма магчымасці адкрыта супрацьстаяць бязмежжу - сабатуйце яго. Часта вашымі рукамі спрабуюць рабіць самую брудную працу, самі застаючыся ў цені. Няхай робяць самі. Калі вам загадваюць складаць відавочна сфальсіфікаваныя дакументы, пратаколы - адмаўляйцеся. Калі няма сіл супрацьстаяць - пішыце ад імя таго, хто аддаў загад, хай сам падпісвае. Убачыце, якія метамарфозы пачнуцца. Пры ахове скрыняў для галасавання на выбарчых участках памятаеце, што старшыня камісіі не з'яўляецца вашым начальнікам і не можа аддаваць вам распараджэнні і кіраваць вашымі дзеяннямі, што б з гэтай нагоды ні казалі пры правядзенні інструктажу. Ваша задача - не дапусціць злачынстваў, а фальсіфікацыя «выбараў» - злачынства. Скрыня для галасавання павінна заўсёды знаходзіцца ў поле вашага гледжання, усе астатнія праблемы няхай вырашаюць мабільныя нарады Дэпартамента аховы і патрульнай службы.

Не бойцеся не хадзіць на датэрміновыя «выбары». Калі вам усё-такі загадаюць, а вам абавязкова загадаюць, то праігнаруйце - падобныя загады незаконныя. Займіцеся лепш прыемнымі справамі - усё роўна ніхто гэта не праверыць, хоць вас будуць пераконваць у адваротным.

І яшчэ хачу пажадаць, каб кожнаму з вас хапіла сіл застацца прыстойным чалавекам і захаваць самапавагу і чалавечую годнасць.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках