27 красавiка 2024, Субота, 9:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Газпрам» выкупіць беларускія незалежныя СМІ?

48
«Газпрам» выкупіць беларускія незалежныя СМІ?

Прадстаўнікі ААТ «Белтрансгаз» пачалі звяртацца ў рэдакцыі недзяржаўных СМІ.

Яны прапануюць заключыць дамовы на размяшчэнне рэкламы. Пры гэтым, спасылаючыся на ўнутраныя патрабаванні свайго новага ўладальніка, расейскага «Газпрама», яны просяць даць падрабязныя звесткі пра заснавальнікаў і уласнікаў СМІ, уключаючы канчатковых бенефіцыяраў (тых, хто атрымлівае дывідэнды), піша «Наша Нiва».

Гэта незвычайна: звыклыя рэкламадаўцы проста даюць рэкламу - ці не даюць. А навошта рэкламадаўцу ведаць адносіны ўласнасці ў выданні?

У звароце за подпісам начальніка ўпраўлення «Белтрансгаза» А. В. Курзава прапануецца запоўніць форму, якая змяшчае інфармацыю аб імёнах, прозвішчах, хатніх адрасах і кантактных тэлефонах кіраўнікоў, акцыянераў і бенефіцыяраў беларускіх СМІ.

Таксама ўтрымліваецца просьба даслаць копію старонак статута арганізацыі з указаннем яе ўладальнікаў і копію загаду аб прызначэнні на пасаду кіраўніка прадпрыемства.

Такім чынам, «Белтрансгаз» прапануе выйсці далёка за межы традыцыйнага для рэкламных спраў прадастаўлення копій пасведчання аб рэгістрацыі прадпрыемства-заснавальніка і пасведчання аб рэгістрацыі СМІ. Чаму?

Міжволі прыгадваецца, што ў дзелавой практыцы за зборам звестак аб уласніку таго ці іншага актыву часта ідзе прапанова аб яго набыцці. У выпадку з беларускімі СМІ і «Белтрансгазам» («Газпрамам») верагоднасць такога сцэнару падсілкоўваецца цэлым шэрагам дадатковых абставінаў. Дыверсіфікаваны бізнэс расейскага газавага манапаліста даўно ўжо не абмяжоўваецца толькі энергетычным сектарам. Напрыклад, з 1998 года дзейнічае холдынг «Газпрам-Медыя», якому сёння належаць дзесяткі тэле-і радыёканалаў, газет, часопісаў, а таксама інтэрнэт-парталаў Расеі і краін былога СССР.

Дастаткова ўзгадаць такія папулярныя СМІ, як НТВ, НТВ-Плюс ці радыёстанцыя «Эхо Москвы».

Існаванне медыйнай кампаніі «Газпрама» само сабой апраўдвае магчымыя спробы прыкупіць некаторыя СМІ ў суседняй Беларусі.

Цалкам адпавядаюць яны і стратэгіі Крамля, якому падкантрольны «Газпрам», распаўсюдзіць уплыў на суседнія краіны. Прычым як раз апошняя акалічнасць здольна стаць асноўнай прычынай такіх спробаў.

З пункту гледжання эканомікі, актывы беларускіх недзяржаўных СМІ не ўяўляюць асаблівай цікавасці для інвестараў, так як іх рэнтабельнасць (нават у самых паспяховых і папулярных), як правіла, не перавышае 5-10%.

Многія ж наогул з году ў год балансуюць на мяжы банкруцтва і выжываюць выключна дзякуючы фінансавым уліванням заснавальнікаў або спонсараў. Затое набыццё недзяржаўных СМІ Беларусі, якім найбольш давярае электарат краіны, здзейсніла б даўнія мары Крамля займець яшчэ большы ўплыў на беларусаў. Для такой мэты не шкада выдаткаваць пэўную колькасць мільёнаў даляраў.

Хутчэй за ўсё, сярод заснавальнікаў беларускіх прыватных СМІ знойдуцца тыя, хто не ўтрымаецца ад спакусы прадаць свой «галаўны боль» багатаму пакупніку, які гатовы прапанаваць сумы з пяццю-шасцю нулямі. Гэта цалкам верагодна, калі ўлічыць пакупніцкую здольнасць «Газпрама».

У мінулым годзе толькі ў «Газпрам-Медыя» кансалідаваная выручка склала 46,876 млрд. RUB, або больш за 1,5 млрд. даляраў.

Па словах уласнікаў некаторых уплывовых выданняў, яшчэ некалькі гадоў таму чыноўнікі беларускага ўрада неафіцыйна папярэдзілі іх аб тым, што будуць перашкаджаць магчымым здзелкам па продажы актываў расейцам. Аднак з тых часоў шмат што змянілася, і сёння Крэмль як ніколі займеў моцны ўплыў на кіраўніцтва Беларусі. На гэтым фоне запал у абароне нацыянальных інтарэсаў моцна аслабеў.

Копія звароту «Белтрансгаза», аб якім гаворка.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках