15 траўня 2024, Серада, 16:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады скарачаюць выдаткі на ўтрыманне дарог

22
Улады скарачаюць выдаткі на ўтрыманне дарог

Нават з улікам увядзення новага падатку на аўто ў Берасцейскай вобласці ў 2014 годзе будуць значна скарочаныя выдаткі на ўтрыманне дарог.

Паводле звестак charter97.org, у зацверджаным абласным бюджэце на наступны год на развіццё дарожнай гаспадаркі мяркуецца выдаткаваць 164 млрд рублёў. Гэта на 20 % менш, чым выдавалася сёлета, і складзе толькі крыху больш за 1 % выдатковай часткі бюджэту будучага года. І хоць у беларускім урадзе абяцаюць палову сродкаў ад сабранага аўтамабільнага збору накіроўваць у рэгіёны, гэта наўрад прыкметна палепшыць стан дарог і вуліц. Дарэчы кажучы, на ўпарадкаванне населеных пунктаў на Берасцейшчыне мерацца ў 2014-м годзе выдаткаваць яшчэ менш - толькі 106 млрд рублёў (75% сумы ад цяперашняга ўзроўню). Затое выдаткі на ўтрыманне органаў мясцовага кіравання і самакіравання закладзеныя ў суме больш за 463 мільярды рублёў.

Паколькі на сілавыя структуры грошы выдаюцца з нацыянальнага бюджэту, самыя галоўныя выдаткі абласнога скарбу - роўна палова выдатковай часткі - прадугледжаныя на адукацыю (28%) і медыцыну (22%). Яшчэ па 12% пойдзе на патрэбы ЖКГ і жыллёвае будаўніцтва, 8% - прызначаныя сельскай гаспадарцы, па 4% - на сацыяльныя выплаты, культуру і спорт.

Пры гэтым у абласным бюджэце Берасцейшчыны ўжо закладзены рост тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі як мінімум на 36%, у той час рост намінальнага заробку ў наступным годзе - паводле самага аптымістычнага прагнозу - павінен скласці 20%. Зрэшты, з улікам запланаванай інфляцыі рэальны рост даходаў наўрад перасягне 6%.

Варта таксама заўважыць, што ў 2014-м годзе ў рэгіянальныя бюджэты цяпер не ўключаны падатак на прыбытак з прадпрыемстваў рэспубліканскага падпарадкавання (цяпер гэты падатак будзе паступаць у бюджэт краіны). Праўда, як заўважыў начальнік фінансавай ўправы Берасцейскага аблвыканкама Іван Вабішчэвіч, страты для вобласці наўрад будуць вялікія, бо большасць гэтых прадпрыемстваў мае мінімальны прыбытак альбо зусім стратная. У астатнім жа прыбытковая частка бюджэту будзе фармавацца галоўным чынам ад паступленняў ПДВ і падатку на фізічных асоб.

Цікавая яшчэ адна лічба, закладзеная ў гадавы прагноз берасцейскіх улад: афіцыйна беспрацоўе ў рэгіёне павінна вырасці з цяперашніх 0,7% ад усяго працаздольнага насельніцтва да 1,4%. Чыноўнікі тлумачаць гэта тым, што гэта адбудзецца «за кошт аптымізацыі колькасці працоўных у бюджэтнай сфэры». Што да сярэдняга заробку ў рэгіёне, то пад канец наступнага года ён павінна скласці не менш як 5,4 мільёна рублёў.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках