2 траўня 2024, Чацвер, 11:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зоркі перакідваюцца з «сур'ёзнага кіно» на серыялы

15
Зоркі перакідваюцца з «сур'ёзнага кіно» на серыялы

Джордж Лукас і Стывен Спілбэрг заявілі, што больш няма ні магчымасці, ні сэнсу рабіць сур'ёзнае кіно для пракату і пара пераходзіць на ТВ.

Канкурэнцыя сеткавых, кабельных і онлайн-каналаў у 2013 годзе дасягнула пункту, пасля якога ўсе яны вымушаныя перайсці на цэлагадовае сэрыяльнае праграмаванне. Такім чынам, сэзонаў у звыклым сэнсе больш не будзе, пішуць «Ведомости».

Рэформа пачалася 1 лютага, калі на відэасэрвісе Netflix адбылася прэм'ера палітычнага сэрыяла «Картачны дамок». Праект уразіў гледачоў драматургіяй, а прафесіяналаў рынку - нечаканай бізнэс-мадэллю. Першых зачаравала ігра Кевіна Спэйсі і рэжысура Дэвіда Фінчэра - галівудскіх волатаў, якіх яшчэ некалькі гадоў таму было немагчыма ўбачыць на ТВ. Другіх - беспрэцэдэнтны 140-мільённы бюджэт і смелая мадэль распаўсюду. Усе 13 сэрый першага сэзону былі даступныя падпісчыкам Netflix адразу. Так інтэрнэт-канал прадэманстраваў сваю галоўную перавагу перад сеткавымі і кабельнымі канкурэнтамі: ніякага тыднёвага чакання новых эпізодаў, ніякай залежнасці ад рэйтынгаў, рэкламадаўцаў і тайм-слотаў.

Не паспела публіка ачомацца ад «Картачнага дамка», як генеральны дырэктар Netflix Рыд Гасцінгс абвясціў, што кампанія будзе выпускаць пяць такіх шоў штогод. Morgan Stanley, Barclays і JPMorgan ды іншыя аналітыкі з Уолл-стрыт нават змянілі прагноз кошту акцый кампаніі - з 75 даляраў да 250.

Найбольш балюча за ўсіх ад Netflix дасталася кабельнаму каналу HBO, які першы наважыў зарабляць на высакакласных дарагіх драмах накшталт «Сэксу ў вялікім месце», «Клана Сапрана» і «Рыма». Штомесячная падпіска на HBO каштуе блізу 15 даляраў, але палову гэтых грошай забіраюць мясцовыя тэлесеткі-партнёры. Абанэмэнт на Netflix удвая таннейшы, затое кампаніі ні з кім не даводзіцца дзяліцца даходам. Каб 140-мільённы бюджэт двух першых сэзонаў «Картачнага дамка» акупіўся, шоў дастаткова прывабіць за два гады ўсяго паўмільёна новых падпісчыкаў. Для глабальнага сэрвісу, на які за апошні год толькі ў ЗША падпісалася 3 млн чалавек, гэта цалкам выканальная задача. А на канец 2012 фінансавага года аўдыторыя Netflix склала 33,3 млн чалавек - на 10 % больш, чым у HBO.

Буйныя сеткавыя каналы адказалі на бум інтэрнэт-сэрвісаў і бесперапынны рост кабельных каналаў павышэннем кошту зместу. Аднак каб спыніць канкурэнтаў, коштавага ціску ўсё адно мала - трэба пераходзіць на цэлагадовае праграмаванне эфіру, каб не заставацца без гледача ні дня ў годзе. Аналітыкі мяркуюць, што бліжэйшымі гадамі новыя сэрыялы будуць выходзіць ці не штотыдзень.

Масавы выхад

Адчуць перамены можна было ўжо гэтым летам. На канале CBS стартавала фантастычная драма «Пад купалам» - супольны праект Стывена Спілбэрга і Стывена Кінга. На Showtime - крымінальная сямейная сага «Рэй Донаван», якая прыйшла на змену супэршоў «Дэкстэр». Амэрыканскія каналы, якія перажываюць крызіс ідэй, запазычылі іх у Старога Свету. AMC зрабіў рэмэйк выдатнай брытанскай паліцэйскай драмы «Нізкае зімовае сонца». На FX выйшла адаптацыя скандынаўскага трылера «Мост», прадметам даследавання якой сталі стасункі амэрыканцаў і мэксіканцаў.

Летні эфір пакінуў быць пляцоўкай для экспэрымэнтаў: новыя сэзоны інтэлектуальных сэрыялаў «Служба навін» і «Форс-мажоры» паказалі рэйтынгі, годныя восеньскага прайм-тайма. А фінальны сэзон гангстэрскай эпапеі «Збіцца з тропу» і зусім трапіў у Кнігу рэкордаў Гінэса. Фінал гісторыі пра ператварэнне хворага на рак школьнага настаўніка ў бязлітаснага наркадзялка паглядзелі 10,3 млн гледачоў.

У траўні з грандыёзным тлумам закончыўся паказ трэцяга сэзона «Гульні пасадаў» - інтэлектуальнага фэнтэзі з непрадказальным сюжэтам. Фанаты зладзілі флэш-моб, у адзін дзень выклаўшы на YouTube сотні ролікаў з рэакцыяй іхных сяброў на самы драматычны эпізод шоў. На відэа людзі крычаць, плачуць і рвуць на сабе валасы. Пасля «Гульні пасадаў» нават скептыкам давялося прызнаць: на ТВ магчымае высокае мастацтва.

У чэрвені да дыскусіі далучыліся мастадонты Галівуду: Джордж Лукас і Стывен Спілбэрг заявілі, што больш няма ні магчымасці, ні сэнсу рабіць сур'ёзнае кіно для пракату і пара пераходзіць на ТВ. «Лінкальн», апошні оскараносны фільм Стывена Спілбэрга, ледзь не трапіў замест шырокага пракату на кабельны канал HBO. На думку класікаў, на нашых вачах кінематограф вяртаецца да сваёй першаснай забаўляльнай функцыі, а сапраўдная драматургія паволі, але пэўна выціскаецца ў тэлевізар.

Раней за Спілбэрга і Лукаса да гэтай высновы прыйшлі іхныя калегі. Марцін Скарсэзэ даўно займаецца серыялам «Прамэнадная імпэрыя» - крымінальнай драмай у духу «Хроснага бацькі». Гас Ван Сэнт удзельнічаў у праекце «Бос» - палітычнай трагедыі, антычнай сваёй структурай і выразнасцю. Майкл Ман аб'яднаўся з Дастынам Хофманом, каб зрабіць кароткае, але яскравае шоў «Шанц» - гісторыю пра чалавека, апантанага скачкамі і таталізатарам.

Наўздагон за рэжысёрамі і сцэнарыстамі на ТВ перавандроўваюць амэрыканскія і еўрапейскія зоркі. Джон Малкавіч у канцы года сыграе галоўнага героя драмы пра піратаў Карыбскага мора. Стыў Бушам ужо чатыры гады кіруе «Прамэнаднай імперыяй». У Робіна Ўільямса ў верасні выйшаў сітком «Вар'яты» - адзін з найлепшых серыялаў аб працы рэкламных агенцтваў. А ў ліпені «Картачны дамок» стаў першым у гісторыі онлайн-сэрыялам, намінаваным на тэлевізійную прэмію «Эмі». Такім чынам сэрвісы накшталт Netflix, Amazon і Hulu былі прызнаныя паўнапраўнымі ўдзельнікамі ТВ-індустрыі.

Што да адвечнай расейскай спрэчкі пра тое, ці можа акупляцца інтэлектуальная ТВ, то ў Амэрыцы і гэтае пытанне даўно развязанае. Можа, і яшчэ як. Амэрыканскі канал Sundance Channel гэтай вясной пачаў паказ уласных тэлесэрыялаў, якія мала чым адрозніваюцца ад артхаўса, прызначанага для абмежаванага пракату. Так, драму «Памылкі мінуўшчыны» шматлікія крытыкі прынялі за самую значную падзею на ТВ у гэтым годзе. Зрэшты, мы яшчэ не бачылі і паловы восеньскіх прэм'ер.

Драма для прайм-тайма

Не менш важна і тое, што сэрыялы імкнуцца дагадзіць самай рознай аўдыторыі. Прыкметнай падзеяй верасня быў сітком «Шоў Майкла Джэй Фокса», вядучы актор якога - усім знаёмы герой з трылогіі «Назад у будучыню» - хварэе на хваробу Паркінсана. Адна з галоўных прэм'ер кастрычніка - дэтэктыўны серыял «Жалезны бок». Яго персанаж прыкаваны да інваліднага крэсла, а волі да жыцця ў ім больш, чым ва ўсіх амэрыканскіх супэргерояў.

Нават звыклыя баевікі і жахі гэтай восенню імкнуцца перайсці на новы ўзровень драматургіі. У лістападзе выйдзе футурыстычны серыял пра паліцыянтаў «Амаль чалавек», што адсылае гледача да класікі гуманістычнай фантастыкі - «Бягун па лязе». Тады ж адбудзецца прэм'ера «Дракулы» - шоў, якое паспрабуе вырваць вампіраў з разнастайных падлеткавых «Прыцемкаў» і вярнуць іх у фармат трагедыі, апісаны Брэмам Стокерам.

Імкненне да больш сур'ёзнай драматургіі, на думку прэзідэнта кампаніі «Амед» Аляксандра Акопава, прасочваецца і на расейскай ТВ. «На тым жа Першым канале пасля вечаровага традыцыйнага прайм-тайма ідуць даволі смелыя экспэрымэнты: напрыклад, «Цёмны бок Месяца» і «Кароткі курс шчаслівага жыцця», - адзначае ён. Праблема, з ягоных слоў, у браку эстэтычнай волі ў тых, хто адказвае за прапанову: «Адпавядаць узроўню заходніх серыялаў нам пакуль перашкаджае зашоранасць істотнай часткі нашых кінематаграфістаў, якія аб тэлевізійнай драматургіі чулі, але па-ранейшаму арыентаваныя на тое, што яны называюць «вялікім кіно». Праблема ў тым, што вялікае яно толькі таму, што ідзе на вялікіх экранах. Колькасцю думак і мастацкага майстэрства 90 % гэтага прадукту абсалютна нічога не вартыя», - упэўнены Акопаў.

Тым не менш гэтай восенню выйдзе некалькі высокабюджэтных сэрыялаў, якія, магчыма, зацікавяць гледачоў, распешчаных замежнымі ўзорамі. Канал «Расія 1» рыхтуе ўласны адказ брытанскаму «Шэрлаку» і амэрыканскаму «Элемэнтарна» - з Ігарам Пятрэнка ў ролі Холмса і нябожчыкам Андрэем Паніным у якасці доктара Ватсана. Рэжысёр Вадзім Перэльман, які эміграваў з СССР і зрабіў паспяховую кар'еру ў ЗША, зняў для «Расіі 1» шматсэрыйную драму «Попел». Гэта ўгрунтаваная на рэальных падзеях гісторыя супрацьстаяння афіцэра Чырвонага войска і злодзея ў законе ў 1940-х гадах. У галоўных ролях - Яўгеній Міронаў і Уладзімір Машкоў. Машкова гэтай восенню можна будзе ўбачыць і на Першым канале - у ролі Грыгорыя Распуціна. Але самай інтрыгоўнай біяграфічнай драмай сэзону, мабыць, застаецца «Купрын». Пісьменніка ў ім сыграе Міхаіл Парэчанкаў.

Якасны хапок, зроблены тэледрамамі за апошнія гады, фактычна вянчае сабой стогадовы дослед. У XX стагоддзі драматургія перавандравала з тэатра ў кіно, а ў XXI стагоддзі, як адзначае Аляксандр Раднянскі ў сваёй кнізе «Выходзіць прадусар», на нашых вачах тэлевізія выкрадае драмы з кінатэатраў. Гэта своеасаблівае заканчэнне экспэрымэнту пад назвай кінематограф: ён пачаўся як дынамічнае відовішча ды лёгкая камедыя і зноў вяртаецца ў тое ж рэчышча. Таму ўсім, хто шукае альтэрнатыву тэатру ды літаратуры і не знаходзіць яе ў кіно, самы час увамкнуць зненавідную ТВ.

Фота: Getty Images/ Fotobank, Kinopoisk

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках