26 красавiка 2024, Пятніца, 23:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыс Жэліба: Новага крэдыту Беларусі хопіць на год

31
Барыс Жэліба: Новага крэдыту Беларусі хопіць на год

А далей усе язвы беларускай эканомікі зноў аголяцца.

Пасля таго як Пуцін паабяцаў Беларусі пазыку да 2 мільярдаў даляраў, Лукашэнка запэўніў, што «гэтыя грошы не будуць проста так праедзеныя».

- Гэта, дарэчы, падтрымка для падтрымання абменнага курсу, у тым ліку і, натуральна, і эканомікі нашай краіны, - заявіў кіраўнік.

Доктар эканамічных навук, прафесар Барыс Жэліба абвяргае словы Лукашэнкі.

- Галоўная мэта паездак Лукашэнкі ў Сочы і Маскву дасягнутая. Усё астатняе, што там заключалі і падпісвалі, - другараднае, - адзначыў аналітык у экспрэс-каментары «Салідарнасці». - Ён выпрасіў чарговую пазыку ў памеры двух мільярдаў. Без яе пытанне абвальнай дэвальвацыі было бы вырашана, і сцэнар 2011 года ў будучым годзе нам бы таксама быў забяспечаны.

На думку эксперта, Расея ў чарговы раз кінула беларускай эканоміцы выратавальны круг. Горш за ўсё, што гэтая валюта будзе выкарыстаная так, як і раней.

- Гэтыя грошы залічаць у золатавалютныя рэзервы. І яны будуць выкарыстаныя, у першую чаргу, для валютных інтэрвенцый на біржы, каб пакрыць дэфіцыт валюты, які ўзнікае з прычыны адмоўнага гандлёвага і плацёжнага балансаў, - тлумачыць Барыс Жэліба. - Інакш кажучы, ужо ёсць намер праесці гэтыя грошы - выдаткаваць на бягучыя патрэбы. Тады як валюту трэба траціць на мадэрнізацыю, на капіталаўкладанні, на абнаўленні асноўных сродкаў нашых прадпрыемстваў, на тое, каб наша прадукцыя была больш канкурэнтаздольнай, і на тое, каб разышліся звышнарматыўныя запасы. З заявы Лукашэнкі не відаць, што крэдыт будзе выдаткаваны на гэтыя мэты.

Эканаміст нагадвае, што да гэтага Расея двойчы давала крэдыты Беларусі ў памеры трох мільярдаў (у 2007 і 2011 гадах).

Памяншэнне крэдыту Беларусі да двух мільярдаў суразмоўца звязвае з яшчэ адной ношай Расеі - крэдытаваннем Украіны на 15 мільярдаў даляраў.

- 3 млрд. даляраў - гэта быў той мінімум, які падтрымліваў нашу эканоміку на плаву, - кажа Барыс Жэліба.

Новага крэдыту ад Расеі Беларусі хопіць на год - максімум паўтара.

- А далей усе язвы беларускай эканомікі зноў аголяцца, і будзем хадзіць з працягнутай рукой. Перспектыў падняць эканоміку не відаць, хіба яшчэ выпрасіць сродкаў да 2015 года. Так і жыве наша кіраўніцтва: абы дзень прастаяць і ноч пратрымацца, - сказаў на заканчэнне эксперт.

Фота: «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках