9 траўня 2024, Чацвер, 4:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Справа аб выбуху ў Лагойскім раёне перададзеная ў Генпракуратуру

1
Справа аб выбуху ў Лагойскім раёне перададзеная ў Генпракуратуру

Крымінальная справа аб выбуху газу ў жылым доме ў Лагойскім раёне перададзеная ў Генеральную пракуратуру для накіравання ў суд.

Пра гэта паведамілі БелТА ў аддзеле інфармацыі і сувязі з грамадскасцю.

«Галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта завершанае расследаванне крымінальнай справы па факце выбуху ў жылым доме, размешчаным у вёсцы Малінаўка Лагойскага раёна Менскай вобласці. З прычыны выбуху адзін чалавек загінуў, а дваім былі прычыненыя цяжкія цялесныя пашкоджанні», - сказалі ў СК.

Следства ўстанавіла, што прычынай выбуху было ўзгаранне газапаветранай сумесі, якая ўтварылася ў выніку ўцечкі газу з сістэмы газазабеспячэння дома.

«Дырэктар і кіраўнік аварыйнай службы РУ «Лагойскрайгаз» не рэагавалі ва ўстаноўленым парадку на неаднаразовыя паведамленні жыхароў, у тым ліку і ў дзень выбуху, пра газанебяспечныя інцыдэнты і аварыйныя сітуацыі, чым дапусцілі невыкананне патрабаванняў адпаведных нарматыўных тэхнічных актаў. Указаным службовым асобам прад'яўленае абвінавачванне па арт.428 КК Рэспублікі Беларусь (службовая халатнасць)», - растлумачылі ў камітэце.

У СК дадалі, што следчыя накіравалі прадстаўленне ў дзяржаўнае вытворчае аб'яднанне «Белпалівагаз» аб ліквідацыі прычын і ўмоў, выяўленых пры расследаванні крымінальнай справы.

Акрамя таго, ў Следчым камітэце нагадалі, што працягваецца следства па справе аб выбуху ў адным з цэхаў Лынтупскага спіртзавода, у выніку якога пацярпелі сем чалавек. У далейшым ад атрыманых цялесных пашкоджанняў адна з пацярпелых памерла. Прызначаныя і праводзяцца будаўніча-тэхнічная, выбухатэхнічная і іншыя неабходныя экспертызы.

«Спецыялісты Дэпартамента па наглядзе за бяспечным вядзеннем работ у прамысловасці МНС і Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы праводзяць па гэтым факце спецыяльнае расследаванне, матэрыялы якога па заканчэнні будуць перададзеныя ў следчыя падраздзяленні і далучаныя да матэрыялаў крымінальнай справы», - дадалі ў ведамстве. Па выніках аналізу і праверкі атрыманых фактычных дадзеных будзе дадзеная канчатковая прававая ацэнка таго, што адбылося.

Фота: МНС

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках