8 траўня 2024, Серада, 17:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фальшывыя застрашванні і ключ ад еўраінтэграцыі

31
Фальшывыя застрашванні і ключ ад еўраінтэграцыі

Геапалітычны выбар Кіева - галоўная тэма ўкраінскай прэсы.

Яе агляд падрыхтаваны ўкраінскай службай BBC.

«Пра што не гавораць грамадзянам Украіны Віктар Медвядчук і Пётр Сіманенка» - артыкул пад такім загалоўкам публікуе штотыднёвік «Карэспандэнт». У ім прыводзіцца ацэнка расейскім кіраўніком урада Дзмітрыем Мядзведзевым эканамічнай сітуацыі ў ягонай краіне: <>i«Расея можа працягнуць вельмі павольны рух з блізкімі да нулявых тэмпамі эканамічнага росту... Гэта прамы шлях да прорвы».

Таму ўзнікае пытанне: ці варта Украіне ўступаць у якое-небудзь аб'яднанне з краінай, уласны ўрад якой дастаткова песімістычна ацэньвае стан эканамічнага развіцця. «Аказваецца, лакаматыў Мытнага Звяза на шляху да прорвы, а нам пра гэта не гавораць ні слова з вялізных рэкламных шчытоў, якія рэкламуюць аб'яднанне. І прапаноўваюць прычапіць наш вагон да цягніка, які ляціць у нікуды», - адзначае аўтар артыкула.

Ён таксама звяртае ўвагу на тое, што сярод найбольш актыўных агітатараў за ўступленне Украіны ў кіраваны Расеяй Мытны Звяз - лідар украінскіх камуністаў Пётр Сіманенка. Нягледзячы на дэклараваную барацьбу з акуламі капіталізму «галоўны камуніст Украіны» агітуе за глыбокую інтэграцыю з краінай, дзе пабудаваны жорсткі алігархічны капіталізм, які да таго ж стаіць на краі прорвы.

«Давайце не падманваць саміх сябе. І Украіна, і Расея сур'ёзна хворыя. Нам патрэбна не агульная палата ў шпіталі, дзе мы будзем лячыць адзін аднаго старымі прыпаркамі... Патрэбныя іншыя шляхі... Яны ёсць - трэба толькі адкрыць вочы і азірнуцца навокал. Свет сышоў далёка наперад. Трэба даганяць», - заключае аўтар артыкула.

«Фальшывыя антыеўрапейская застрашванні» развенчвае штотыднёвік «Зеркало недели». Выданне піша, што свядомы выбар Кіева разбурае перспектывы так званага Мытнага звяза, геапалітычнага праекта ў фактычным узнаўленні СССР. Таму крамлёўскія функцыянеры арганізавалі магутны прапагандысцкі супраціў еўраінтэграцыі Украіны, не шкадуючы на гэта сродкаў. У выніку вакол будучага Пагаднення Украіна- Еўразвяз сфармаваўся цэлы шэраг міфаў, якія варта выкрыць.

Мовай лічбаў і фактаў аўтар сцвярджае, што «страшылкі» пра ўдар па бюджэце праз адмену пошлін у гандлі з Еўразвязам, украінскія тавары, якія нікому не будуць патрэбныя, нежаданне Еўразвяза інвеставаць ва Украіну, і фактычнае спыненне гандлю з Мытным звязам вельмі далёкія ад праўды.

Напрыклад, у адказ на папрокі, што, маўляў, ва Украіне праз закрыццё не канкурэнтаздольных прадпрыемстваў вырасце беспрацоўе, штотыднёвік прыводзіць аргумент украінскага ўрада: праз тры-пяць гадоў вытворцы з ЕЗ пачнуць пераносіць сваю вытворчасць на тэрыторыю нашай краіны. Такім чынам, украінцы атрымаюць дадатковыя магчымасці для працаўладкавання дома, а еўрапейцы - для скарачэння выдаткаў, бо ва Украіне мінімальная заработная плата складае 108 еўра, а ў Еўразвязе - 157 еўра.

Паводле апублікаваных віцэ-прэм'ерам Канстанцінам Грышчанкам экспертных падлікаў, у першыя два гады пасля асацыяцыі ва Украіне будзе створана блізу 200 тысяч новых працоўных месцаў. Паколькі гаворка ідзе пра «белыя» заробкі, то бюджэт дадаткова атрымае, нават пры цяперашнім узроўні мінімальных акладаў, да 3,2 млн еўра ў месяц (мінімум 418 млн грн у год), піша выданне.

Пакуль украінскія і заходнія СМІ наперабой называюць даты магчымага вызвалення заключанай Юліі Цімашэнка, якое адкрые Украіне шлях да еўраінтэграцыі, штотыднёвік «Фокус» разважае над тым, ад каго ў гэты момант залежыць еўрапейская будучыня краіны.

«Ключ цяпер у руках Януковіча. Толькі ён можа вырашыць, ці адкрыюцца дзверы Еўропы», - пераконвае часопіс. Выданне аргументуе гэтую выснову, спасылаючыся на палажэнні ўказа аб працэдуры памілавання, падпісанага самім Януковічам у 2010 годзе, дзе гаворыцца пра тое, што некаторых асуджаных можна памілаваць ў кожны момант, калі гэтага патрабуюць абставіны гуманітарнага характару.

«У залежнасці ад палітычнай кан'юнктуры гуманнае стаўленне можна ўжыць і да экс-прэм'еркі», - мяркуе выданне. Юлія Цімашэнка зрабіла неабходны крок і пагадзілася на лячэнне за мяжой, а еўрапейскія пасланнікі Кваснеўскі і Кокс падалі прэзідэнту прашэнне аб яе памілаванні, нагадвае штотыднёвік.

Так што цяпер толькі ад прэзідэнта Украіны залежыць, ці будзе падпісана пагадненне аб асацыяцыі з ЕЗ на саміце ў Вільні. Перакласці віну за яго зрыў, маўляў, Цімашэнка сама не хацела з'язджаць з Украіны, яму цяпер будзе дастаткова цяжка, заключае выданне.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках