6 траўня 2024, панядзелак, 7:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы змятаюць трэць тавараў віленскіх крам

16
Беларусы змятаюць трэць тавараў віленскіх крам

У гандлёвых цэнтрах або ў горадзе можна часта ўбачыць аўтамабіль з беларускімі нумарамі або замежніка з пакупкамі.

Але спецыялісты сцвярджаюць, што багатыя пакупнікі з суседняй краіны нядоўга будуць ездзіць у Літву - праз пару гадоў колькасць крам у Беларусі ненашмат будзе адрознівацца ад таго, што ёсць у нас, піша ru.delfi.lt са спасылкай на diena.lt.

Цікавяцца дарагімі крамамі

Па дадзеных Дзяржаўнага турыстычнага дэпартамента, у мінулым годзе ў гасцініцах Літвы спыняліся 1,1 млн. іншаземцаў, больш за ўсё - расейцаў. У 2012 годзе было і 117 000 гасцей з Беларусі.

Па словах спецыялістаў, паток гасцей з Беларусі застаецца вялікім, і яны ахвотна трацяць грошы на розныя куплі.

Прадстаўнік Віленскага цэнтра турызму Зіта Букіна падлічыла, што толькі ў студзені гэтага года было 612 гасцей з Беларусі. У мінулым годзе іх было 6124, на 62% больш, чым у 2011 г.

«Беларусы часта пытаюцца ў нашых супрацоўнікаў пра крамы. Іх больш за ўсё цікавяць больш дарагія крамы», - сказала Букіна.

Беларусы часта наведваюць гандлёвыя цэнтры. Тут яны змятаюць адзенне, абутак, электроніку, ювелірныя вырабы, касметыку.

Гандлёвы цэнтр Ozas ужо некаторы час актыўна рэкламуецца ў Менску, Віцебску, і гэта апраўдвае сябе. Як сцвярджае прадстаўнік цэнтра Ozas Дайва Гайлюшайтэ, у мінулым годзе колькасць пакупнікоў з Беларусі ўзрасла больш чым удвая, у параўнанні з 2011 г.

«Беларусаў цікавяць вядомыя брэнды, а тавары тут танней, чым у іх. Акрамя гэтага, яны могуць вярнуць частку ПДВ», - сказала Гайлюшайтэ.

Адзін беларус у гандлёвым цэнтры траціць у сярэднім 500-600 літаў, а больш за ўсё кліентаў з суседняй краіны бывае па выходных.

Прадстаўнік гандлёвага цэнтра Akropolis Чэславас Урбанавічус заўважыў, што ў апошні час кліенты з Беларусі выбіраюць не толькі вядомыя брэнды і больш дарагія тавары, але і купляюць прадукты харчавання.

Самі будуюць гандлёвыя цэнтры

У пачатку лютага рэкламнае агенцтва AD Hunters Baltics правяло даследаванне, падчас якога апытала 1032 грамадзян Беларусі, якія прыехалі за куплямі ў Літву. Высветлілася, што куплі беларусаў складаюць немалую частку абароту магазінаў Вільні - у сярэднім 10-15%, а ў некаторых крамах - да 30%.

У сярэднім за адну паездку беларусы трацяць у літоўскіх крамах 450-600 даляраў ЗША (1170-1560 літаў). Найбольш выгадна ім купляць абутак, адзенне, бытавую тэхніку, парфумерыю, ювелірныя вырабы, алкагольныя напоі з заходніх краін, так як у Беларусі яны амаль удвая даражэй.

Праўда, па словах дырэктара AD Hunters Baltics Кястуціса Шсакаса, наплыў пакупнікоў з Беларусі будзе працягвацца яшчэ некалькі гадоў - цяпер у суседняй краіне будуецца 30 сучасных гандлёва-забаўляльных цэнтраў. Частку з іх будуюць літоўцы.

«Пасля таго, як Беларусь, Расея і Казахстан стварылі Мытны саюз, стала лягчэй імпартаваць тавары, таму ў Менску і іншых месцах краіны з'яўляецца ўсё больш крамаў. Гэта значыць, толькі пытанне часу, калі беларусы перастануць ездзіць за куплямі ў Літву», - лічыць Ісакас.

Едуць, таму што хочуць у Еўропу

Але літоўскія прадпрымальнікі не асцерагаюцца, што плынь гасцей з Беларусі знізіцца. Д.Гайлюшэне сцвярджае, што асноўны козыр літоўскіх гандлёвых цэнтраў - кошты.

«І цяпер каля Менска ёсць сучасныя гандлёвыя цэнтры, але беларусы ўсё роўна едуць да нас. Галоўнае для іх - кошты і магчымасць зэканоміць. Не думаю, што ў будучыні ў Беларусі кошты будуць ніжэйшыя, чым у нас», - сказала Гайлюшэне.

Урбанавічус дадаў, што беларусаў прыцягваюць не толькі магчымасці зрабіць куплі, але і забавы.

«Мы заўважаем, што гасцей з суседніх краін прыцягваюць не толькі пакупкі, але і магчымасць змястоўна правесці вольны час, адпачынак, проста паехаць «у Еўропу», «за мяжу».

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках