28 красавiка 2024, Нядзеля, 21:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мечыслаў Грыб: Улады спрабуюць утрымаць міліцыянтаў у краіне

13
Мечыслаў Грыб: Улады спрабуюць утрымаць міліцыянтаў у краіне

Ваеннаслужачым і супрацоўнікам МУС прыйдзецца зрабіць выбар паміж «картай паляка» і службай.

Так старшыня Вярхоўнага Савета 12 склікання, генерал-лейтэнант міліцыі Мечыслаў Грыб пракаментаваў сайту charter97.org забарону беларускім вайскоўцам і міліцыянтам атрымліваць «карту паляка».

«Гэта з'яўляецца парушэннем правоў чалавека ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Там не сказана, што такія забароны могуць уводзіцца для людзей пэўнай прафесіі: вайскоўцаў, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і гэтак далей. Але ў нас няма нармальнага Канстытуцыйнага суда, які б выправіў дадзеныя дзеянні «палаты прадстаўнікоў», - лічыць юрыст.

Ён перакананы, што дадзеная ініцыятыва належала адміністрацыі Лукашэнкі, якая падрыхтавала гэта законапраект, а ў «парламенце» яго проста праштампавалі, як гэта робіцца заўсёды.

«Зразумела што ваеннаслужачыя і супрацоўнікі органаў унутраных спраў не могуць быць членамі палітычных партый. Гэта з'яўляецца нормай і ў іншых краінах, напрыклад, у Швецыі. Бо гэтыя людзі не павінны схіляцца на бок нейкага палітычнага руху, а павінны заўсёды служыць дзяржаве. А што тычыцца забароны мець «карту паляка», то гэта надумана. Калі ўспомніць, то яна ўводзілася не толькі для грамадзян Беларусі, але і для грамадзян Расеі, Украіны і іншых краін. І там няма ніякіх пытанняў, а ў нас яны адразу ж паўсталі. Бо ў Беларусі ўсё робіцца для таго, каб прыціснуць і ўтрымаць чалавека ў краіне», - падкрэсліў генерал-лейтэнант міліцыі.

Ён адзначыў, што «карта паляка» дае магчымасць атрымаць візу без чаргі і цэлы шэраг прывілеяў.

«У рэшце рэшт, яна дае магчымасць атрымаць від на жыхарства ў Польшчы, а потым і грамадзянства. Але гэта нікога не турбуе, акрамя кіраўніцтва Беларусі. Я думаю, што супрацоўнікі органаў унутраных спраў і вайскоўцы, у асноўным, зробяць выгляд, што гэтага не заўважылі, пагодзяцца з гэтым рашэннем, і ніякага супраціву з іх боку не будзе. Але калі хтосьці захоча атрымаць «карту паляка», то будзе шукаць выйсце: звальняцца з органаў і шукаць іншую працу. Яны будуць вырашаць, што больш выгадна - атрымаць «карту паляка» або знаходзіцца на службе ў войску або ў органах унутраных спраў», - сказаў на заканчэнне Мечыслаў Грыб.

Нагадаем, беларускія «парламентары» прынялі сёння змяненні і дапаўненні да шэрагу законаў, у сувязі з якімі супрацоўнікам органаў унутраных спраў, Дэпартамента фінансавых расследаванняў, Міністэрства па падатках і зборах, і вайскоўцам забараняецца атрымліваць ад замежных дзяржаў дакументы, якія даюць права на льготы і перавагі у сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі і нацыянальнай прыналежнасцю.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках