19 траўня 2024, Нядзеля, 0:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Начальнік Дзяржынскага РАУС загадаў суддзі «засланіць» міліцыянтаў?

66

Вызначэнні суда Дзяржынскага раёна, уручаныя збітымі міліцыянтамі Сяргею Хачатурану і Віталю Ганчару, выклікалі ва ўсіх шок.

Некалькі дзён таму прайшоў адміністрацыйны працэс над імі. Сведкамі на ім выступалі два супрацоўнікі ППСМ - Віталь Клімашэўскі і Дзмітрый Касцэвіч. Тыя самыя супрацоўнікі, якія жорстка збілі Віталя Ганчара і Сяргея Хачатурана ў ноч з 17 на 18 сакавіка 2013 года. Міліцыянты, былі абвінавачаныя ў хлусні, бо іх сведчанні падчас суду цалкам супярэчылі звесткам пратаколаў і рапартаў. Справа ў дачыненні да Віталя Ганчара і Сяргея Хачатурана была спыненая.

Але ўжо на наступны дзень высветлілася, што пастановы вынесеныя з фармулёўкай, пра якую ў часе працэсу суддзя С.Н.Крупец нават не згадваў. Згодна з дакументам, у «правапарушэннях» жыхароў горада ўсё ж утрымліваюцца прыкметы злачынства, у сувязі з чым разгляд адміністрацыйных спраў спынены, але матэрыялы накіроўваюцца ў Дзяржынскі РАСК, паведамляе сайт праваабарончай арганізацыі «Платформа».

У пастанове не пазначана, аб якім менавіта злачынстве кажа суддзя. Не згадваецца таксама і абгрунтаванне гэтай пастановы.

Прычына дзіўнай пастановы, якая цалкам супярэчыць не толькі фактам, агучаным падчас адміністрацыйнага працэсу, але і словам суддзі, стала зразумелая праз некалькі дзён.

Праваабаронцы атрымалі ад супрацоўнікаў Дзяржынскага РАУС дакумент, які тлумачыць усе супярэчнасці. Гэта пратакол, які быў атрыманы суддзёй перад разглядам адміністрацыйнай справы. На ім ад рукі змяшчаецца надпіс «гэта ў справе супраціву міліцыянтам, пратакол, каб апраўдаць дзеянні ППС».

Невядомая асоба дае наказ суддзі скласці пракол судовага пасяджэння так, каб апраўдаць дзеянні супрацоўнікаў ППСМ. Паводле звестак праваабаронцаў, дакумент быў перададзены начальнікам мясцовага РАУС.

Верагодна, менавіта таму суддзя Крупец не стаў дапытваць сведак з боку абароны. Бо ў яго на стале ляжала «індульгенцыя», якая зняла з яго патрэбу нешта думаць і прымаць пастанову.

Пакінуўшы ўсіх у добрым гуморы, ён пайшоў з залы суда, не зачытаўшы цалкам нават рэзалютыўнай часткі прынятай ім пастановы, сказаўшы толькі, што справы закрытыя. Варта адзначыць, што суддзя папросту ўвёў у зман усіх прысутных, груба парушыўшы працэсуальны парадак вядзення пасяджэнняў і зрабіў з суда цырк.

Каму і для чаго спатрэбілася праводзіць судовае пасяджэнне такім чынам сказаць пакуль складана.

Пастановы Дзяржынскага суда будуць абскарджаныя бліжэйшым часам, а дзіўная запіска накіраваная ў Міністэрства юстыцыі і Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь, для ўстанаўлення гэтымі органамі аўтара «наказа», якім кіраваўся суддзя Крупец С.Н. пры вынясенні пастаноў у дачыненні да Віталя Ганчара і Сяргея Хачатурана.

Напісаць каментар 66

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках