2 траўня 2024, Чацвер, 13:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сын Канаплёва купіў бар у цэнтры Менска

50

Пра сыноў віцэ-прэзідэнта Нацыянальнага Алімпійскага камітэта Беларусі і кіраўніка Федэрацыі гандбола Уладзіміра Канаплёва вядома няшмат.

У 2007-м «Народная воля» пісала, што старэйшы сын тады яшчэ старшыні «палаты прадстаўнікоў» Уладзіміра Канаплёва ў Менску бывае не вельмі часта: «Мікалай Уладзіміравіч Канаплёў працаваў прадстаўніком Ганконгскай гандлёва-прамысловай кампаніі «Глэдзіс» у Пекіне. Быў прызначаны алімпійскім аташэ беларускай алімпійскай дэлегацыі. Жанаты».

«А вось малодшы сын Уладзіміра Канаплёва жыве ў Менску. Дзяніс працуе намеснікам дырэктара па ідэалагічнай працы ў адным са сталічных рэстаранаў. Ён таксама жанаты», - паведамляла тады газета.

У 2011-м у інтэрв'ю «Народной газете», Уладзімір Канаплёў распавёў пра сваіх сыноў наступнае: «Старэйшы працуе ў Кітаі, мае там невялікі бізнес. Мікалай у дасканаласці вывучыў кітайскую мову. Малодшы сын Дзяніс - намеснік дырэктара ў адным з менскіх кафэ».

Цяпер жа гэтую сціплую біяграфічную інфармацыю можна трохі пашырыць: малодшы сын высокапастаўленай асобы стаў рэстаратарам, піша «Салідарнасць».

Нядаўна Дзяніс Канаплёў набыў папулярны бар, размешчаны ў самым цэнтры сталіцы - насупраць Кастрычніцкай плошчы, - City-cafe Boulevard.

Установа працуе ў ранейшым рэжыме. Адміністратар пацвердзіла, што новым уласнікам з'яўляецца Дзяніс Канаплёў. Акрамя таго, як паведамілі «Салідарнасці» некалькі прадстаўнікоў персаналу, там ужо бываў і сам Уладзімір Канаплёў.

Як высветлілася, малодшы сын віцэ-прэзідэнта НАКа таксама з'яўляецца ўладальнікам вядомага Pub Club Mixx, размешчанага на рагу праспекта Машэрава і вуліцы Чырвонай. На працягу апошніх месяцаў піўны рэстаран быў зачынены: перажываў рэбрэндынг. Крыху больш за тыдзень таму ён зноў запрацаваў у новым фармаце і пад назвай Wine&whiskey bar Mixx. 12 кастрычніка запланаванае яго афіцыйнае адкрыццё, на якое, як сказала карэспандэнту «Салiдарнасцi» адміністратар, трапяць толькі запрошаныя кіраўніцтвам госці.

Пагутарыць з Дзянісам Канаплёвым асабіста, каб даведацца аб «кошце пытання» новай здзелкі і не толькі, нам, на жаль, не ўдалося. Праз пасярэдніка ён перадаў катэгарычную адмову ад інтэрв'ю.

- Я перадала яму вашу просьбу. Але гэта немагчыма. Дзяніс Уладзіміравіч непублічны чалавек, і нікому і ніколі інтэрв'ю не дае, - сказала арт-дырэктар Wine&whiskey bar Mixx Аляксандра.

Адказваючы на пытанні аб двух установах, яна адзначыла, што меню прапануе наведвальнікам еўрапейскую і аўтарскую кухню. Шэф-кухар - адзін на дзве ўстановы.

Таксама некалькі крыніц паведамілі нам, што Дзяніс Канаплёў будуе рэстаран, які будзе знаходзіцца на беразе Свіслачы (паміж Нямігай і забаўляльным цэнтрам «Журавінка»). Ні пацвердзіць, ні абвергнуць гэтую інфармацыю, з-за адмовы рэстаратара ад інтэрв'ю, не ўдалося. Праўда, ускосна тое, што праект існуе, пацвердзіла суразмоўца: «Вядуцца пачатковыя будаўнічыя працы. Аб канцэпцыі рэстарана пакуль казаць рана».

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках