Анатоль Лябедзька: Справа Васільева выявіла наяўнасць валютнага спецфонду КДБ
12- 12.02.2013, 17:00
Менавіта з яго вылучаліся 250 тысяч даляраў для «хабару» сталічнаму чыноўніку.
Пра гэта ў сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» напісаў палітык Анатоль Лябедзька.
«Справа Васільева выявіла наяўнасць валютнага спецфонду КДБ. Менавіта з яго вылучаліся 250 тысяч даляраў для «хабару» сталічнаму чыноўніку. Нельга выключаць, што гэты фонд часткова фінансуецца за кошт канфіскацый, а, калі па простаму, то - крадзяжоў грошай супрацоўнікамі КДБ у апазіцыйна настроеных грамадзянаў.
Можа пасля завяршэння суда над Васільевым і вяртання даляравага доказу ў Спецфонд камітэт верне грошы і рэчы, якія належаць мне. Ці трэба яшчэ каму з чыноўнікаў прапанаваць новы хабар?» - пытаецца палітык.
Нагадаем, супрацоўнікі спецслужбаў неаднаразова канфіскоўвалі грашовыя сродкі ў актывістаў апазіцыі падчас ператрусаў і надглядаў. Як правіла, іх адмаўляліся вяртаць уладальнікам па надуманых прычынах.
Ігар Васільеў, намеснік старшыні менскага гарвыканкама Мікалая Ладуцькі, быў учора асуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі.