27 красавiка 2024, Субота, 23:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Коммерсант» пра стомленага Лукашэнку і таемнае ваеннае пагадненне

61

Расейскае выданне напісала пра падрабязнасці атрымання Беларуссю крэдыту ў 2 мільярда даляраў.

Учора ў Маскве прайшло пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі з удзелам Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Перамовы, якія спачатку праходзілі, здавалася, вяла, скончыліся тым, што Лукашэнка вяртаецца дадому з чарговым расейскім крэдытам. На гэты раз - да $2 млрд. Спецыяльны карэспандэнт «Коммерсанта» Андрэй Калеснікаў спрабуе зразумець, як гэта яму ўдаецца.

Фото: Дмитрий Духанин / Коммерсант

«Саюзная дзяржава» Беларусі і Расеі - самае доўгажывучае з новых палітычных утварэнняў на прасторы былога СССР. Яно было створана 8 снежня 1999 года і з тых часоў з'яўляецца дзяржавай-зданню, дзяржавай-ілюзіяй, дзяржавай, у якой ёсць Вышэйшы дзяржсавет, Савет міністраў, Парламенцкі сход і бюджэт. Няма толькі самой дзяржавы (але гэта, відавочна, не так важна, калі ёсць яе бюджэт).

Старшынёй Вышэйшага дзяржсавета з'яўляецца Аляксандр Лукашэнка, які нясе гэтае званне праз гады і церні (на пытанне куды няма пакуль адказу). Учора Аляксандр Лукашэнка таксама вёў пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета - і для пачатку на сустрэчы ў вузкім складзе, які быў пашыраны за гадзіну да яе пачатку (у размове ўзялі ўдзел прэм'еры Расеі і Беларусі Дзмітрый Мядзведзеў і Міхаіл Мясніковіч, міністры замежных спраў, фінансаў...). Спадар Лукашэнка з задавальненнем заўважыў, што раніцай прачытаў тое, што СМІ напісалі пра пасяджэнне Вышэйшага еўразійскага савета, які прайшоў у Маскве напярэдадні.

- Звычайна ў Расеі нават падкрытыкоўваюць, - спадар Лукашэнка быў прамяніста дыпламатычны, - а тут усе аднадушныя, што мы правялі добрае мерапрыемства і зрабілі яшчэ адзін крок да мэты, якую ставім (стварыць да студзеня 2015 года Еўразійскі саюз).

Тым, хто не быў аднадушны, было, відавочна, проста ўсё роўна, і яны пра гэта пасяджэнне нічога не напісалі.

У пачатку пасяджэння ў пашыраным складзе Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што хоць такія пасяджэнні «могуць здацца руціннымі, але гэта і ёсць галоўнае дасягненне нашай працы: мы ўспрымаем такія сустрэчы як мае быць».

Нельга не прызнаць, што Аляксандр Лукашэнка выказаўся вычарпальна. Бюджэт «саюзнай дзяржавы» на наступны год апынуўся тым не менш блізкім да 5 млрд руб. Па сцвярджэнні Уладзіміра Пуціна, гэтыя грошы пойдуць на развіццё 37 сумесных праграм (якія, зрэшты, маглі быць рэалізаваныя і ў рамках супрацоўніцтва дзвюх незалежных дзяржаў: каб разам выдаткаваць некалькі мільярдаў, хіба абавязкова ствараць «саюзную дзяржаву»? Дастаткова некалькі сумесных прадпрыемстваў).

Пасля пасяджэння ў пашыраным складзе Аляксандр Лукашэнка выступіў з заявай. Я хацеў было ўжо напісаць, што балюча бачыць, як кіраўнік Беларусі з гадамі з фігуры, можна сказаць, дэманічнай ператвараецца ў руцінную. Глухім здаваўся яго голас, ды не - менавіта руцінным.

Стомлена ён распавёў пра тое, што Беларусь выканала ўсе свае абавязацельствы перад Расеяй наконт будаўніцтва алімпійскіх аб'ектаў - «гасцініц і шмат чаго іншага»... Праўда, Аляксандр Лукашэнка адразу і прызнаў, што «гэта больш для беларусаў: мы краіна не горная, а стварылі курорт сусветнага ўзроўню». То бок Аляксандр Лукашэнка даў зразумець, што аб'екты, за якія ўзялася адказваць яго краіна, будуць і працаваць на грамадзян яго краіны. Такім чынам, ён зрабіў тое, на што намякаў з самага пачатку: што ў раёне Сочы ўзнікне дзякуючы Алімпіядзе невялікі, але важкі курортны рай . Матэрыяльныя ўмовы, каб гэтая радасць адбылася, ён і на самой справе выгандляваў з самага пачатку.

Між тым Аляксандру Лукашэнку не варта было дэманстраваць такі стомлены голас. Хутчэй, ён павінен быў здавацца стомленым, але задаволеным. Бо за некалькі хвілін да гэтага Уладзімір Пуцін абвясціў, што Расея дасць Беларусі пазыку «да $2 млрд».

Гэта быў таксама, увогуле, руцінны момант: Беларусь прывыкла атрымліваць грошы ад Расеі.

- Але я хацеў бы сказаць тым, хто крытыкуе у тым ліку і вас, Уладзімір Уладзіміравіч, - дадаў Аляксандр Лукашэнка, - ні прэзідэнт Беларусі, ні прэзідэнт Расеі проста так нічога не робяць!

Прынамсі пра сябе Аляксандр Лукашэнка мог казаць гэта з поўнай упэўненасцю.

Спадар Лукашэнка растлумачыў, чаго проста так не робіць прэзідэнт Расеі: у вытворчасці камплектуючых для беларускай эканомікі задзейнічаныя больш за 10 млн расейцаў.

Можна было б знайсці тлумачэнне і больш пераканаўчае, і больш праўдзівае, але Аляксандр Лукашэнка не стаў яго агучваць.

- Так што гэтыя грошы не будуць проста так праедзеныя, - услых сказаў Аляксандр Лукашэнка тое, пра што і так усе ўжо паспелі падумаць.

- Мы, - дадаў ён пры гэтым, - самыя блізкія дзяржавы ў свеце. Бліжэй няма. Можа быць, на жаль.

Ці то Лукашэнка даваў зразумець, як шкадуе, што ў свеце няма больш такіх блізкіх дзяржаў, ці то намякаў, што і рады быў бы яшчэ да каго-небудзь бліжэй быць, ды няма да каго.

Пасля гэтых заяў журналісты атакавалі міністра эканамічнага развіцця Расеі Аляксея Улюкаева:

- Адкуль з'явяцца гэтыя грошы - амаль $2 млрд?

- Паўтара! - адбіваўся міністр.

- Да двух! - папраўлялі яго. - Зноў з Фонду нацыянальнага дабрабыту? Там і так амаль нічога не засталося!

- Ну не ведаю, - разводзіў рукамі Аляксей Улюкаеў. - Спытаеце ў міністра фінансаў...

Яму, падобна, не вельмі падабалася ўся гэтая гісторыя. Міністр фінансаў Антон Сілуанаў на пытанне, адкуль ўрад Расеі возьме грошы на гэты крэдыт, адказаў коратка:

- А вы спытайце ва Улюкаева.

Але потым вырашыў усё ж такі растлумачыць падрабязнасці, якія ён і сам відавочна да канца не ведае: міждзяржаўны крэдыт будзе выдадзены Беларусі ў наступным годзе на дзесяць гадоў. Фонд нацыянальнага дабрабыту ў гэтым праекце задзейнічаны не будзе (значыць, будуць ужытыя іншыя, на жаль).

Неагучаным засталося яшчэ адно падпісанае ўчора пагадненне - па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве паміж Расеяй і Беларуссю.

Гэта, можа быць, і ёсць сапраўдны кошт пытання. Гэта менавіта тое, з-за чаго Аляксандр Лукашэнка кожны раз вяртаецца ў Маскву за перамогай.

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках