15 траўня 2024, Серада, 15:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску прайшоў вечар памяці генерала Юрыя Захаранкі

17
У Менску прайшоў вечар памяці генерала Юрыя Захаранкі

16 красавіка ў Менску прайшоў вечар памяці зніклага 14 гадоў таму былога міністра ўнутраных спраў Беларусі, палітыка Юрыя Захаранкі.

Акцыю «Мы не забудзем» правялі актывісты стваранай арганізацыі «Маладыя хрысціянскія дэмакраты», піша ПЦ «Вясна».

Па словах кіраўніцы МХД Марыны Хоміч, падобныя мерапрыемствы ў памяць зніклых ці загінулых беларускіх палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, журналістаў будуць працягнутыя і ў далейшым. Так, наступны вечар памяці ў рамках кампаніі «Мы не забудзем» будзе прысвечаны выкраданню тэлеаператара Змітра Завадскага.

Нагадаем, што следства па справе зніклых палітыкаў, якое працягвалася амаль 14 гадоў, так і не вызначыла ні абставінаў іх знікнення, ні вінаватых у гэтым. Між тым, тэрмін даўніны па гэтых справах заканчваецца праз год. Пасля 2014 года ўлады могуць са спакойным сумленнем заявіць пра тое, што «мы зрабілі ўсё магчымае, аднак целы зніклых не знойдзеныя, а вінаватыя не ўстаноўленыя».

«У наступным годзе, паводле дзеючага заканадаўства скончыцца тэрмін даўніны злачынства ў дачыненні да Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага. Яшчэ праз год і справу Змітра Завадскага закрыюць і здадуць у архіў. У грамадства амаль не засталося часу, каб дамагчыся ад уладаў расследавання гэтых гучных спраў і адказу на пытанне, што стала з гэтымі людзьмі. Таму мы пачынаем агульнанацыянальную кампанію памяці зніклых», - паведаміла Марына Хоміч.

Праваабаронца Алег Волчак, які прадстаўляе інтарэсы сям'і Юрыя Захаранкі, бачыць свой варыянт далейшых дзеянняў: ён змагаецца за тое, каб справа Юрыя Захаранкі была перакваліфікаваная па іншым артыкуле Крымінальнага кодэкса (арт. 128 КК РБ - злачынствы супраць бяспекі чалавецтва), які не мае тэрміну даўніны.

Пакуль жа ўлады на такія прапановы не адказваюць, але праваабаронцы і прадстаўнікі палітычных партый не спыняюць высілкаў. Алег Волчак таксама прывёў вопыт Аргентыны, дзе цяпер каля 80 былых чыноўнікаў і следчых прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці за бяздзейнасць у ходзе расследавання справаў зніклых апазіцыянераў.

На мерапрыемтсве таксама выступілі адзін з кіраўнікоў стваранай партыі БХД Віталь Рымашэўскі, маці зніклага тэлеаператара Змітра Завадскага Вольга Завадская, сябар Юрыя Захаранкі, адзін з заснавальнікаў Беларускай нацыянальна-дэмакратычнай партыі Анатоль Астапенка, быў паказаны фрагмент дакументальнага фільма з інтэрв'ю са зніклым палітыкам.

Удзельнікі мерапрыемства паставілі свае подпісы пад петыцыяй у адрас Генеральнай пракуратуры, якую склаў праваабаронца Гары Паганяйла.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках