3 траўня 2024, Пятніца, 1:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

КНДР разрывае ўсе пакты аб ненападзенні

79
КНДР разрывае ўсе пакты аб ненападзенні

Паўночная Карэя абвясціла пра разрыў усіх пагадненняў аб ненападзенні з Паўднёвай Карэяй, закрыццё гарачай лініі сувязі з Сеулам і закрыццё мяжы паміж дзвюма краінамі.

Гэты крок Пхеньяна рушыў услед за новым раўндам санкцый, уведзеных ААН у спробе ўтаймаваць паўночнакарэйскую ядзерную праграму, перадае ВВС.

Санкцыі сталі адказам на лютаўскае ядзернае выпрабаванне ў КНДР.

У адказ на гэта Пхеньян прыгразіў скарыстацца сваім правам на папераджальны ядзерны ўдар.

Апошняя заява КНДР, распаўсюджаная дзяржаўным інфармацыйным агенцтвам, абвяшчае, што Поўнач адмяняе ўсе дамоўленасці аб ненападзенні, заключаныя з Поўднем, і закрывае памежны пункт Панмунджом у дэмілітарызаванай зоне, якая падзяляе часткі Карэйскай паўвыспы.

Агенцтва таксама паведаміла, што паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын наведаў франтавыя воінскія часткі, якія ўдзельнічалі ў абстрэле паўднёвакарэйскай выспы ў 2010 годзе.

Кім даў наказ байцам быць гатовымі «знішчыць ворага» ў любы час і пацвердзіў так званыя «варожыя мэты» на пяці выспах на захад ад паўвострава.

Рэзалюцыя 2094, якая прадугледжвае ўжо чацвёрты пакет санкцый у дачыненні да Пхеньяна, была прынятая Радай Бяспекі ААН аднагалосна.

Яна закранае паўночнакарэйскіх дыпламатаў, грашовыя пераводы і доступ да прадметаў раскошы.

Таксама ўводзіцца забарона на выдачу віз тром паўночнакарэйскім службовым асобам і замарожваюцца актывы гэтых людзей, а таксама двух кампаній, звязаных з войскам Паўночнай Карэі.

Прадстаўнік ЗША пры ААН Сюзан Райс заявіла, што рэзалюцыя «рашуча асуджае» дзеянні КНДР, а санкцыі «дадаткова абмяжуюць» магчымасці Пхеньяна развіваць яго ядзерную праграму.

У выпадку новых ядзерных выпрабаванняў ААН распачне дадатковыя дзеянні ў адказ, папярэдзіла Райс.

Прадстаўнік МЗС Кітая Цынь Ган вітаў рэзалюцыю ААН і назваў яе «ўмеранай мерай у адказ».

Пекін заклікаў усе бакі захоўваць спакой і «ўстрымлівацца ад дзеянняў, здольных прывесці да эскалацыі напружанасці».

Да галасавання Паўночная Карэя вінаваціла ЗША ў развязванні вайны.

«Да таго часу, пакуль Злучаныя Штаты гатовыя распаліць ядзерную вайну, нашыя войскі будуць карыстацца сваім права на папераджальны ядзерны ўдар», - гаварылася ў заяве паўночнакарэйскага МЗС.

Напісаць каментар 79

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках