28 красавiка 2024, Нядзеля, 22:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Папа Рымскі паабяцаў маліцца за Беларусь

11
Папа Рымскі паабяцаў маліцца за Беларусь

Кіраўнік Каталіцкай царквы выказаў заклапочанасць справай ксяндза Лазара.

У панядзелак 30 верасня Папа Рымскі прыняў на прыватнай аўдыенцыі ў Ватыкане Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроці. Падчас сустрэчы, якая працягвалася 40 хвілін, яны вялі размову пра жыццё і перспектывы Беларусі, піша catholic.by.

Асаблівую ўвагу пантыфік прысвяціў сітуацыі, у якой знаходзіцца Каталіцкая царква ў нашай краіне, радуючыся прагрэсу ў служэнні Евангеллю на карысць усяго беларускага народа і яго культуры.

Акрамя гэтага, ён атрымаў усю інфармацыю, якую меў Апостальскі нунцый, аб становішчы святара Уладзіслава Лазара. Папа Рымскі выказаў сваю заклапочанасць і папрасіў, каб яго асабіста рэгулярна інфармавалі аб развіцці гэтай сітуацыі.

Францыск запэўніў усіх каталікоў краіны ў асаблівай блізкасці і ўвазе да гэтай далікатнай сітуацыі. Ён папрасіў свайго прадстаўніка ў Беларусі перадаць усім грамадзянам краіны цёплае прывітанне і запэўніў у сваёй малітве, павазе і сімпатыі.

У бліжэйшыя дні арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці сустрэнецца з шэрагам чыноўнікаў Ватыкана.

Нагадаем, беларускага ксяндза Уладзіслава Лазара абвінавачваюць у перадачы грошай і матэрыяльных каштоўнасцяў чалавеку, які абвінавачваецца ў шпіянажы на карысць іншай дзяржавы.

Святара абвінавачваюць па п. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве). Яго крымінальная адказнасць вызначаецца п. 6 арт. 16 КК (садзейнічанне ў злачынстве), што прадугледжвае тэрмін пакарання ад 7 да 15 гадоў. Ён утрымліваецца ў турме СІЗА КДБ у Менску. З ім павінен быў сустрэцца Клаўдыё Гуджэроцці. Пра гэта стала вядома з паведамлення 54 пленарнага пасяджэння Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, якое прайшло 12 верасня.

Пра затрыманне ксяндза стала вядома праз некалькі дзён пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка 26 ліпеня паведаміў журналістам, што супрацоўнік беларускіх спецслужбаў затрыманы за працу на замежныя дзяржавы.

Ксёндз Уладзіслаў Лазар - грамадзянін Беларусі, вучыўся ў Гродзенскай семінарыі, затым у Польшчы. У красавіку гэтага года быў прызначаны адміністратарам з правамі настаяцеля парафіі Сашэсця Духа Святога ў Барысаве. Раней служыў у Мар'інай Горцы і Рудзенску (Пухавіцкі раён Менскай вобласці).

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках