5 траўня 2024, Нядзеля, 13:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Макей раскажа Лаўрову пра «беларускія арэлі»

3
Макей раскажа Лаўрову пра «беларускія арэлі»

Міністры замежных спраў Беларусі і Расеі сустрэнуцца ў Маскве.

«Працоўны візіт міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея ў Маскву для ўдзелу ў сумесным пасяджэнні калегій МЗС Беларусі і МЗС Расеі адбудзецца 19 лістапада», - паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у прэс-службе беларускага МЗС.

«Прадугледжанае таксама правядзенне працоўнай сустрэчы Уладзіміра Макея з міністрам замежных спраў Расейскай Федэрацыі Сяргеем Лаўровым, у ходзе якой плануецца абмеркаванне актуальных пытанняў беларуска-расейскага супрацоўніцтва і абмен думкамі па тэмах міжнароднага парадку дня, якія ўяўляюць узаемную цікавасць», - дадалі ў прэс-службе.

Там таксама праінфармавалі, што на сумесным пасяджэнні калегій бакі плануюць падвесці вынікі рэалізацыі праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў-удзельніц дамовы аб стварэнні «саюзнай дзяржавы» на 2012-2013 гады. Акрамя таго, будзе разгледжаны і прыняты праект аналагічнай праграмы на 2014-2015 гады, якая будзе прадстаўленая на зацвярджэнне вышэйшага дзяржаўнага савета «саюзнай дзяржавы». Будуць абмеркаваныя таксама пытанні знешнепалітычнага суправаджэння еўразійскай інтэграцыі і ўзаемадзеяння ў сферы абароны інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб Беларусі і РФ у трэціх краінах.

Як чакаецца, Макей і Лаўроў падпішуць план кансультацый паміж МЗС на 2014 год.

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі ў інтэрв'ю сайту charter97.org выказаў меркаванне, што кіраўнік МЗС Беларусі напярэдадні саміту «Усходняга партнёрства» растлумачыць Лаўрову палітыку балансавання афіцыйнага Менска паміж Масквой і Бруселем.

«Заяўлена, што будзе чарговае пасяджэнне калегій МЗС дзвюх дзяржаў, але цікава тое, што напярэдадні Макей выступіў у БДУ перад студэнтамі. І па неафіцыйнай інфармацыі, ён казаў, што Беларусь павінна балансаваць паміж Еўразвязам і МС. Гэта вельмі знаёмыя тэрміны: «арэлі», «і нам, і вам» і гэтак далей. Але што значыць балансаваць, калі Масква выразна кажа, што альбо гэта, альбо тое - якая балансіроўка павінна быць? Так не атрымаецца, але гэта зусім не значыць, што трэба ваяваць з ЕЗ. Але і які сэнс укладваў у гэта Макей напярэдадні свайго маскоўскага візіту, таксама застаецца адкрытым пытаннем. На мой погляд, у яго ніяк не атрымаецца балансаваць», - лічыць аглядальнік.

Нагадаем, былы кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Уладзімір Макей з'яўляецца адным з арганізатараў масавых рэпрэсій супраць апазіцыі пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Цяперашні міністр замежных спраў Беларусі знаходзіўся ў спісе чыноўнікаў, супраць якіх уведзеныя санкцыі ЕЗ, але ў ліпені гэтага года яны былі прыпыненыя.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках