4 траўня 2024, Субота, 20:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хлеб і каўбасу ўжо прадаюць у крэдыт

59
Хлеб і каўбасу ўжо прадаюць у крэдыт

Жыхары вёскі Бярозаўка Кармянскага раёна купляюць у мясцовай краме ежу ў крэдыт.

У вёсцы засталося ўсяго 37 жыхароў, піша onliner.by. Тым не менш у Бярозаўцы ёсць свая гандлёвая кропка. Працуе там ужо больш за 25 гадоў мясцовая жыхарка Галіна Лукашэнка. Яна і загадчыца, і прадавец, і кансультант, і мэрчэндайзер. І нават памяшканне сама ацяпляе.

У дзень сюды можа зайсці пяць, дзесяць чалавек, а часам і зусім давядзецца з раніцы да вечара стаяць за прылаўкам у ганарлівай адзіноце. Крама стратная, у месяц дае крыху больш за 30 млн рублёў даходу. У сярэднім адзін жыхар вёскі пакідае тут мільён рублёў у месяц. Падобная сітуацыя - у шматлікіх невялікіх вёсках.

Дык што ж карыстаецца папулярнасцю ў мясцовых жыхароў?

«Боршч і салянку ў банках добра бяруць, кансервы, - сказала Галіна. - Ну, а што яшчэ ў вёсцы трэба? Узрост у шмат каго ўжо такі, што не да кулінарыі. Ахвотна купляюць каву і гарбату. А вось пладова-ягаднае віно раней тут значна большым попытам карысталася. Таксама прычына ва ўзросце, я думаю».

Выбар алкаголю для сельмага вельмі нядрэнны: некалькі гатункаў вінаградных вінаў, айчынная гарэлка, каньяк, шампанскае. Піва бяруць ахвотна, нягледзячы на тое, што на двары мароз.

«Тушонка прадаецца добра, - прадаўжае загадчыца. - Шакаладкі, крупы, грэчку цяпер можна купіць са зніжкай. Дзе ўбачыце жоўты цэтлік - гэта тавары на акцыі».

Дарагія тавары сюды імкнуцца не завозіць. Напрыклад, вэнджаную рыбу. Са слоў намесніка старшыні мясцовага райпо Лідзіі Уласавай, кошт такога прадукту пад 80 тыс. за кіло, таму прывозяць яго толькі на святы. Інакш сапсуецца. З гэтай жа прычыны многія тавары ляжаць на прылаўку ў адзіным асобніку. Садавіну сюды завозяць па 2-3 кілаграмы. Да жаночага дня ў краму імкнуцца завезці і агуркі, і ананасы.

Шмат якія маркі цыгарэт прадстаўленыя ўсяго адным пачкам. Затое «Мінск» у чырвонай упакоўцы разыходзіцца імгненна.

«А што калі цалкам адмовіцца ад продажу спіртнога і цыгарэт?» - Цікавімся ў загадчыцы.

«Лепш не эксперыментаваць, - адказвае яна. - Адзін толькі дзень цвярозасці - гэта вялікае нэрвовае напружанне. Усе ходзяць, лаюцца. Да мяне нават непітушчыя прыходзілі, прасілі бутэльку. Бо ў вёсцы гарэлка - гэта ўстойлівая валюта. Шмат хто за працу грашыма і не возьмуцца».

Сярод гаспадарчых тавараў папулярныя пральныя парашкі, фарба і лямпачкі, таму што «перагараюць часта».

«Прамысловыя тавары стараемся прывозіць на заяўкі, каб не ляжалі мёртвым грузам, - распавяла Лідзія Уласава. - Хутка сезон пачнецца, будзем прадаваць боты і галёшы».

Адзенне мясцовыя жыхары таксама замаўляюць. Праўда, кошт мае вялікае значэнне: з дзесяці палітонаў салігорскага вырабу ў раёне прадалі толькі два. Магчыма, пакупнікоў напалохаў кошт у паўтара мільёна рублёў.

Крама працуе з 10:00 да 18:00, але калі камусьці трэба закупіцца ў іншы час, то загадчыца не адмовіцца адкрыць краму дзеля аднаго пакупніка. Акрамя таго, тут можна ўзяць тавар у крэдыт, ці то бохан хлеба або батон каўбасы. І не ўпотайкі, а цалкам афіцыйна. Для гэтага трэба запоўніць дамову таварнага крэдыту, праштампаваную мясцовым райпо. Сума на аднаго чалавека не павінна перавышаць 3 млн рублёў, і пра спіртныя напоі, вядома ж, размовы быць не можа. Тым больш што гарантамі вяртання «пазычаных» грошай выступаюць самі прадаўцы.

«У сярэднім за месяц у мяне чалавек 10 - 12 гэтай паслугай карыстаюцца, - сказала Галіна Адамаўна. - І людзям добра, i краме карысць: тавары на складзе не залежваюцца. Пакуль усё, дзякуй Богу, своечасова аддавалі».

Фотa: gp.by

Напісаць каментар 59

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках