29 красавiка 2024, панядзелак, 16:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павел Севярынец: Cто тысяч чыноўнікаў прапаведуюць хлусню і страх як норму

52
Павел Севярынец: Cто тысяч чыноўнікаў прапаведуюць хлусню і страх як норму

Палітык не збіраецца браць удзел у прэзідэнцкіх выбарах.

«У мяне не было планаў вылучацца кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2015 года», - паведаміў журналістам 20 кастрычніка сустаршыня аргкамітэта ў стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец. Напярэдадні, нагадаем, ён вызваліўся пасля адбыцця паводле выраку суда трохгадовага пакарання ў спецкамендатуры №7 (вёска Куплін Пружанскага раёна Берасцейскай вобласці), піша БелаПАН.

Цяпер былы палітвязень знаходзіцца ў статусе судзімага, на працягу двух гадоў яму трэба будзе паведамляць у выканаўча-крымінальную інспекцыю пра змены месца жыхарства ці працы. «Але гэта не прэвентыўны нагляд, мяне не будуць правяраць, дзе я знаходжуся ўвечары», - адзначыў ён. Севярынец таксама распавёў, што намеснік начальніка спецкамендатуры на развітанне паведаміў яму, што вылучацца кандыдатам на працягу бліжэйшых двух гадоў ён ужо не зможа. «Такіх планаў у мяне і не было, але людзі Аляксандра Рыгоравіча падстрахаваліся», - сказаў ён.

Са слоў Севярынца, цяпер «сто тысяч чыноўнікаў прапаведуюць хлусню, страх, крадзеж як норму». «На гэтым пабудаваць нічога нельга, нават калі памяняць прэзідэнта і дэпутатаў. Таму нам трэба рыхтаваць мінімум сто тысяч сумленных прафесіяналаў, якія будуць гатовыя ўзяць адказнасць на сябе», - заявіў ён.

Севярынец мяркуе, што «ключавымі структурамі, арганізаванай супольнасцю, не падкантрольнымі дзяржаве, у якіх ёсць неабходная колькасць прафесіяналаў, з'яўляюцца цэрквы». «Гэта супольнасць для нас - найважнейшая мэтавая група. Царква магла б змяніць маральны клімат у Беларусі. Апазіцыя сёння проста не ў стане забяспечыць такую колькасць прафесіяналаў», - сказаў ён.

Палітык таксама паведаміў, што БХД гатовая «выступіць аб'яднальнай сілай» у апазіцыі. «Давайце аб'ядноўвацца, рабіць адзіную каманду і стратэгію, з дапамогай гэтага адзінства перамагаць», - сказаў ён.

Севярынец адзначыў, што беларускія хрысціянскія дэмакраты на мінулых мясцовых выбарах правялі ў саветы трох чалавек. «Такія людзі, безумоўна, будуць і на выбарах, якія маюць адбыцца. Але ва ўмовах фальсіфікацый проста немагчыма, каб усе, хто перамог у рэальнасці, атрымаў дэпутацкія мандаты. Таму тактыка БХД будзе такой: за тыдзень да выбараў мы аб'явім, што як палітычная сіла ў фальсіфікацыі ўдзельнічаць не можам і не будзем. Мы выбралі сваіх народных дэпутатаў, якія працуюць з людзьмі, яны будуць актыўна дзейнічаць у сваіх акругах. На гэты момант у нас гатовыя вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў блізу 200 чалавек», - паведаміў ён.

«Мэта нашых бліжэйшых дзеянняў - узмацненне і БХД, і ўсіх дэмакратычных сілаў перад прэзідэнцкімі выбарамі 2015 года. Калі не рыхтавацца ў 2014 годзе да кампаніі 2015 года, то затым усё праваліцца», - падкрэсліў Севярынец.

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках