6 траўня 2024, панядзелак, 9:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША і Польшча - асноўныя саюзнікі Беларусі

55
ЗША і Польшча - асноўныя саюзнікі Беларусі

У рамках польска-амерыканскага дыялогу ў падтрымку дэмакратыі прайшла дыскусія па сітуацыі Беларусі.

28 лютага ў Варшаве прайшоў трэці раунд польска-амерыканскага дыялогу ў падтрымку дэмакратыі. Яго тэмай стала прасоўванне дэмакратычных каштоўнасцяў ва Усходняй Еўропе, Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе.

Польскую дэлегацыю ўзначальваў намеснік міністра замежных спраў Ежы Памяноўскі. Падчас сустрэчы ён падкрэсліў ролю і наступствы цяперашняга польска-амерыканскага супрацоўніцтва.

«Стратэгічны дыялог з'яўляецца асновай нашых адносін і кожны раз мае пэўны эфект у дачыненні да найважнейшых партнёраў Польшчы - як непасрэдных суседзяў, так і больш аддаленых дзяржаў, якія сутыкаюцца з праблемамі падчас дэмакратычных пераўтварэнняў», - сказаў намеснік міністра замежных спраў Польшчы.

Прадстаўляючы амерыканскую дэлегацыю, Таміка Тылеман, старэйшы дарадца дзяржсакратара ЗША па пытаннях грамадзянскай супольнасці і маладых дэмакратый, адзначыў важнасць Польшчы ў стратэгічным партнёрстве для развіцця дэмакратыі.

«Польшча ўзяла на сябе ролю лідэра ў развіцці дэмакратыі ў рэгіёне, даючы іншым краінам магчымасць скарыстацца сваім вопытам больш чым 20-гадовай трансфармацыі», - сказаў Тылеман.

У рамках польска-амерыканскага дыялогу прайшла дыскусія па сітуацыі ў Беларусі. З дакладамі на мерапрыемстве выступілі кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэй Вардамацкі, супрацоўнік польскага Фонду Стэфана Баторыя Лукаш Бырскі і галоўны рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна.

Андрэй Вардамацкі назваў сучасную Беларусь «паркам Юрскага перыяду».

«Сучасную сітуацыю ў Беларусі можна ахарактарызаваць па чатырох блоках - сацыяльна-псіхалагічнаму, эканамічнаму, геапалітычнаму і медыйнаму.

Характарыстыкамі беларускай нацыі з'яўляецца высокі кваліфікацыйны ўзровень грамадства. Гэта можна растлумачыць савецкім мінулым. Тады Беларусь была канчатковым звяном агульнасаюзнага зборачнага цэха, а канчатковае звяно прадугледжвае высокі кваліфікацыйны ўзровень. Гэтым збольшага абумоўліваецца нізкая сацыяльная актыўнасць, таму што людзі ўвесь час былі занятыя прафесійнай рэалізацыяй.

Сёння ў сацыяльна-псіхалагічным плане характэрнай рысай з'яўляецца высокі ўзровень страху і немагчымасць індывідуальнай грамадскай актыўнасці.

Што тычыцца эканамічнага аспекту, то тут важны матыў індывідуальнага выжывання. Пры гэтым, сярод насельніцтва масава распаўсюджана адчуванне непазбежнасці другой хвалі крызісу. Для Беларусі ўсё больш характэрны феномен «паралельнага грамадства», калі дзяржава жыве адным жыццём, а людзі - зусім іншым.

Галоўным геапалітычным складнікам з'яўляецца масавы зыход людзей у Расею - у першую чаргу, на заробкі. Пры гэтым, у грамадстве прысутнічае разуменне таго, што крыніца новых тэхналогій - гэта не Расея, а заходнія краіны.

Што тычыцца сродкаў масавай інфармацыі, то ў грамадстве ўсё больш наспявае патрэба ў фарміраванні разнастайных пунктаў гледжання. Таго, які прапануюць афіцыйныя СМІ, людзям ужо відавочна недастаткова», - сказаў сацыёлаг.

Супрацоўнік польскага Фонду імя Стэфана Баторыя Лукаш Бырскі распавёў пра досвед працы з беларускай грамадзянскай супольнасцю.

«Для фондаў, якія працуюць з Беларуссю, існуе некалькі праблем. Адна з іх тычыцца таго, працаваць ім з усімі НДА або з новымі, якія з'явіліся нядаўна. Не варта забываць, што многія беларускія арганізацыі вымушаныя рэгістравацца ў Польшчы. Я задаю сам сабе пытанне: з-за чаго такое адбываецца? Яны павінны звяртацца да ўладаў Польшчы для таго, каб рабіць нешта для сваёй краіны. У Беларусі ім альбо забараняюць дзейнасць, альбо ўвогуле пазбаўляюць рэгістрацыі.

Сёння ў Польшчы мы бачым вельмі шырокае прадстаўніцтва беларускіх арганізацый, але яно можа стаць яшчэ большым пасля выбараў 2015 года.

Стаіць таксама пытанне ў тым, як краінам ЕЗ супрацоўнічаць з беларускімі ўладамі. Перадаваная ім інфармацыя выкарыстоўваецца для застрашвання і пераследу дэмакратычных актывістаў. Такі выпадак быў тут, у Польшчы, з Алесем Бяляцкім, які трапіў у турму на 4.5 года.

Таксама пытанне, як працаваць з банкамі, якія па законе абавязаныя збіраць інфармацыю. Ці ў бяспецы гэтая інфармацыя? Ёсць прыклады ўцечкі такой інфармацыі», - заявіў Лукаш Бырскі.

Наталля Радзіна пачала з асабістай гісторыі, распавёўшы, што, калі пасля турмы яна ўцякала з Беларусі праз Расею, некалькі амерыканскіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў - Брус Джэксан, Том Меліа і Дэвід Крэмэр - прынялі актыўны ўдзел у яе лёсе і дапамаглі хутчэй перабрацца ў бяспечную Еўропу . Калі журналістка, нарэшце, змагла атрымаць прытулак у ЕЗ, то пасля істотную дапамогу ў дзейнасці сайта charter97.org аказалі ўжо палякі - міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, віцэ-міністр Ежы Памяноўскі, прэзідэнт Фонду міжнароднай салідарнасці Кшыштаф Станоўскі, яго намеснік Марцін Вайцэхоўскі, кіраўнікі фонду «Свабода і дэмакратыя» Томаш Пісула і Марэк Буцько і іншыя.

«Так што я ведаю на сваім уласным прыкладзе, што Злучаныя Штаты Амерыкі і Польшча - гэта дзве краіны, якія могуць дапамагчы Беларусі.

Рэжым Лукашэнкі сёння слабы як ніколі - і эканамічна, і палітычна. Дыктатар не карыстаецца падтрымкай народа. Лукашэнка трымае ўладу толькі шляхам масавых рэпрэсій. Калі сёння Захад зноў вырашыць вярнуцца да чарговага бессэнсоўнага гандлю з дыктатурай Лукашэнкі, то беларусы страцяць унікальны шанец здабыць волю.

Захад павінен заставацца цвёрдым і прынцыповым. Патрэбныя санкцыі палітычнага і эканамічнага характару. Патрэбен пісьменны і разумны падыход да сітуацыі ў Беларусі. Патрэбна дапамога апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Патрэбныя інвестыцыі ў сучасныя мас-медыя, каб свабодная інфармацыя лёгка даходзіла да беларускіх грамадзян.

Аднак санкцыі ЕЗ сімвалічныя. Аб'ёмы гандлю Еўразвяза з дыктатурай за апошнія два гады выраслі ў 2 разы. І самае галоўнае, што падтрымка грамадзянскай супольнасці і апазіцыі ў Беларусі - вельмі малая.

Праблема ў тым, што ў ЕЗ і ЗША няма выразнай стратэгіі ў дачыненні да Беларусі. Была «канцэпцыя стабільнасці», згодна з якой вакол Еўразвяза павінна быць кольца стабільных дзяржаў. Падтрымліваліся суседнія дыктатарскія рэжымы: туніскі, егіпецкі, лівійскі, сербскі, беларускі, алжырскі. Гэтая канцэпцыя памылковая.

Падтрымка дыктатараў бессэнсоўная. Іх усё роўна зрынае народ, і тады ўзнікае дуга нестабільнасці, калі не было сур'ёзных інвестыцый у дэмакратычныя сілы гэтых краін.

Сённяшняя нестабільнасць у Міжземнамор'і, паражэнне «аранжавай рэвалюцыі» ва Украіне, рэваншызм у Расеі, агрэсіўнасць дыктатуры ў Беларусі - вынік таго, што Захад не рэагаваў належным чынам. Дыктатары ад гандлю з Захадам атрымліваюць мільярды даляраў, дэмакратычныя рухі больш выжываюць самі.

У свой час Амерыка дапамагла Польшчы вызваліцца ад дыктатуры камунізму, праявіўшы салідарнасць і стаўшы на бок народа, а не дыктатарскіх урадаў. Вы - ключавыя для нас краіны, якія маюць вопыт рэальнай дапамогі дэмакратыям і якім не трэба тлумачыць, што трэба рабіць у Беларусі. Вы можаце рэальна дапамагчы змяніць сітуацыю ў нашай краіне», - заявіла Наталля Радзіна.

Польска-амерыканскі стратэгічны дыялог у падтрымку дэмакратыі быў ініцыяваны міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім і былым дзяржаўным сакратаром ЗША Хілары Клінтан у 2011 годзе. Раней прайшло два раўнда сустрэч: 22 сакавіка 2011 года - у Варшаве і 8 траўня 2012 года - у Вашынгтоне.

Польска-амерыканскае супрацоўніцтва ў галіне распаўсюджвання дэмакратыі ажыццяўляецца з 2000 года ў рамках Супольнасці дэмакратый.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках