29 красавiка 2024, панядзелак, 12:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нафтавы афшор абрынецца ў канцы года

36
Нафтавы афшор абрынецца ў канцы года

Абмежаванне экспарту паліва з Расеі прывядзе да калапсу беларускай эканомікі.

Скарачэнне Расеяй паставак сырой нафты ў Беларусь на 1,3 млн тон у 4-м квартале бягучага года можа апынуцца не апошняй дрэннай навіной для беларускага нафтавага афшора і ў цэлым усёй сацыяльна-накіраванай эканомікі, якая ўжо перажывае ўзрушэнне ад замарожвання бяспошліннага экспарту нафтапрадуктаў пад выглядам растваральнікаў, піша АФН.

Як паведамляе РБК daily, на ўрадавай камісіі па ТЭКу у мінулы панядзелак кіраўнік Мінэнерга РФ Аляксандр Новак паведаміў, што з-за росту попыту на паліва і прыпынення на рамонт шэрагу НПЗ, магчыма ўзнікненне лакальнага рэгіянальнага дэфіцыту аўтабензіну ў кастрычніку-лістападзе, а аб'ём нафтапрадуктаў на нафтабазах апусціцца да мінімуму.

У сувязі з гэтым Мінэнерга РФ рэкамендавала нафтавым кампаніям да канца года павялічыць аб'ём таварных запасаў і паставак аўтабензіну на ўнутраны рынак за кошт абмежавання экспарту паліва, уключаючы пастаўку на ўласныя сеткі АЗС за мяжой.

Акрамя павелічэння максімальнай загрузкі НПЗ (да 90%) Мінэнерга РФ разглядае варыянт адмены кампенсацыі акцызу і ПДВ для экспарцёраў у выпадку экспарту нафтапрадуктаў у краіны - члены Мытнага саюза. Не выключана прымяненне толінгавай схемы перапрацоўкі расейскай нафты на беларускіх НПЗ.

Але калі для Расеі будучы дэфіцыт, на думку экспертаў, абернецца толькі нязначным ростам коштаў на бензін, то для Беларусі скарачэнне паставак сырой нафты разам з прапанаванымі Мінэнерга РФ мерамі могуць стаць магутным каталізатарам новага валютнага, а затым і эканамічнага крызісу.

Як вядома, плыўная ліквідацыя ў чэрвені-ліпені звышпрыбытковай схемы бяспошліннага экспарту нафтапрадуктаў пад выглядам растваральнікаў ужо прывяла да таго, што рост ВУП Беларусі запаволіўся з 2,8% па выніках паўгоддзя да 2,5% за 8 месяцаў бягучага года. Ужо ў жніўні прафіцыт бягучага рахунку знешнегандлёвых аперацый - чым так пышыліся беларускія чыноўнікі - змяніўся на дэфіцыт.

У 4-м квартале сітуацыя значна пагоршыцца. У цяперашні час унутраны попыт у РБ задавальняецца ў асноўным за кошт імпартаваных з РФ нафтапрадуктаў (схема замяшчэння), што ў сваю чаргу дазваляе падтрымліваць на максімальна магчымым узроўні экспарт вырабленых на беларускіх НПЗ нафтапрадуктаў у краіны ЕЗ. Прапанаваная Мінэнерга РФ адмена кампенсацыі акцызу і ПДВ для расейскіх экспарцёраў зробіць стратным імпарт расейскіх нафтапрадуктаў у Беларусь і фактычна вымусіць улады РБ задавальняць унутраны попыт на бензін за кошт зніжэння экспартных паставак.

Адмоўна на аб'ёмы экспарту нафтапрадуктаў на межы МС паўплывае больш актыўнае прымяненне толінгавай схемы перапрацоўкі нафты, паколькі частка вырабленых нафтапрадуктаў будзе пастаўляцца на расейскі рынак (з-за дэфіцыту), а ў гэтым выпадку ў параўнанні з экспартам у ЕЗ будзе працаваць зусім іншая матэматыка рэнтабельнасці.

Дадаўшы ў агульны кацёл зніжэнне паставак нафты на 1,3 млн. тон, на выхадзе атрымліваецца рэзкае запаволенне росту ВУП і, не выключана, адмоўнае сальда знешняга гандлю па выніках 2012 года (не кажучы ўжо пра глыбокі дэфіцыт бягучага рахунку, плацежнага балансу) з галоўным наступствам - прыкметным зніжэннем аб'ёму золатавалютных рэзерваў краіны.

У выпадку, калі прапанаваныя Мінэнерга РФ меры так і не будуць рэалізаваны, толькі адно зніжэнне паставак нафты на 1,3 млн. тон робіць невыканальным жорсткае патрабаванне А.Лукашэнкі забяспечыць 5,5% рост ВУП у 2012 годзе. Любыя спробы ўлад выканаць гэтае даручэнне прывядуць да аўтаматычнага запуску друкаванага станка на шалёных абаротах і справакуюць новую хвалю крызісу ў краіне, у параўнанні з якім падзеі 2011 года з трохразовай дэвальвацыяй нацвалюты здадуцца дзіцячым спалохам.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках