19 красавiка 2024, Пятніца, 1:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пад Магілёвам «дэпутат» разараў курганы

40

Пасля гэтага вёска Нядашава-2 Магілёўскага раёна стала прывабным месцам для чорных капальнікаў.

«Цяпер у нашай вёсцы людзі з металадэтэктарамі не рэдкасць, - кажа ў інтэрв'ю charter97.org жыхар вёскі Дзмітрый Яўстратаў. - Сярод знаходак сустракаюцца старадаўнія манеты, прадметы старадаўніх аздоб. Адзін такі капальнік сказаў, што знайшоў старадаўні абразок. Я наважыў сам прайсці па разараныя лузе і знайшоў 7 старадаўніх манет, на якіх надпісы зробленыя на лацінцы».

Дзмітрый распавядае, што курганы ў іх вёскі былі ўвесь час, і іх ніхто не чапаў, аднак калі лугавую зямлю перадалі ў карыстанне мясцоваму фермеру Юрыю Коршунаву, ён наважыў там усё пераараць і засадзіць атрыманы палетак кукурузай.

«Нам стала вядома, што зямлю кіраўніку сялянска-фермерскай гаспадаркі «Пралесак» Юрыю Коршунаву далі ў пажыццёвую арэнду з мноствам парушэнняў. Ужо прамінулай датай зямля была пераведзеная з катэгорыі лугавой у ворную. Не былі праведзеныя грамадскія слуханні. І самае галоўнае - людзям быў фактычна перацяты доступ да вадаёма», - працягвае Дзмітрый Яўстратаў.

Жыхар вёскі адзначае, што доўгая перапіска з чыноўнікамі нічога не дала.

«Пракуратура прызнала шматлікія факты парушэнняў пры перадачы зямлі фермеру. Хтосьці з чыноўнікаў атрымаў за гэта дысцыплінарныя спагнанні, аднак зямля засталася ў фермера, а традыцыйнае месца адпачынку ўсіх жыхароў Нядашава-2 каля вадаёма стала недаступным», - кажа Яўстратаў.

Актывіст паведамляе, што суд жыхароў вёскі з фермерам Юрыем Коршунавым пройдзе заўтра, 19 лютага. Нядашаўцы будуць дамагацца таго, каб зямлю вярнулі жыхарам у грамадскае карыстанне, як гэта было раней, і людзі маглі адпачываць на гэтай зямлі сем'ямі.

«Я сустракаўся з магілёўскім археолагам Ігарам Марзалюком, які мне паведаміў, што знойдзеныя манеты належаць да 16-17 стагоддзя, г.зн. часоў ВКЛ. Тэрыторыя нашай вёскі не даследаваная. На ягоную думку, на разараным месцы магло знаходзіцца селішча, якое не было даследаванае. Ён абяцаў бліжэйшым часам з гэтым разабрацца, а падчас археалагічнага сезона выехаць на раскопкі», - кажа Дзмітрый.

Варта адзначыць, што кіраўнік сялянска-фермерскай гаспадаркі «Пралесак» Юрый Коршунаў з'яўляецца дэпутатам магілёўскага раённага і сельскага Саветаў дэпутатаў.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках