4 траўня 2024, Субота, 18:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Для каго грошай не шкада?

34
Для каго грошай не шкада?

Рост бюджэтных выдаткаў на тую ці іншую сферу - паказчык, які сведчыць аб тым, якія сферы для дзяржавы з'яўляюцца прыярытэтнымі.

Аналіз прапарцыйных выдаткаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі дае магчымасць зразумець, што напраўду стаіць за прапагандысцкім лозунгам аб сацыяльнай арыентаванасці скарбу, піша "Народная воля".

Так, выдаткі на пенсійнае забеспячэнне зменшыліся з 5,42% у 2006 годзе і 5,44% у 2011-м да 3,82% у 2013 годзе. Гэта будзе практычна самы нізкі паказчык за апошнія сем гадоў. Ніжэйшы быў толькі ў 2010 годзе, калі на гэтыя мэты было выдаткавана 3,65% дзяржаўнага бюджэту.

У цэлым у раздзеле «Сацыяльная палітыка» фінансаванне скарацілася з 9,33% у 2006 годзе да 6,83% у 2013-м.

Значна скарочаныя выдаткі на ахову навакольнага асяроддзя - з 2,31% у 2006-м да 0,56% у 2013-м. Менш грошай на гэтыя мэты беларуская дзяржава ніколі не выдавала.

Сур'ёзныя страты пацярпеў і раздзел «Нацыянальная эканоміка». У 2006 годзе 31,12% бюджэту выдавалася менавіта на гэтую сферу. У бюджэце 2013-га года закладзена толькі 14,48%. Гэта таксама рэкордны мінімум. Прычым, грошай не далічацца нават традыцыйныя ўлюбёнцы дзяржаўнага скарбу. Так, на праекты ў сельскай гаспадарцы вымяркоўваецца 5,55% бюджэту (у 2006-м годзе гэта было 12,81%). Бурыцца і міф пра добрыя беларускія дарогі: дарожная гаспадарка ў 2006-м атрымлівала 9,05% усіх сродкаў, у 2013-м гэта будуць толькі 1,97%.

Выдаткі на адукацыю, фізкультуру, культуру на працягу апошніх гадоў значна не мяняліся. Выдаткі на ахову здароўя нават маюць некаторую дынаміку росту (з 3,97% у 2006-м да 4,39% у 2013-м). Аднак пры гэтым непасрэдна на медыцынскую дапамогу грамадзянам грошай выдаецца менш: у 2006-м гэта было 2,58%, у 2013-м - 2,14%.

Але калі дзесьці зменшала, то, як вядома, дзесьці павінна пабольшаць. Фінансаванне якіх сфер павялічанае?

Імкліва вырасла фінансаванне агульнадзяржаўных выдаткаў: з 32,84% у 2006 годзе да 52,65% у 2013-м. Самы стромкі рост - у пазіцыях «Абслугоўванне дзяржаўнай запазычанасці» і «Трансфэрты іншых узроўняў дзяржаўнага кіравання» (менавіта таму кіраўнікі раённай «вертыкалі» могуць дазволіць сабе дарагія аўто, каб пыхліва раз'язджаць па сваіх жабрацкіх рэгіёнах). Аднак нягледзячы на тое, што 2013 абвешчаны Годам ашчадлівасці, дзяржорганы агульнага прызначэння сябе не пакрыўдзілі. У 2010-м на іхнае фінансаванне ішло 2,05% дзяржбюджэту, у 2008-м - 2,28%, у 2009-м - 2,21%. У 2013-м годзе гэта ўжо будзе амаль 3% дзяржбюджэту.

Праваахоўная дзейнасць і бяспека «з'есць» 8,59% дзяржаўнага скарбу. Гэта больш, чым фінансаванне ўсіх праектаў у галіне сацыяльнай палітыкі ці адукацыі, або аховы здароўя. Варта адзначыць, што выдаткі на паліцэйшчыну растуць імклівымі тэмпамі: яшчэ ў 2009-2010 гг. яны складалі 6,47-6,48%. Гэта значыць, за пару гадоў выраслі адразу на 2%, чым не можа пахваліцца ніводная іншая сфера.

Пры гэтым цалкам відавочна, што ўлада канцэнтруе сілы і фінансавыя сродкі на барацьбе менавіта з унутраным ворагам, бо выдаткі на нацыянальную абарону ўсе апошнія гады значна не мяняліся. У 2013 годзе яны складуць 5,03% дзяржбюджэту. Сёлета гэта было 4,96%, летась - 5,3%, і за гэтыя паказчыкі фінансаванне беларускай арміі ў апошнія гады не выходзіла.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках