3 траўня 2024, Пятніца, 17:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Вайтовіч: На «выбарах» няма ні аб’ектыўнасці, ні празрыстасці

2
Аляксандр Вайтовіч: На «выбарах» няма ні аб’ектыўнасці, ні празрыстасці

Удзельнічаць у «выбарах» няма сэнсу, бо Лукашэнка ўжо агучыў іх вынікі.

Сёння суразмоўца сайта charter97.org - навуковец, палітык і грамадскі дзеяч Аляксандр Вайтовіч.

- Як вы ацэньваеце сёлетнюю выбарчую кампанію?

- Я не хачу гаварыць, як гэтая кампанія развіваецца ў параўнані з папярэднімі кампаніямі, таму што гэта амаль ні на што не ўплывае. Усё ўжо, як кажуць, прадугледжана.

- Пэўны час вы былі старшынём «савету рэспублікі», працавалі ўнутры гэтай сістэмы. Як вы ацэньваеце працу «палаткі»?  

- У тыя гады мы прымалі мадэльныя законы і мадэльныя кодэксы ў рамках парламенцкай асамблеі СНД. Быў зацверджаны і закон аб выбарах. Ён істотна адрозніваўся ад нашага Выбарчага кодэкса. І вось я думаў, што калі мы прынялі закон там, у міжпарламенцкай асамблеі СНД, то тут, у Беларусі, зробім папраўкі ў Выбарчым кодэксе і прывядзем яго ў адпаведнасць з мадэльным кодэксам, рэкамендаваным краінамі садружнасці. Не памятаю дакладна, з кім я тады размаўляў, можа, нават з Ярмошынай, сказаў, што вось такая розніцца назіраецца, што трэба прыводзіць у адпаведнасць. Але я быў наіўным чалавекам. А потым я зразумеў, што ніхто не збіраецца дастасоўваць выбарчы кодэкс. У нас у кодэксе вельмі шмат хібаў, і пакуль яны не будуць выпраўленыя, то ніякага празрыстага выбарчага працэсу не будзе ў краіне.

- Назавіце некалькі з гэтых хібаў.

- Гэта і допуск наглядальнікаў да працэсу падліку галасоў, і прынцыпы фармавання выбарчых камісій. Цяпер я ўжо так адразу і не ўспомню, але ніхто так і не сабраўся зблізіць наш кодэкс з тым мадэльным.

-  Дык чым займаюцца «дэпутаты» «палаткі»?

- Я лічу, што для Беларусі нам дзве палаты ўвогуле не патрэбны, нам дастаткова аднапалатнага парламенту. Краіна маленькая, ніякіх такіх рэгіянальных асаблівасцяў няма. Я разумею, калі краіна вялікая, то гэта карысна мець яшчэ адну палату, дзе рэгіёны прадстаўленыя. А ў нас што Гомель, што Віцебск - амаль ніякай розніцы. У нас дзяржава з аднароднымі кліматычнымі, геаграфічнымі варункамі, таму не патрэбныя нам дзве палаты.  

- Як навукоўца, скажыце, які каэфіцыент карыснага дзеяння гэтай «палаты»?

- У мяне такое ўражанне, што ні «палата прадстаўнікоў», ні «савет рэспублікі» не ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы законапраектаў. Вось калі я быў старшынём «савета рэспублікі», мы паспрабавалі толькі адзін законапраект, які ў нас быў распрацаваны, вынесці на разгляд, і то няўдала гэта скончылася. Калі параўноваць з расійскай Думай, то там дастатковы працэнт законапраектаў рыхтуецца парламентам, і яны іх разглядаюць. А ў нас усе законапраекты рыхтуюцца «законатворчым» цэнтрам пры прэзідэнце краіны. А «дэпутаты» ў падрыхтоўцы законаў удзелу не прымаюць, хаця гэта адзін з іх канстытуцыйных абавязкаў. Значыць, застаецца толькі разгляд гэтых законапраектаў. Калі «савет рэспублікі» не падтрымае нейкі закон, прыняты «палатай прадстаўнікоў», то будуць кансультацыі, а калі кансультацый не будзе, то законапраект вяртаецца ў «палату» і там павялічаным складам прымаецца.

- У нас сёлета шмат летуценнікаў і максімалістаў, якія спадзяюцца нейкім чынам пратачыцца ў «палатку». На вашую думку, гэта магчыма?

- Я вам ужо сказаў, што выбарчы працэс непразрысты, вельмі шмат прэтэнзій да працэсу падліку галасоў.  Няма ні аб'ектыўнасці, ні празрыстасці. Кожны з нас чуў, як Лукашэнка заявіў, што трэба абвясціць вось такія вынікі «выбараў». Гэта на ўвесь свет сказаць такое! Такія і аб’явілі.

- Дык што рабіць людзям з актыўнай грамадскай пазіцыяй?

- Я цяпер не думаю пра тактыкі… Адзінае, у чым перакананы, што трэба старанна аналізаваць, тое што адбудзецца.

- Ці самі вы пойдзеце на «выбары»?

- Не, не, не, не пайду!

- А выбарцам што параіце?

- Добра падумаць і прыняць слушную пастанову!  

- Што зменіцца ў жыцці беларусаў пасля «выбараў»?

- Нічога не зменіцца. Будзе тое, што і было.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках