5 траўня 2024, Нядзеля, 8:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пер Кромвел: Нельга мець спраў з Лукашэнкам

36
Пер Кромвел: Нельга мець спраў з Лукашэнкам

Шведскія пілоты заклікаюць еўрапейцаў спыніць усе кантакты з беларускім дыктатарам.

Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org заявіў Пер Кромвел, кіраўнік рэкламнай кампаніі Studio Total, якая арганізавала «плюшавы дэсант» над Беларуссю 4 ліпеня мінулага года. Ён пракаментаваў рашэнне Генеральнай пракуратуры Швецыі пачаць расследаванне справы аб перасячэнні літоўска-беларускай мяжы лёгкаматорным самалётам.

«Відавочна, што літоўскія ўлады не хочуць разбірацца з гэтай справай. Яна досыць складаная, і ў Літве не ведаюць, што з гэтым рабіць», - сказаў ён.

Пер Кромвел заявіў, што не баіцца пераследу.

«Наша правапарушэнне, нават калі яно было, з'яўляецца нязначным. Мы проста павінны пачакаць і паглядзець, што будзе», - сказаў кіраўнік Studio Total.

Ён адзначыў, што адной з прычын рашэння Генеральнай пракуратуры Швецыі можа быць жаданне ўрада яго краіны супакоіць беларускія ўлады і дамагчыся вяртання свайго амбасадара ў Менск.

«Такое цалкам магчыма. Рана ці позна шведская амбасада ў Беларусь вернецца. Мы ўсе спадзяемся, што гэта адбудзецца пасля сыходу Лукашэнкі і як мага хутчэй», - заявіў Пер Кромвел.

Кіраўнік Studio Total распавёў і пра сваё стаўленне да паведамленняў пра тое, што Еўрапейскі Звяз вядзе перамовы аб магчымым выключэнні міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея са спісу неўяздных у абмен на вяртанне амбасадара Швецыі ў Менск.

«Патрабаванне вызваліць палітычных зняволеных - гэта добра, але, у першую чаргу, важна тое, што яны наогул не павінны былі апынуцца ў турмах. Размаўляючы з чалавекам, які кінуў іх туды, еўрапейскія палітыкі прызнаюць яго легітымнасць. Трэба быць вельмі асцярожным у адносінах з дыктатарам. Калі ніхто не будзе мець спраў з Лукашэнкам, з ім будзе скончана ў бліжэйшы час», - заявіў Пер Кромвел.

Нагадаем, аднаматорны самалёт са шведскім экіпажам з супрацоўнікаў кампаніі Studio Total несанкцыянавана перасёк паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Ён правёў у паветранай прасторы краіны каля паўтары гадзіны, скінуўшы над Івянцом і ўскраінай Менска больш за 800 плюшавых медзведзянят з цыдулкамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. Нягледзячы на тое, што вайскоўцы і памежнікі адмаўлялі парушэнне дзяржмяжы, па дадзеным факце была ўзбуджаная крымінальная справа.

13 ліпеня ў рамках расследавання быў затрыманы 20-гадовы фатограф Антон Сурапін, які першым выклаў на сваім сайце Belarusian News Photos фатаграфіі скінутых шведамі цацачных мядзведзяў. Пазней стала вядома пра затрыманне рыэлтара Сяргея Башарымава, які займаецца здачай кватэр на кароткі тэрмін і ў якога шведы маглі або планавалі здымаць жыллё.

31 ліпеня за «неналежнае выкананне службовых абавязкаў па забеспячэнню нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» Лукашэнка зняў з пасадаў кіраўніка Дзяржпамежкамітэта Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны генерал-маёра Змітра Пахмелкіна.

1 жніўня ўлады Беларусі адмовілі ў працягу акрэдытацыі амбасадару Швецыі ў Беларусі Стэфану Эрыксану, пасля чаго выбухнуў беларуска-шведскі дыпламатычны скандал. 17 жніўня КДБ змяніў Сурапіну і Башарымаву меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе.

У лютым 2013 года старэйшы прапаршчык памежслужбы, які не паведаміў вайскоўцам пра перасячэнне мяжы шведскім самалётам раніцай 4 ліпеня 2012 года, прысуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Нагадаем, шведcкія пілоты таксама сталі лаўрэатамі Нацыянальнай прэміі Хартыі'97 у галіне абароны правоў чалавека за 2012 год.

Фота з архіву

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках