9 траўня 2024, Чацвер, 0:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маці б'ецца з уладамі за пецярых прыёмных дзяцей

14
Маці б'ецца з уладамі за пецярых прыёмных дзяцей

Жыхарка Парычаў Надзея Дударэнка спрабуе праз суд аднавіцца ў правах прыёмнай маці і вярнуць пецярых дзяцей, якіх у яе забралі супрацоўнікі аддзела адукацыі ў кастрычніку 2012 года.

Прадстаўнікі аддзела адукацыі адабранне дзяцей патлумачылі тым, што ім нібыта не былі створаныя нармальныя бытавыя ўмовы (не хапала сталоў для падрыхтоўкі ўрокаў, высока стаялі зубныя шчоткі і г.д.). Сама Дударэнка ўпэўненая, што дзяцей у яе забралі пасля канфлікту ў школе: дзеці сцвярджалі, што іх біла настаўніца, і прыёмная маці спрабавала абараніць дзяцей і прыцягнуць да адказнасці настаўніцу, пішуць naviny.by.

З маці аддзел адукацыі скасаваў працоўную дамову ўжо пасля таго, як дзяцей забралі. Запіс у працоўнай кніжцы абвяшчае, што дамова скасаваная «ў сувязі з заканчэннем тэрміну». Аднак паводле дамовы чацвярых прыёмных дзяцей жанчына павінна была выхоўваць да 2017 года, яшчэ аднаго хлопчыка - да 2015-га.

Па словах Дударэнка, яна восем гадоў выхоўвала прыёмных дзяцей, і да яе раней з боку ўладаў не было прэтэнзій. Праблемы з'явіліся, калі яна пачала скардзіцца на школьную настаўніцу. «З разраду ўзорнай сям'і нас тут жа запісалі ў неблаганадзейную. Калі я такая дрэнная, то чаму мне восем гадоў давяралі дзяцей?» - заявіла былая прыёмная маці.

Дударэнка звярнулася са скаргай у суд Светлагорскага раёна. Яна прасіла адмяніць рашэнне райвыканкама як незаконнае, аднавіць яе ў правах прыёмнай маці і вярнуць дзяцей, якія цяпер знаходзяцца ў розных дзіцдамах. Адказнікамі выступалі прадстаўнікі аддзела адукацыі райвыканкама Ірына Ермалаева, Таццяна Акуліч і Алена Ціхамірава. Яны падалі хадайніцтва правесці суд у закрытым рэжыме - без журналістаў і відэаздымкі - «для прадухілення выдавання дзелавой рэпутацыі».

Журналісты ў зале засталіся, але відэаздымку на пасяджэнні суддзя забараніў.

Чыноўнікі таксама хадайнічалі пакінуць скаргу без разгляду, так як, па іх словах, рашэнні райвыканкама маюць права адмяняць вышэйстаячыя інстанцыі, але не суд.

Суддзя пакінуў скаргу Дударэнка без разгляду, але прапанаваў ёй звярнуцца ў суд з пазоўнай заявай аб аднаўленні на працы (у якасці прыёмнай маці).

«Усе дакументы крычаць, што парушаны закон, правы дзяцей, дзеці пакутуюць, але чыноўнікаў гэта не хвалюе. Яны парушаюць закон, яны - чыноўнікі, улада, і ў іх мае рацыю той, у каго больш правоў. Мая галоўная мэта - вярнуць дзяцей у сям'ю , у іх не было маці, і я стала ім маці, яны мне паверылі. Але на сённяшні дзень па капрызе чыноўнікаў, з-за іх жадання пакараць мяне, паставіць на месца пакутуюць дзеці. У іх акрамя мяне нікога не было, і я не спынюся - буду дамагацца вяртання дзяцей у сям'ю», - сказала Дударэнка.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках