3 траўня 2024, Пятніца, 10:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крытыкуеш Лукашэнку - трапіш у псіхушку

20
Крытыкуеш Лукашэнку - трапіш у псіхушку

Улады выкарыстоўваюць новы спосаб барацьбы з нязгоднымі.

45-гадовы Ігар Пастноў некалькі тыдняў знаходзіўся на лячэнні ў бальніцы, дзе раней працаваў.

21 жніўня суд Віцебска на закрытым пасяджэнні прыняў рашэнне аб прымусовым лячэнні Пастнова. Сам ён на слуханні не прысутнічаў, бо ўжо на працягу тыдня знаходзіўся ў закрытым аддзяленні псіхіятрычнай бальніцы. Такое рашэнне прыняла 15 жніўня пракуратура, а ўжо на наступны дзень камісія псіхіятраў заявіла, што ў пацыента псіхічнае расстройства, піша Gazeta Wyborcza (пераклад - charter97.org).

«Мяне выклікаў начальнік і паведаміў, што прынята рашэнне аб маім прымусовым лячэнні, таму што я хворы. Я быў шакаваны, але не супраціўляўся, бо ведаў, што гэта можа пагоршыць сітуацыю», - распавядае Пастноў.

Так ён апынуўся ў закрытым аддзяленні псіхіятрычнай лячэбніцы. «На падставе паказанняў супрацоўнікаў бальніцы, скаргаў, напісаных Пастновым, а таксама ролікаў, размешчаных у сеціве, можна сцвярджаць пра пагаршэнне псіхічнага стану», - напісала ў заяве, адрасаванай суду, галоўны ўрач бальніцы Алена Мартынава.

Суд пагадзіўся з гэтым меркаваннем.

«Я не хацеў прымаць таблеткі, таму мне пачалі рабіць ін'екцыі. Я не аказваў супраціву, а толькі ляжаў і казаў, што супраць лячэння», - кажа доктар.

Ігар Пастноў працаваў педыятрам і пачаў крытыкаваць мясцовых чыноўнікаў, адказных за стан бальніц, якія рэгулярна кралі грошы на рамонты і куплю абсталявання.

Але так як СМІ ігнаравалі гэтыя скаргі, лекар вырашыў скарыстацца інтэрнэтам. У 2011 годзе ён пачаў запісваць свае выступленні і размяшчаць іх на сэрвісе YouTube.

У рэшце рэшт, цярпенне ўладаў скончылася. У снежні 2012 года педыятр быў звольнены з працы. Праз некалькі месяцаў яго прынялі на працу, але на гэты раз як псіхіятра ў Віцебскай псіхіятрычнай бальніцы, так як Пастноў меў таксама дыплом псіхіятра. На новым месцы ён зноў не ўтрымаўся ад крытыкі кіраўніцтва.

«Думаю, што на маім прыкладзе ўлады тэстуюць новы спосаб запалохвання людзей . Псіхлячэбніца горш, чым турма, таму што ты фактычна пазбаўлены ўсіх правоў», - кажа Пастноў.

У яго абарону выступіла Amnesty International і беларускія праваабарончыя арганізацыі.

«Падазрона выглядае тое, што экспертызу рабілі лекары з бальніцы, у якой ён працаваў і з кіраўніцтвам якой меў канфлікт», - кажа сябра праваабарончага цэнтру «Вясна» Уладзімір Лабковіч.

Гэта не першы выпадак выкарыстання псіхіятрыі супраць тых, каму не падабаецца беларуская рэчаіснасць. У 2007 годзе ў псіхіятрычную бальніцу была прымусова змешчана апазіцыянерка Крысціна Шацікава. Яна сцвярджала, што ёй некалькі разоў рабілі ўколы, пасля якіх яна дрэнна сябе адчувала. Пасля агалоскі сітуацыі яе выпусцілі і прызналі здаровай. У мінулым годзе апазіцыянер Сяргей Каваленка, арыштаваны за вывешванне сцяга на ёлцы ў цэнтры Віцебска, пачаў галадоўку пратэсту, дамагаючыся вызвалення. Ён быў накіраваны на псіхіятрычнае абследаванне.

У справе Ігара Пастнова хуткая рэакцыя СМІ і праваабаронцаў дала вынік - 20 верасня яго выпусцілі з закрытага аддзялення, аднак ён і далей павінен наведваць бальніцу, так як афіцыйна прызнаны псіхічна хворым.

«Я аспрэчыў рашэнне аб прымусовым лячэнні. Спадзяюся, што дзякуючы агалосцы ўлады адменяць дыягназ», - сказаў ён.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках