2 траўня 2024, Чацвер, 21:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Казбелрас трашчыць па швах

140
Казбелрас трашчыць па швах

Пасяджэнне ЕўрАзЭС у Маскве прайшло ў атмасферы незадаволенасці і папрокаў.

На перамовах у Крамлі пра будучыню дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе кіраўнікі Беларусі і Казахстана абвясцілі аб сваіх змястоўных прэтэнзіях да галоўнага інтэграцыйнага праекту Расеі на постсавецкай прасторы. Перамовы, якія працягнуцца ў 2014 годзе, не абяцаюць быць простымі: і Беларусь, і Казахстан лічаць, што перадача ў будучы саюз суверэнных паўнамоцтваў па шырокім спісе немагчымая, кампетэнцыю саюза трэба вызначыць дакладна і назаўжды. Гэта ў агульным супярэчыць бачанню Расеі, якая мяркуе, што інтэграцыйныя працэсы ў будучым саюзе толькі пачынаюцца і няма сэнсу абмяжоўваць іх распаўсюджванне, піша «Коммерсант».

На пасяджэнні Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета, якое прайшло ўчора ў Крамлі, прэзідэнты Расеі Уладзімір Пуцін, Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Казахстана Нурсултан Назарбаеў падвялі прамежкавыя вынікі падрыхтоўкі дамовы аб стварэнні з 2015 года Еўразійскага эканамічнага саюза. За ходам падрыхтоўкі дамовы ў Крамлі назіралі прэзідэнты Кыргызстана Алмазбек Атамбаеў і Арменіі Серж Саргсян. Дзве гэтыя краіны маюць намер таксама інтэгравацца ў Мытны саюз і Адзіную эканамічную прастору. Украіну, запрошаную ў Мытны саюз, прадстаўляў прэм'ер-міністр Мікалай Азараў, які правёў таксама перамовы з прэм'ер-міністрам РФ Дзмітрыем Мядзведзевым і які паведаміў, што (украінскі прэзідэнт Віктар Януковіч (па пратаколе менавіта ён павінен быў прадстаўляць Украіну на гэтай сустрэчы) «не змог прыехаць».

Зрэшты, украінскае пытанне на гэтай сустрэчы відавочна не было галоўным: у кіраўніцтва краін-паўнапраўных членаў Мытнага саюза - Аляксандра Лукашэнкі і Нурсултана Назарбаева - знайшлося дастаткова заўваг да дамовы, прычым крытыкавалася як жаданне экспертаў камісіі Мытнага саюза, якія рыхтуюць праект дамовы аб саюзе, закрануць як мага больш сфер кампетэнцыі, так і малая колькасць палажэнняў у праекце, якія абавязваюць бакі. На перамовах бакі ўмоўна падзялілі праект дамовы на дзве часткі - інстытуцыйную і функцыянальную: першая апісвае пераважна інстытуты і структуры, якія забяспечваюць працу саюза, другая - стартавыя інтэграцыйныя дамоўленасці ўнутры саюза па асобных напрамках. Вынік сустрэчы па яе заканчэнні абвясціў Уладзімір Пуцін: інстытуцыянальная частка ў цэлым адобраная, праца над функцыянальнай часткай працягваецца.

Фото: Дмитрий Духанин / Коммерсантъ

Крытыка недастатковасці інтэграцыйных элементаў унутры будучага саюза гучала пераважна з боку афіцыйнага Менска. Лукашэнка на ўчорашняй сустрэчы настойваў на неабходнасці надаць новаму саюзу статус «міжнароднай арганізацыі, якая будзе надзеленая неабходнай правасуб'ектнасцю». Для гэтага ён прапанаваў «вызначыць юрыдычную сілу і іерархію актаў саюза» і ліквідаваць сітуацыю (яе ён прама назваў «нонсэнсам»), пры якой кіраўнікі дзяржаў-членаў саюза будуць мець магчымасць адмяняць рашэнні наднацыянальных структур будучага саюза.

Зрэшты, наўрад ці варта пераацэньваць заклікі Беларусі перадаць у будучы саюз максімум суверэнітэту: Лукашэнка хутчэй настойвае на тым, што паўнамоцтвы, аддадзеныя ў «наднацыянальную арганізацыю», павінны быць закрытым спісам. «Чым больш канкрэтна мы прапішам, хто чым павінен займацца, тым менш у нас потым будзе спрэчак, што хтосьці лезе не ў свае пытанні», - растлумачыў беларускі кіраўнік.

У сваю чаргу, Нурсултан Назарбаеў папярэдзіў аб залішняй палітызаванасці працэсу стварэння саюза - і гэта, па сутнасці, таксама было крытыкай занадта аптымістычна настроеных (пераважна расейскіх) экспертаў, якія рыхтавалі праект. «Давайце створым эканамічны саюз, усё прыйдзе ў свой час. Мы будуем эканамічны саюз, таму задача камісіі - не ўключаць у дамову палажэнні, якія выходзяць за межы эканамічнай інтэграцыі», - сказаў прэзідэнт Казахстана.

Ён прама абвясціў, што ахова дзяржмежаў, міграцыйная палітыка, сістэмы абароны і бяспекі, а таксама пытанні аховы здароўя, адукацыі, навукі, культуры, прававой дапамогі па грамадзянскіх, крымінальных, адміністрацыйных справах «не маюць дачынення да эканамічнай інтэграцыі і не могуць быць перанесеныя ў фармат эканамічнага саюза».

Па сутнасці прэзідэнт Казахстана падтрымаў заяву Лукашэнкі ў частцы неабходнасці абмежаваць паўнамоцтвы саюза. Але, у адрозненне ад калегі з Беларусі, Назарбаеў і супраць таго, каб надзяляць вышэйшы орган савета (на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў) наднацыянальнымі паўнамоцтвамі, абавязковымі для ўсіх дзяржаў. На яго думку, такі наднацыянальны орган ужо ёсць - гэта камісія ЕЭК. Нурсултан Назарбаеў таксама выступіў супраць уніфікацыі адказнасці па крымінальных і адміністрацыйных парушэннях - «гэтыя сферы з'яўляюцца асабліва нацыянальнымі і прадметамі ўнутранай палітыкі дзяржаў і павінны быць выключаныя з кваліфікацыйнай дамовы».

Нарэшце, пытанне аб тым, ці павінна будучая саюзная дамова закранаць прадметы двухбаковых дамоўленасцяў краін саюза, таксама не засталося па-за ўвагай высокіх дамоўных бакоў. Ва ўсякім выпадку, Беларусь настойвае на тым, каб унутры саюза двухбаковыя дамовы (у першую чаргу, відавочна, дамовы Расеі і Беларусі, у тым ліку дамова аб «саюзнай дзяржаве») былі прыярытэтнымі і захоўвалі сваё дзеянне.

З нагоды прапорцый прадстаўніцтва краін у камісіі ЕЭК ўчора таксама ўзніклі супярэчнасці. Нурсултан Назарбаеў запатрабаваў стражэй выконваць агавораныя прапорцыі - «дырэктар, два намеснікі, 23 дэпартамента, па сем узначальваюць Казахстан і Беларусь, дзевяць - грамадзяне Расеі». Па астатніх супрацоўніках дэпартаментаў ён прапанаваў устанавіць норму з улікам долевага ўдзелу дзяржаў-членаў. Са словаў казахскага прэзідэнта вынікала, што прапорцыі не выконвае старшыня ЕЭК расеец Віктар Хрысценка. Нурсултан Назарбаеў нават абвясціў аб гатоўнасці павялічыць фінансаванне сваёй долі для захавання гэтых прынцыпаў.

Расея як галоўны «архітэктар» будучай дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе дае зараз мінімум каментароў па зместу праектаў дакументаў. З тэкстаў, зрэшты, даволі відавочна, што ў Расеі і камісіі ЕЭК больш шырокі, чым у прадстаўнікоў Казахстана і Беларусі, гарызонт планавання - у іх праекціроўкі будучы саюз разглядаецца як даволі друзлае ўтварэнне з кампетэнцыямі, якія лёгка паўыраюцца. У цэлым расейскі бок, як і ва ўнутранай палітыцы, пакідае ў праекце дамовы максімум магчымасцяў для бягучых карэкціровак, трактовак і «ручнога кіравання», відавочна, разлічваючы на тое, што ў саюзе, які ўжо функцыянуе, дамоўныя пазіцыі ўсіх бакоў будуць вызначацца пераважна суадносінамі ВУП краін, якія ўдзельнічаюць у саюзе, і балансам паставак энерганосьбітаў.

Працягнуць узгадненне дамовы мае намер і Уладзімір Пуцін, які паведаміў пра свой намер строга выконваць графік падрыхтоўкі. Паводле яго слоў, да 1 сакавіка 2014 года павінен быць сфармаваны спіс выключэнняў і абмежаванняў, якія застаюцца ў рамках Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы, і вызначаныя канкрэтныя тэрміны іх ліквідацыі. Прапанаваў ён працягваць збліжэнне і нормаў рэгулявання эканомік Расеі, Беларусі і Казахстана, нагадаўшы пры гэтым, што «ва ўмовах няўстойлівай глабальнай кан'юнктуры адзіны еўразійскі рынак становіцца адной з асноўных крыніц росту эканомік «тройкі».

«Независимая газета» таксама звяртае ўвагу на выяўленыя ў ходзе дыскусіі сур'ёзныя супярэчнасці, пра якія распавядае ў артыкуле пад загалоўкам «Менск і Астана баяцца дыктату Масквы».

Пры гэтым шурпатасцяў, як паказала пасяджэнне, даволі шмат, і кіраўнікі Беларусі і Казахстана не саромеліся гаварыць пра тое, што іх не задавальняе. Часам нават у залішне жорсткай форме. Па шэрагу прынцыповых пытанняў прыйсці да згоды пакуль не ўдалося, паўтарае «Московский комсомолец».

Напісаць каментар 140

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках