9 траўня 2024, Чацвер, 15:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мы памятаем

61
Мы памятаем

Два гады таму загінуў заснавальнік сайта charter97.org Алег Бябенін.

Алег Бябенін быў знойдзены павешаным 3 верасня 2010 года на яго лецішчы пад Менскам. Праваахоўныя органы паспяшаліся паведаміць, што гэта самагубства. Аднак смерць журналіста выклікае шмат пытанняў. Судмедэксперты блытаюцца нават у даце наступлення смерці журналіста - 2 ці 3 верасня.

Алег не пакінуў пасля сябе ніякай запіскі. Сябры і калегі журналіста, якія былі на месцы здарэння, выявілі на яго целе сляды гвалту.

Прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці кажуць пра «палітычнае забойства». Алег уваходзіў у каманду галоўнага канкурэнта Аляксандра Лукашэнкі на выбарах прэзідэнта 19 снежня - лідэра грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава. Усе памятаюць, чым скончылася супрацьстаянне з уладай для некаторых апанентаў рэжыму напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2001 года - Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Генадзя Карпенкі, Зміцера Завадскага.

З камандай Андрэя Саннікава ўлады расправіліся найбольш жорстка. Сам кандыдат у прэзідэнты быў прысуджаны да 5 гадоў турмы. Яго жонка Ірына Халіп прабыла паўтара месяца ў турме, чатыры месяца пад хатнім арыштам і асуджаная на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай. Кіраўнік выбарчай кампаніі Саннікава Зміцер Бандарэнка быў прысуджаны да 2 гадоў пазбаўлення волі, перанёс у турме аперацыю на пазваночнік. Прэс-сакратар кандыдата ў прэзідэнты Аляксандр Атрошчанкаў быў асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Актывісты штаба Саннікава таксама атрымалі тэрміны ад 3 да 4 гадоў турмы.

Сам сайт charter97.org на працягу ўсяго перадвыбарнага 2010 года падвяргаўся самаму пільнаму прэсінгу з боку ўлад. Супраць сайта і яго галоўнага рэдактара Наталлі Радзінай былі ўзбуджаныя чатыры крымінальныя справы, прайшлі 5 ператрусаў у рэдакцыі і кватэры журналісткі, канфіскаваныя 20 кампутараў. Радзіна была арыштаваная 19 снежня, правяла паўтара месяца ў турме і вымушана была бегчы з краіны напярэдадні суда. Сёння журналісты сайта працягваюць сваю працу ў Літве і Польшчы.

Наталля Радзіна, рэдактар charter97.org:

- Смерць Алега напярэдадні выбараў 2010 года зрынула ўсіх нас у шок. Гэтага ўлады і дамагаліся - напалохаць незалежных журналістаў і аказаць ціск на людзей, якія падтрымалі на гэтых выбарах кандыдатуру Андрэя Саннікава. Але ніхто з нас нават не дапусціў думкі, што можна сысці і ўсё кінуць у гэты момант. Стала зразумела, што ўлады не спыняцца ні перад чым. Нават перад забойствамі. І супрацьпаставіць гэтаму можна толькі яшчэ большую смеласць і самаахвярную працу. У памяць аб Алеге і для таго, каб дамагчыся праўды і пакарання тых, хто яго забіў.

Пасля змены ўлады мы абавязкова пазнаем праўду пра тое, як памёр наш калега. Крымінальная справа па трагічнай гібелі Алега Бябеніна будзе абавязкова ўзбуджана, і яе будуць расследаваць лепшыя крыміналісты.

Андрэй Саннікаў, лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы палітвязень і кандыдат у прэзідэнты:

- Я лічу, што павінна быць праведзена незалежнае расследаванне абставінаў гібелі Алега Бябеніна, таму што з намёкаў саміх гэбэшнікаў у СІЗА КДБ я зразумеў, што афіцыйная версія яго смерці не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю. Алег да гэтага часу працягвае заставацца са мной. У яго быў неверагодны запас энергіі, які нікуды не знік, і сёння я на многае гляджу і імкнуся глядзець яго вачыма. Вядома, яго вельмі не хапала падчас правядзення прэзідэнцкай кампаніі, але, з іншага боку, я бачыў, што ён працягвае дапамагаць, і яго погляды, яго ідэі служылі мабілізуючым фактарам для многіх нашых прыхільнікаў.

Я сёння выйшаў у інтэрнэт і знайшоў на некалькіх сайтах імя Алега, якое згадваецца ў шэрагу з самымі вядомымі змагарамі за правы чалавека і свабоду слова ў свеце. Яго ставяць у адзін шэраг з вядомымі праваабаронцамі, грамадскімі дзеячамі, лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі. Я думаю, што гэта абсалютна справядліва ў адносінах да Алега. І сёння сваім прыкладам ён працягвае тую справу, якой ён прысвяціў сваё жыццё. Светлая памяць гэтаму цудоўнаму чалавеку.

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках