29 красавiка 2024, панядзелак, 18:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віцэ-прэзідэнт ПАРЭ: «Узурпатар Лукашэнка адкінуў Беларусь у сярэднявечча»

44
Віцэ-прэзідэнт ПАРЭ: «Узурпатар Лукашэнка адкінуў Беларусь у сярэднявечча»

У Палітычным камітэце ПА Рады Еўропы адбылося абмеркаванне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

У якасці дакладчыкаў на пасяджэнні паліткамітэта ПАРЭ выступілі галоўны рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна і намеснік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец.

Вёў пасяджэнне кіраўнік Палітычнага камітэта Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Б'ёрн фон Сідаў, на ім прысутнічалі віцэ-старшыня ПАРЭ Эмануэліс Зінгерыс, спецыяльны дакладчык па Беларусі Андрэс Херкель, члены камітэта, прадстаўнікі сакратарыята Рады Еўропы, пастаянных прадстаўніцтваў краін-удзельніц РЭ. За пасяджэннем таксама прысутнічаў прадстаўнік амбасады Беларусі ў Парыжы, які спецыяльна прыехаў на мерапрыемтсва.

Наталля Радзіна як былая палітзняволеная ў сваім дакладзе, у першую чаргу, распавяла пра сітуацыю з вязнямі сумлення: 11 палітвязняў на дадзены момант працягваюць знаходзіцца ў турмах. Яны падвяргаюцца жорсткаму ціску, пазбаўляюцца спатканняў, перадач, пасылак, медыцынскага абслугоўвання. Мікалай Аўтуховіч ускрыў жывот лязом у знак пратэсту супраць ціску адміністрацыі турмы; Яўгена Васьковіча пастаянна трымаюць у штрафным ізалятары, за няпоўныя 2,5 года зняволення ён правёў у ШЫЗА 200 сутак; Мікалай Статкевіч паведамляе пра тое, што вязням сумлення пагражаюць згвалтаваннем. Тыя палітвязні, якія сёння выходзяць на волю па заканчэнні тэрміну пакарання, сур'ёзна абмежаваныя ў сваіх грамадзянскіх і палітычных правах. Улады Беларусі выкарыстоўваюць савецкі таталітарны вопыт і супраць іншадумцаў сёння ўжываецца, у тым ліку, прымусовая псіхіятрыя і прымусовае лячэнне быццам бы супраць алкагалізму, як гэта адбылося з Васілём Парфянковым.

У турмы сёння кінутыя новыя палітвязні - актывіст Андрэй Гайдукоў, якога абвінавацілі ў шпіянажы і каталіцкі святар Уладзіслаў Лазар, якога абвінавацілі ў здрадзе дзяржавы.

«Калі пасля выбараў 2010 года мяне, журналістку, абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і мне пагражала да 15 гадоў турмы - я думала, горш быць ужо не можа. Але вы бачыце, што рэжым сёння не спыняецца ні перад чым: у турмы кідаюцца нават святары, а абвінавачванні супраць іншадумцаў носяць усё больш жахлівы характар», - адзначыла галоўны рэдактар charter97.org.

Наталля Радзіна заклікала Раду Еўропы да прынцыповасці і адказнасці і ні ў якім разе не вяртаць дыктатарскай Беларусі статус спецыяльнага запрошанага ў Радзе Еўропы

«Рада Еўропы - гэта арганізацыя, якая ў стане паўплываць на рэжым Лукашэнкі. Вы былі прынцыповыя ў 1997 годзе, калі пазбавілі Беларусь, якая стала на шлях дыктатуры, статусу спецыяльна запрошанага. Гэты статус ні ў якім разе нельга вяртаць сёння.

Гандаль з рэжымам Лукашэнкі сёння амаральны. Нельга патрабаваць ад рэжыму выканання ўсяго адной умовы - увядзення мараторыя на смяротнае пакаранне і ў абмен на гэта вяртаць дыктатуры статус спецыяльна запрошанага. Нават пры ўвядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне ў Беларусі будуць адбывацца пазасудовыя пакаранні смерцю і забойствы. Рэжым Лукашэнкі забівае сёння не толькі апазіцыянераў і журналістаў, але і непажаданых бізнесменаў, чыноўнікаў і нават саміх супрацоўнікаў спецслужбаў.

Трэба не прасіць выканання адной або дзвюх умоў, неабходна патрабаваць правядзення палітычных сістэмных зменаў. У тым ліку, выкарыстоўваючы рэальныя рычагі ціску на рэжым Лукашэнкі. Сёння такі рычаг - гэта не толькі візавыя абмежаванні, але і кропкавыя мэтавыя санкцыі супраць алігархаў і іх кампаній, якія гандлююць сёння нафтапрадуктамі галоўным чынам у Еўропе. Выкарыстоўвайце свой уплыў у Еўразвязе, каб перакрыць крыніцы фінансавання рэпрэсіўнага апарату Лукашэнкі.

У адваротным выпадку сітуацыя ў Беларусі не зменіцца. Кожны раз, калі вы сустракаецеся з прадстаўнікамі незаконнага і абсалютна падкантрольнага Лукашэнку «парламента», вы легітымізуеце дыктатуру. Кожны раз, калі эксперты Рады Еўропы сустракаюцца і праводзяць семінары для прадстаўнікоў сілавых структур і спецслужбаў Беларусі, як гэта адбылося ў ліпені гэтага года, вы заахвочваеце дыктатуру на рэпрэсіі супраць беларускага народа», - адзначыла Радзіна.

Намеснік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец таксама адзначыў, што сітуацыя ў Беларусі пагаршаецца. У прыватнасці, па яго словах, выклікаюць неспакой новыя папраўкі ў Выбарчы кодэкс у Беларусі. З іх увядзеннем магчымае ўзмацненне цэнзуры агітацыйных матэрыялаў апазіцыйных кандыдатаў, не дадасць транспарэнтнасці і стварэнне яшчэ аднаго ўзроўню выбарчых камісій.

Сёння, па словах палітыка, улады Беларусі не выконваюць патрабаванняў Рады Еўропы па захаванні правоў чалавека, абмяжоўваючыся падпісаннем тэхнічных канвенцый.

«Улады выбіраюць у «меню» Рады Еўропы самыя простыя рэчы, якія ніяк не ўплываюць на сітуацыю. Рэжым спецыяльна забывае пра самыя галоўныя канвенцыі Рады Еўропы, але каб паказаць сваю хоць нейкую добрую волю, шукае тыя канвенцыі, якія ніякім чынам не перашкаджаюць яго існаванню.

Напрыклад, улады далучаюцца да канвенцыі аб прадухіленні гандлю людзьмі. Дзякуючы Наталлі Пяткевіч яны педалююць гэтую тэму ўжо некалькі гадоў. Такія крокі варта вітаць, але вітаць стрымана. На тэхнічныя крокі трэба адказваць дробнымі тэхнічнымі крокамі, каб пакінуць шляхі для камунікацыі. Дыялог можа быць, але ён павінен быць абумоўленым і пасля канкрэтных крокаў з боку ўладаў Беларусі.

Рада Еўропы - гэта дэмакратычная арганізацыя і прысутнасць тут павінна адпавядаць шэрагу крытэраў. Ёсць галоўны крытэр - гэта ўвядзенне Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека, плюс да гэтага свабодныя выбары, адмена смяротнага пакарання і ўвядзенне Хартыі мясцовага самакіравання. Таксама важна дадаць пяты пункт - далучэнне да Канвенцыі аб прадухіленні катаванняў. Калі паглядзець на сённяшнюю сітуацыю супрацоўніцтва Рады Еўропы з Беларуссю ў шырокім сэнсе гэтага слова, мне здаецца, можна нашмат лепш выкарыстоўваць наяўныя інструменты, каб пашырыць распаўсюджванне ідэй Рады Еўропы ў Беларусі: гэта выкарыстанне інфармацыйнага інфапункта РЭ, магчымасці большага супрацоўніцтва з людзьмі, можа, менш заангажаванымі - універсітэцкай моладдзю, юрыстамі, праваабаронцамі», - лічыць Алесь Лагвінец.

На пасяджэнні выступіў віцэ-старшыня Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Эмануэліс Зінгерыс.

«Дзякуй, што вы нарэшце запрасілі на слуханні ў ПАРЭ рэальных прадстаўнікоў беларускага народа. З 1994 года Лукашэнка стаў праводзіць мерапрыемствы па ўзурпацыі ўлады. Сёння метады, якія ён выкарыстоўвае, нагадваюць сярэднявечча. Прысутную тут Наталлю Радзіну ў турме КДБ пыталіся, навошта яна сустракалася з прэзідэнтам Еўрапарламента Ежы Бузэкам. Гэта метады савецкага КДБ! Адкажыце мне сёння на пытанне: хто сёння ў Радзе Еўропы працуе з гэтым злачынным рэжымам? Хто праводзіць сустрэчы з імі, хто арганізуе для іх семінары? Прадстаўнікі злачыннага беларускага рэжыму наогул не павінны перасякаць мяжу Еўразвяза!

Так, сёння еўрапейскія краіны адчуваюць на сабе ціск беларускіх спецслужбаў. Але мы павінны задацца пытаннем: што можна зрабіць з Лукашэнкам, які ўзурпаваў уладу, трымае ў турмах палітвязняў і расстрэльвае пасля несправядлівага суда людзей. Нам трэба знайсці сродкі, рэальны рычаг ціску на злачынны рэжым Лукашэнкі», - заявіў Эмануэліс Зінгерыс.

Па выніках пасяджэння кіраўнік Палітычнага камітэту Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Б'ёрн фон Сідаў даручыў правесці праверку па факце візіту ў Беларусь 22 ліпеня экспертаў Рады Еўропы і іх сустрэчы з прадстаўнікамі Камітэта дзяржаўнай бяспекі, Міністэрства ўнутраных спраў і Генеральнай пракуратуры Беларусі.

У рамках візіту ў Страсбург Наталля Радзіна і Алесь Лагвінец таксама сустрэліся з спецдакладчыкам ПАРЭ па Беларусі Андрэсам Херкелям, членамі Генеральнага сакратарыята Рады Еўропы па падтрымцы грамадзянскай супольнасці і Дэпартамента па палітычных пытаннях Рады Еўропы.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках