29 красавiка 2024, панядзелак, 15:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Партыя БНФ вызначыла пытанні для «Народнага рэферэндуму»

64
Партыя БНФ вызначыла пытанні для «Народнага рэферэндуму»

Партыя БНФ на пасяджэнні сойма вызначылася з пытаннямі, якія ўважае за неабходныя для вынясення на «Народны рэферэндум».

Найбольш рэйтынгавымі па выніках галасавання, як піша БелаПАН, апынуліся наступныя:

«Ці згодныя вы з тым, што кіраўнікі выканаўчай улады адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Беларусі павінны выбірацца грамадзянамі Беларусі, якія пражываюць на тэрыторыі адпаведных адзінак, шляхам усеагульнага галасавання?»

«Ці падтрымліваеце вы размяшчэнне любых ваенных аб'ектаў замежных дзяржаў на тэрыторыі Беларусі?»

«Ці падтрымліваеце вы ўвядзенне заканадаўча-зацверджанага мінімуму дзяржаўных выдаткаў на ахову здароўя на ўзроўні 8% ВУП?»

«Ці згодныя вы з тым, каб рэалізацыя важных дзяржаўных пастаноў і праектаў, якія істотна ўплываюць на жыццё грамадзян (прыватызацыя буйных дзяржаўных прадпрыемстваў стратэгічнага значэння, будаўніцтва АЭС, ўступленне ў мытныя і ваенныя саюзы), адбывалася толькі пасля абавязковага ўзгаднення з народам Беларусі праз правядзенне мясцовых і рэспубліканскіх рэферэндумаў?»

«Ці згодныя вы з тым, што ч. 1 арт. 81 Канстытуцыі РБ павінна быць змененая і прынятая ў наступнай рэдакцыі «Прэзідэнт выбіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Адна і тая ж асоба не можа быць абраная прэзідэнтам больш чым на два тэрміны»

«Ці падтрымліваеце вы дзеянні, накіраваныя на падпісанне Рэспублікай Беларусь дамовы аб стварэнні глыбокай і ўсёабдымнай зоны свабоднага гандлю паміж РБ і ЕЗ?»

Як паведаміў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, гэтыя пытанні будуць прапанаваны партнёрам у кампаніі правядзення «Народнага рэферэндуму» для абмеркавання і ўнясення ў канчатковы спіс пытанняў. З яго слоў, да 24 кастрычніка ініцыятары «Народнага рэферэндуму» вызначацца з 10 пытаннямі для рэферэндуму, затым цягам двух тыдняў скароцяць іх спіс да пяці і абвесцяць аб пачатку збору подпісаў у падтрымку вынясення пытанняў на рэферэндум.

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках