24 красавiка 2024, Серада, 0:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новы закон: Медыцына для алкаголікаў і наркаманаў будзе платнай

344
Новы закон: Медыцына для алкаголікаў і наркаманаў будзе платнай

Міністэрства аховы здароўя падтрымлівае ўвядзенне платнай медыцыны для асобных катэгорый грамадзян.

Міністр аховы здароўя Беларусі Васіль Жарко сёння заявіў, што грамадзяне, якія прычынілі шкоду свайму здароўю ў выніку ўжывання алкаголю ці наркатычных сродкаў, павінны аплачваць сваё лячэнне.

Гэтая норма прапісаная ў зменах і дадатках у Закон «Аб ахове здароўя».

«Змены таксама прадугледжваюць кампэнсацыю сродкаў за медыцынскую дапамогу ў лекарскіх установах грамадзянамі, якія прычынілі шкоду свайму здароўю ў выніку ўжывання алкаголю ці наркатычных сродкаў», - заявіў Жарко ў панядзелак на сустрэчы ў Лукашэнкі.

Жарко праінфармаваў, што «міністэрства аховы здароўя праводзіць сістэмную работу для ашчаднага размеркавання грашовых сродкаў на ўтрыманне лекарскіх устаноў і на мадэрнізацыю». На ягоную думку, «у краіне дастаткова ложка-месцаў для лекавання людзей».

Са слоў міністра, «новым законапраектам таксама прадугледжваецца шэраг дадаткаў у раздзеле прафілактыкі захворванняў, аховы рэпрадукцыйнага здароўя, а таксама медычнай таямніцы - у прыватнасці, прапануецца павялічыць пералік асоб, якім будзе на іхныя запыты выдавацца гэтая інфармацыя».

«Акрамя таго, будуць павялічаныя тыпы медыцынскай дапамогі, у тым ліку пацыентам дома», - адзначыў Жарко.

У сваю чаргу Лукашэнка заявіў, што не хоча павялічваць выдаткі на медыцыну.

«Я не запрашаў бы міністра для таго, каб абмеркаваць змены ў Закон «Аб ахове здароўя», калі б там не было фінансавага складніка і новых кірункаў у змене існага становішча ў гэтай сфэры, што звязана з пэўнымі выдаткамі дзяржаўнага бюджэту», заявіў правадыр.

«Па-першае, мяне гэта здзіўляе, бо міністр пра гэта казаў, і ва ўрадзе гучаць прапановы аб тым, каб хаця б частку выдаткаў на ахову здароўя перанесці на саміх людзей. А тут прапануецца выдаткоўванне яшчэ дадатковых сродкаў за пэўныя працэдуры ў шпіталях дзённага ўтрымання і гэтак далей. Гэта неяк дысануе з вашымі прапановамі», - падкрэсліў ён.

«Напэўна, зноў непапулярна скажу - у нас жа здароўе нічога не вартае. У нас людзі не звыклі клапаціцца пра сваё здароўе. Мы ўсе ведаем з сябе, што калі б выконвалі рэкамендацыі лекараў і дзейнічалі з улікам назапашанага досведу, то хварэлі б удвая менш. Але ў нас можна напіцца, нагу зламаць, потым дзяржава за кошт іншых людзей лечыць, можна ў сувязі з курэннем атрымаць значную шкоду здароўю. У нас замест таго, каб спортам заняцца, некаторыя людзі п'юць, седзячы дома і разумеючы, што гэта здароўя не дадае, а наадварот, моцна адымае» - паўтарыўся Лукашэнка.

«На Захадзе прымусілі ўсё насельніцтва плаціць за сваё здароўе. Вядома, мы да гэтага не гатовыя - патрабаваць ад насельніцтва поўнай аплаты за ўтрыманне ў шпіталях, за лячэнне і гэтак далей. Не гатовыя», - прызнаў ён.

«Але, думаю, мы і так сёння распускаем ніштаватыя грошы на тое, каб захаваць чалавеку здароўе. Мы ўкладаем каласальныя грошы, мільярды даляраў на мадэрнізацыю аховы здароўя і шмат чаго ў гэтым плане дасягнулі. Вядома, мы частку выдаткаў кампэнсуем за кошт лячэння людзей з-за мяжы, гэта таксама пэўны шлях. Але пытанне ў тым, дадаткова сёння выдаткоўваць ці не», - заявіў Лукашэнка.

«Ці не пацягнуць гэтыя змены эфэкту ланцуговай рэакцыі: сёння - лекар, заўтра - скажа настаўнік, ён мае права так паставіць пытанне пра некаторыя прапановы, якія вы ўносіце. Таму трэба вельмі асцярожна падыходзіць да гэтых рэчаў, якія цягнуць за сабой не мільярды нават, а трыльёны рублёў на забеспячэнне гэтых акцый», - дадаў ён.

Напісаць каментар 344

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках