19 траўня 2024, Нядзеля, 6:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Яшчэ пару такіх законаў - і ў Беларусі будзе Майдан»

196
«Яшчэ пару такіх законаў - і ў Беларусі будзе Майдан»

Нават чытачы «Саўбелкі» выказваюцца супраць збору на аўто.

«Салідарнасць» даведалася, што думаюць пра збор на аўто Лявон Вольскі, Аляксандр Саладуха, кіроўца маршруткі і чытач «СБ».

Прадпрымальнік: «Сціжма чыноўнікаў зжарэ гэтыя грошы і не падавіцца»

Прадпрымальнік з Салігорску Павел ўважае збор на аўто за несправядлівы.

- Міністр фінансаў Харкавец ківае на іншыя краіны, маўляў, там таксама такі падатак ёсць. Дык у іншых краінах людзі не плацяць такія грошы за прадукты і адзенне, як у Беларусі! Калі грошай у бюджэце няма - так і скажы, а не тлумі людзям галовы.

Бізнэсовец упэўнены, паступленні ад збораў на аўто «сціжма чыноўнікаў зжарэ і не задушыцца, а дарогі лепшымі не стануць».

Кіроўца маршруткі: «Людзі перастануць тэхагляд праходзіць. Танней будзе заплаціць штраф»

- Каб яны ракам пасталі з гэты зборам, - гэта самая ласкавая лаянка з вуснаў кіроўцы маршруткі Слуцк-Менск у адказ на просьбу журналіста даць ацэнку новаму законапраекту. - Вы ж разумееце, што гэта падвойнае падаткаабкладанне. У нас жа дарогі платныя!

На думку кіроўцы, ўводзіць збор на аўто несправядліва.

- Нехта, як я, цэлы дзень за стырном, а хтосьці два-тры разы на год выедзе, каб тэхагляд прайсці і таксама павінен плаціць. Я вось думаю, людзі перастануць тэхагляд праходзіць. Танней будзе заплаціць штраф, - выказаў меркаванне суразмоўца.

Кіроўца прыватнай маршруткі прагназуе рост коштаў на квіткі, але думае, што людзі не адмовяцца ад паездак.

- Я не ведаю, што трэба зрабіць, каб наш народ пачаў пратэставаць і бараніць ад улады сваю пазіцыю, - разважае ён. - Беларусы жывуць паводле прынцыпу «мая хата з краю».

Аляксандр Саладуха: «У мяне кіроўца»

У свой час актыўна падтрымаўшы падатак на дармаедства Аляксандр Саладуха, пачуўшы пра прыняты дэпутатамі збор на аўто, скорагаворкай выпаліў:

- Я сам за стырном не езджу. У мяне кіроўца. Я жыву маімі канцэртамі на «Менск-Арэне» 8 сакавіка. Мне няма калі...

Пасля гэтай прамовы кароль беларускай эстрады адключыўся.

Лявон Вольскі: «Не перастаю здзіўляцца бясконцаму ідыятызму ўлады»

А вось Лявон Вольскі не стаў хаваць сваё меркаванне аб уведзеным зборы:

- Народ пачынаюць біць па самых балючых месцах. Бо аўтамабіль, тэлефон, тэлевізар - у нашым грамадстве, дзе спажыванне прыраўнялі да рэлігіі - гэта святое. Таму яшчэ пара такіх законаў - і будзе Майдан і рэвалюцыя. Асабіста я пакуль не ведаю, як рэагаваць на гэты абсурд. Думаю. І ўсё не перастаю здзіўляцца бясконцаму ідыятызм улады.

Чытач «СБ»: «Я супраць сацыяльнай несправядлівасці»

У пошуках альтэрнатыўнага меркавання карэспандэнт «Салідарнасці» зазірнула на сайт «самай масавай газеты краіны» - выдання «Беларусь сегодня». У раздзеле «Прыёмная галоўнага рэдактара» апошняе паведамленне пакінуў чытач Барыс Васільевіч Бальшакоў.

- Я ўжо прагаласаваў за ліст міністру фінансаў аб скасаванні (адкліканні) новага падатку на аўто, - піша ён. - Прычына - у недастатковай прапрацоўцы гэтага праекта. Я не супраць добрых дарог, але я супраць падвойнага (трайнога) падаткаабкладання. Я супраць сацыяльнай несправядлівасці. Мы ездзім не аднолькава, хтосьці раз, два ў месяц, іншыя практычна ўвесь час.

Я пенсіянер, езджу ў асноўным толькі на лецішча, ды і то ў сувязі з дарагавізнай на бензін, апошнім часам стаў часцей карыстацца грамадскім транспартам...

За год прабег не перасягае 2-3 тысячы кіламетраў. Яшчэ паўдзесятка гадоў таму ён быў больш за 30 тысяч км. Я люблю рыбалку, таму самаход у мяне «Субару», поўнай масай (у гружаным стане, як запісана ў праекце закона) 2060 кг. Чаму распрацоўнікі праекта мяркуюць, што я заўсёды езджу загружаным пад завязку? 900 тысяч рублёў для мяне сур'ёзная сума. Дадайце сюды плату за гараж, страхоўку, тэхагляд - вось вам ужо і два мільёны. І ўсё гэта абкладзена падаткамі. Нават на дзяржаўны збор (тэхагляд) - ПДВ 20%...

Як бачым, прыхільнікаў законапраекта, занесенага ад імя Лукашэнкі і прынятага дэпутатамі, цяжка знайсці нават сярод чытачоў дзяржвыданняў! Тым часам, на сайце change.org сабрана амаль 64 тысячы подпісаў за скасаванне збору на аўто.

Напісаць каментар 196

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках