27 красавiка 2024, Субота, 10:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БАЖ накіравала ў КДБ подпісы за спыненне справы Сурапіна

2
БАЖ накіравала ў КДБ подпісы за спыненне справы Сурапіна

У кампаніі ў абарону фатографа прынялі ўдзел шматлікія беларускія і замежныя журналісты.

Копіі запоўненых падпісных лістоў за спыненне крымінальнай справы супраць фотажурналіста накіраваны таксама ў Генеральную пракуратуру, паведамляе прэс-служба БАЖ.

Кампанію ў абарону палітвязня Антона Сурапіна БАЖ пачала 14 жніўня. За тры дні ў падтрымку журналіста і стваральніка сайта bnp.by адгукнуліся дзесяткі галоўных рэдактараў беларускіх і замежных выданняў, вядомыя медыяперсоны, а таксама проста неабыякавыя людзі.

17 жніўня, праз тры дні пасля пачатку кампаніі, следчыя КДБ прынялі рашэнне вызваліць фатографа з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе. Тым не менш, збор подпісаў быў працягнуты - зараз ужо за спыненне крымінальнага пераследу журналіста.

Подпісы пад зваротам ставілі людзі з Менска, Магілёва, Крычава, Бабруйска, Смалявічаў, Светлагорска, Маладзечна, Клімавіч, Дзяржынска, Наваполацка, Чэрыкава, Ваўкавыска і іншых гарадоў Беларусі.

Замежныя грамадзяне накіроўвалі запоўненыя бланкі петыцый наўпрост на адрасы Генпракуратуры і КДБ Рэспублікі Беларусь, таму падлічыць іх дакладную колькасць немагчыма. У акцыі салідарнасці прынялі ўдзел і кіраўніцтва Міжнароднага інстытута прэсы (IPI).

Некаторыя замежныя падпісанты слалі запоўненыя лісты ў адрас БАЖ - напрыклад, Уільям Хорс, старшыня Брытанскай секцыі Асацыяцыі еўрапейскіх журналістаў. Сярод вядомых замежных персон-падпісантаў таксама ёсць вядомы расейскі пісьменнік, журналіст і блогер Аляксей Кунгур.

14 верасня сябры БАЖ падвялі вынікі кампаніі і накіравалі ўсе сабраныя подпісы за спыненне крымінальнай справы ў КДБ і Генеральную пракуратуру.

«Салідарнасць можа прыносіць плады, - перакананы кіраўнік кампаніі, член праўлення БАЖ Аляксандр Коктыш. - Вядома, можна пажартаваць - маўляў, БАЖ абвясціла кампанію, і праз некалькі дзён выпусцілі Сурапіна. Тым не менш, так і здарылася! І што асабіста мяне парадавала - ні адзін прадстаўнік рэгіянальных ці цэнтральных выданняў, да якіх я, як кіраўнік гэтай ініцыятывы звяртаўся, не адмовіўся паўдзельнічаць. Людзі казалі: сёння - Сурапін, а заўтра на яго месцы можам апынуцца мы. Я абсалютна перакананы, што сабрана было б і больш подпісаў, але запал пасля вызвалення Антона, натуральна, пайшоў на спад».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках