27 красавiка 2024, Субота, 13:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саміт у турмах «Усходняга партнёрства»

14
Саміт у турмах «Усходняга партнёрства»

Гэта быў добры саміт.

Скончылася галоўная імпрэза сёлетняга палітычнага жыцця Еўропы: Віленскі саміт, прысвечаны «Усходняму партнёрству».

Гэта быў добры саміт, насычаны, інтрыгоўны, ацверажальны з годным прадстаўніцтвам дзяржаў ЕЗ.

На жаль, саміт быў «скрадзены» Украінай. Усе намаганні ЕЗ былі накіраваны на тое, каб упрасіць прэзідэнта Януковіча падпісаць пагадненне аб асацыяцыі, нібыта гэта змяніла б аўтарытарны нахіл цяперашняга ўкраінскага кіраўніцтва. Пераконваць правадыра, улада якога ўгрунтаваная на аўтарытарнай мадэлі, у тым, што яму патрэбна дэмакратыя, занятак сама менш няўдзячны.

Калі Украіна напярэдадні саміту раптам павярнулася ў процілеглы бок, шмат хто разважыў, што прычынай гэтага было нежаданне Януковіча выпускаць з-пад варты Цімашэнку. Памылковы аналіз. Януковіча акурат напалохала тое, што ЕЗ падпіша пагадненне з Украінай без вызвалення былога прэм'ера. Менавіта такія сігналы прэзідэнт Украіны стаў атрымліваць з Еўропы напярэдадні Вільні. Ён зразумеў, што не здолее выкарыстоўваць «чыннік Цімашэнкі» і абвінаваціць Еўропу ў зрыве пагаднення, якое падпісваць ён першапачаткова не мерыўся. І па-ранейшаму не мерыцца.

Еўропу ў гэтай сітуацыі выратавалі грамадзяне Украіны, якія выйшлі на Еўрамайдан па ўсёй краіне.

Украінская інтрыга засланіла сабой падпісанне пагадненняў ЕЗ аб вольным гандлі з Малдовай і Грузіяй і парафаванне імі пагадненняў аб асацыяцыі. Гэтыя пагадненні акурат і дэманструюць патэнцыял ЕЗ, а іх рэалізацыя павінна стаць аб’ектам першараднай увагі з боку Еўропы. Тым больш, што абедзве дзяржавы неўнікнёна будуць адчуваць ціск з боку Расеі і абедзве маюць патрэбу ў падтрымцы іх тэрытарыяльнай цэласнасці.

Саміт не варта ацэньваць з пункту гледжання поспехаў або няўдач. Трэба старанна прааналізаваць усё, што адбываецца ў краінах «Усходняга партнёрства», магчымасці Еўразвязу ўплываць на сітуацыю ў іх для абароны правоў чалавека і дэмакратыі. Менавіта гэтыя вартасці з'яўляюцца найважнейшымі для ўсёй праграмы «Усходняга партнёрства», а адыход ад іх прычыняецца да няўдач.

Саміт у Вільні прадэманстраваў, што стаўка на перамовы з аўтарытарнымі кіраўнікамі або дыктатарамі сябе не апраўдала. Яны не ідуць нават на нязначныя фармальныя крокі - такія, як падпісанне пагаднення аб асацыяцыі, - калі адчуваюць у гэтым пагрозу сваёй асабістай уладзе.

Незразумела, чаму для ЕЗ неспадзяванкай стаў чыннік Расеі. Крэмль дастаткова ясна і даўно выказваў сваё стаўленне да Ўсходняга партнёрства, і варта было чакаць, што яго ціск на ўсе шэсць краін будзе толькі ўзрастаць напярэдадні Віленскага саміту. Простымі запэўненнямі, што Усходняе партнёрства не накіравана супраць Расеі і будзе для яе выгадным, нічога не дасягнуць. Тут патрэбныя сур'ёзныя намаганні і праграмы, але перш за ўсё патрэбная салідарнасць Еўропы з дэмакратычнымі сіламі і абарона вартасцяў. Еўропа здольная да такой салідарнасці і прадэманстравала гэта, падтрымаўшы Малдову пасля расейскага эмбарга на яе вінную прадукцыю. ЕЗ адрэагаваў хутка, абвясціў аб ахвоце закупляць віны і каньякі з Малдовы і знайшоў у іх «смак свабоды».

«Усходняе партнёрства» трэба захоўваць, нават калі хто-небудзь з цяперашніх кіраўнікоў або дыктатар Лукашэнка пажадае з яго выйсці. Яно павінна быць адкрытае, узмацняцца і даваць больш магчымасцяў для грамадзян Усходняй Еўропы. Абсалютна дакладна заўважыў на адной з канферэнцый міністр замежных спраў Польшчы Сікорскі, што Усходняе партнёрства з'яўляецца самым натуральным кірункам дзейнасці ЕЗ, адзіным сапраўды еўрапейскім.

І ўсё ж трэба сказаць пра адну відавочную няўдачу саміту «Усходняга партнёрства» і дзейнасці для яго падрыхтоўкі. Быць можа, гэта было важней за ўсялякія падпісанні і парафаванне. З турмы не выйшаў ні адзін палітвязень. Ні ахвяры «сэлекцыйнага правасуддзя» ва Украіне і Грузіі, ні палітвязні ў Беларусі і Азербайджане. ЕЗ не здолеў выкарыстаць падрыхтоўку да саміту, падчас якой актыўна кантактаваў з афіцыйнымі ўладамі краін Партнёрства для таго, каб вызваліць людзей з турмаў. Больш за тое, Беларусь на саміце прадстаўляў чыноўнік, які сам замяшаны ў рэпрэсіях супраць апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Быць можа, каб яго не крыўдзіць, не было прынята ніякага дакумэнта аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Такую дэкларацыю ЕЗ прыняў на Варшаўскім саміце два гады таму, і лагічна было б чакаць хоць бы яе згадкі, бо сітуацыя ў Беларусі толькі пагоршылася, а колькасць палітвязняў зноў расце. За кратамі далей знаходзіцца тыя, пра каго вялася гаворка ў дэкларацыі, у тым ліку кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч і праваабаронца Алесь Бяляцкі.

На жаль, тэма правоў чалавека на афіцыйнай частцы Віленскага саміту не гучала. Магчыма, украінская праблема і тут перашкодзіла. Хацелася б спадзявацца, што прычына ў гэтым, а не ў тым, што пытанне пра палітвязняў было выключанае з перамоў.

Еўразвяз сёння здольны расшырыць геаграфію еўрапейскіх вартасцяў, але для гэтага трэба іх абараняць і не спадзявацца на перавыхаванне дыктатараў.

Андрэй Саннікаў, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках