26 красавiка 2024, Пятніца, 15:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рыса аселасці: жыццё менчука Леаніда Штуціна

94

Леанід Штуцін 68 гадоў жыве на Рэвалюцыйнай, 26. Нядаўна гэты дом апусцеў цалкам - яго апошняга жыхара ўсё ж такі перасялілі ў Малінаўку.

Але напярэдадні пераезду Леанід Іосіфавіч распавёў пра сваё жыццё і паказаў свой горад часопісу CityDog.by.

Апошні жыхар Леанід Штуцін.

Сям'я

Акрамя медыцынскай адукацыі, у маёй мамы была яшчэ і музычная. Яна працавала ў нямым кіно - гуляла, калі паказвалі фільмы. Бабуля, яе маці, паходзіць з сям'і заможных яўрэяў Вейцман.

Мая бабуля была вельмі багатай: яе муж, мой дзед, быў фатографам і меў асабісты дазвол Мікалая II пра фотаздымкі па ўсёй Расеі, уключаючы Прыбалтыку і Польшчу.

Бацька ў мяне з простай сям'і, працаваў наборшчыкам у друкарні. У нагрузку быў сакратаром абкама партыі Гомельскай вобласці. Ён быў вельмі здаровы чалавек - мог насіць на сабе піяніна. Ці каня.

Бацька не быў падобны на яўбрэя, яго б не сталі чапаць падчас вайны. Але заўсёды знаходзяцца людзі, якія думаюць, што застануцца жыць: бацьку проста здрадзілі. Дзе ён памёр - не вядома.

Пасля вайны мы вярнуліся ў Менск, пасяліліся ў гэтым доме. Старыя, якія жылі тут і да вайны, распавядалі, што мой прапрадзед будаваў яго. Насупраць кінатэатра «Перамога» была булачная Вейцмана.

З тых часоў шмат што мянялася. У мяне была першая жонка, дачка і сын. Яны разам ужо з яе другім мужам жылі ў гэтым жа доме, у суседняй кватэры. Потым пераехалі ў Серабранку, калі тут пачаўся капітальны рамонт у 1968 годзе. Я таксама мог вельмі выгадна перасяліцца. Але мне не хацелася. Цяпер я апошні жыхар гэтага дома, паеду адсюль апошнім.

...Жонка перажывае, а я кажу, што ў нас не бардак, а часовыя нязручнасці.

Горад

Пусты дом на замку.

Я веру ў тое, што месца і зямля нясуць сваю энергетыку. Наш дом сапраўды старажытны. Хто б да нас ні прыходзіў, нават калі на пяць хвіліначак, усе застаюцца і кажуць адно: не хочацца сыходзіць.

Калі да мяне прыязджаў брат, то гарэлкі вып'е, выйдзе, паглядзіць, пацмокае і кажа: «А дзе ж рака Няміга?» Цяпер яна працякае пад домам па трубе, амаль на дарозе.

Усю рэстаўрацыю ў нашым раёне мы назіраем кожны дзень. Напрыклад, дом, які застаўся пасля вайны на супрацьлеглым баку, доўга фарбавалі і перафарбоўвалі, клалі новыя дахі, а потым - бух за два дні, і няма. Вырашылі праблему.

«Расказвалі, што ў доме насупраць, дзе цяпер звычайная касметалогія, была жандармерыя, а ў склепе праходзілі катаванні. Наш сусед працаваў сантэхнікам, спускаўся туды. Увесь час, як вып'е, успамінаў гэта. Калі хтосьці яму не верыў, даставаў ключ і вадзіў паказаць косткі».

Вось чытаю загаловак у газеце: «Старадаўні квартал Менска адновяць у стылі мадэрн». Які мадэрн? «Даверылі гэта творчай майстэрні Дулевіча». Я б Нямігу пераназваў у яго гонар - ён яе проста знявечыў.

Прыкладна паміж сучасным будынкам Пракуратуры і кінатэатрам «Перамога» стаяла царква. Яна была напалову разбураная. Цалкам яе знеслі прыкладна ў 1946 годзе. Тут вакол былі цэрквы. Але самая вялікая стаяла на вакзале - Праабражэнскі сабор, Саветы ў 36-м узарвалі. Я потым чытаў пра таго чалавека, які ўсё гэта зрабіў, - ён дрэнна жыў, доўга прасіў прабачэнне.

Неяк мы выйшлі на вуліцу, і на Нямізе стаяў дзядуля, ён тут жыў да рэвалюцыі. Стаяў і махаў галавой. Кажа, калі б падчас вайны ведалі, што тут былі цэрквы і пад кожнай хады, можна было вывесці ўсіх менчукоў аж у Краснае, пад Маладзечна.

Мне было гадоў 15-18. У драўлянай хатцы ніжэй памёр стары, ён жыў адзін, пражыў тут вайну. Суседзі вырашылі пахаваць па-добраму. І тады высветлілася, што стары яўрэй рознымі спосабамі нахаваў кучу залатых чэрвончыкаў - зашыў гузікамі у сурдуце, засыпаў полыя трубкі жалезнага ложка. Дзед тут нарадзіўся і жыў побач з гета, мабыць, ведаў усе хады і выводзіў яўрэяў з гета на Нямізе. А яму за гэта золата давалі.

«Суседзі казалі, што раней тут была булачная Вейцмана, майго прапрадзеда. А хутка пабудуюць трохзоркавую гасцініцу».

«Пасля вайны тут была пустка, стаяў адзін танк. Ён быў нашым штабам, калі мы гулялі тут маленькія. Прыкладна на гэтым месцы цяпер юрыдычны каледж БДУ».

«Да рэвалюцыі гэта быў першы публічны дом, пра гэта ведаюць нават тыя, хто цяпер займае офісы ў гэтым доме. Але таксама гэта была «Першая савецкая гасцініца».

«Сінагога стаяла там, дзе цяпер Праектны інстытут. А на супрацьлеглым баку былі татарскія агароды. Праз іх мы бегалі да Камсамольскага возера купацца».

Думкі ўслых

Якія ў Менску гараджане? Іх жа няма. Тут жыве, напэўна, адзін адсотак тых, хто нарадзіўся ў Менску да вайны, потым нарадзіў тут дзяцей, а потым тут з'явіліся ўнукі і праўнукі.

У мяне было вельмі шмат кніг. Кнігі - галоўнае багацце. Хто цяпер гэта разумее? Едзеш у тралейбусе, пра што там кажа моладзь? З кім быў, колькі выпіў. Ні лірыкі, ні паэтыкі.

За свой горад крыўдна. Калі прыязджае нейкая гадоў 17, толькі школу скончыла, а ўжо нясе сваю культуру, кідаючы бычкі на вуліцы.

Хто прыязджае ў Меінск і ўкладае грошы, памыляецца. Парыж будаваўся тысячагоддзямі, а мы хочам за дваццаць гадоў яго зрабіць.

Калісьці пасля вайны ў гэтым доме жылі людзі сямі нацыянальнасцяў. Мы адзначалі разам усе тры Вялікадня. Тады людзі разумелі адзін аднаго: вайна ўсіх пакалечыла. А што аб'ядноўвае людзей сёння?

Бетховен не чуў, але пісаў геніяльную музыку. Нашы архітэктары добра бачаць і чуюць, але не могуць стварыць нічога добрага.

Хацелася б пражыць яшчэ гадоў дваццаць, каб убачыць, што ж, нарэшце, тут пабудуюць.

Напісаць каментар 94

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках