28 красавiка 2024, Нядзеля, 9:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Камунальнае дэжавю

6

Чыноўнікі другі год абяцаюць знізіць тарыфы на электрычнасць для прадпрыемстваў.

Энергетыкі кажуць, што ў 2014 годзе будуць зніжаныя тарыфы для юрыдычных асоб на электраэнергію. У мінулым годзе прадпрыемствам абяцалі тое ж самае, аднак увесь год тарыфы для іх у валютным эквіваленце не мяняліся, а ў рублёвым нават выраслі на 10%, піша intex-press.

Аб зніжэнні тарыфаў на электраэнергію для юрыдычных асоб, якое чакаецца ў 2014 годзе, расказаў намеснік міністра энергетыкі Віктар Каранкевіч, піша БелТА. З ягоных слоў, тарыфы будуць зніжаны ў сярэднім на 0,5 цэнта да 13 цэнтаў за кВт*г.

- У рамках паступовай адмовы ад перакрыжаванага субсідзіравання будуць адшуквацца магчымасці для зніжэння тарыфаў у прамысловасці, - сказаў Каранкевіч.

У траўні 2012 года даслоўна тое ж самае казаў намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка на пленарным пасяджэнні Беларускага прамысловага форуму. Ён тады абяцаў, што тарыфы для прамысловых прадпрыемстваў будуць зніжаныя з 1 студзеня 2013 года.

- З 1 студзеня наступнага года мы пойдзем на зніжэнне тарыфаў на электраэнергію, бо цяпер падышлі да небяспечнай рысы, і сёння 1 кВт*г каштуе 13,71 цэнта. А гэта ўжо сярэднееўрапейскі ўзровень тарыфаў для прамысловых вытворцаў, мы не можам дапускаць гэтага далей, каб прамысловасць не напружвалася, - сказаў першы віцэ-прэм'ер.

І гаворка тады таксама ішла аб адмове ад перакрыжаванага субсідавання:

- Цяпер у нас вялікае перакрыжаванае субсідаванне, мы будзем рухацца паводле меры росту заробкаў да яго ліквідацыі, - казаў Сямашка.

Трэба адзначыць, што сваё слова наконт «руху да ліквідацыі» перакрыжаванага субсідзіравання чыноўнікі стрымалі: тарыфы для насельніцтва ў 2013 годзе раслі 6 разоў, электрычнасць у дамах за год падаражэла на 97%.

Вось толькі для прадпрыемстваў тарыфы на электраэнергію так і не знізілі. Хоць, да прыкладу, канцэрн «Белнафтахім» ужо звяртаў увагу энергетыкаў на тое, што дарагоўля электраэнергіі пазбаўляе прадпрыемствы магчымасці вырабляць канкурэнтаздольную прадукцыю.

А паколькі тарыфы для прадпрыемстваў выстаўляюцца ў далярах, у рублёвым эквіваленце яны з пачатку года падаражэлі ў сярэднім на 10%.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках