26 красавiка 2024, Пятніца, 18:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Freedom House: У дачыненні да Беларусі няма санкцый

20
Freedom House: У дачыненні да Беларусі няма санкцый

Так званыя санкцыі - гэта толькі абмежавальныя меры.

Пасля беларуска-літоўскага эканамічнага форуму ў Клайпедзе прайшло больш за тыдзень. Афіцыйныя СМІ зрабілі справаздачу аб поспехах і дамоўленасці з літоўскім бокам, працягваюцца размовы аб магчымым прадаўжэнні «дыялогу» з ЕЗ. Між тым, адбыўся інцыдэнт з парушэннем беларускім самалётам паветранай прасторы Літвы, крыху пазней стала вядома пра планы Расеі стварыць у Беларусі авіябазу, а Аляксандр Лукашэнка тут жа папярэдзіў, што калі Літва і Польшча «нядобра паглядзяць у наш бок, мы будзем рэагаваць».

Яшчэ напярэдадні клайпедскага форуму charter97.org папрасіў амерыканскую няўрадавую арганізацыю «Freedom House» пракаментаваць сітуацыю. Узяўшы некаторы час на разважанні, кіраўнік віленскага офіса арганізацыі Віціс Юрконіс сёння адказаў на нашыя пытанні.

Паводле яго слоў, такія форумы павінны быць выкарыстаныя для акцэнтавання ўвагі на праблеме палітвязняў, праблемах дэмакратыі ў Беларусі як палітыкамі Літвы, так і грамадзянскай супольнасцю абедзвюх краін для таго, каб паказаць рэальны твар беларускага партнёра. Еўрапейцы адзіныя ў пытанні вызвалення палітвязняў, а для таго, каб трымацца прынцыповай пазіцыі, ёсць розныя спосабы: напрыклад, літоўскі бок на саміт Усходняга партнёрства ў Вільні можа запрасіць Алеся Бяляцкага або спецдакладчыка па Беларусі ў ААН.

- Развіццё эканамічнага супрацоўніцтва з краінамі ЕЗ, такімі як Літва, дае рэжыму магчымасць выкарыстоўваць прапагандысцкую машыну: бачыце, яны - нашы стратэгічныя партнёры (як выказаўся амбасадар Беларусі ў Літве на прэс-канферэнцыі ў Вільні напярэдадні форуму), мы павінны развіваць супрацоўніцтва, не звяртаючы ўвагі на палітвязняў і г.д. Што вы можаце сказаць з гэтай нагоды?

- Літоўска-беларускі эканамічны форум - гэта трывожны сігнал, асабліва, калі Літва набліжаецца да старшынства ў ЕЗ. Я разумею, што гэты канкрэтны форум - гэта штогадовая падзея з 2005 года, але візіт прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча выглядае неістотна - беларускія дзяржаўныя СМІ безумоўна будуць выкарыстоўваць усе магчымасці для таго, каб пераканаць радавых беларусаў у тым, што гэты форум з'яўляецца яшчэ адным доказам прызнання.

Тым не менш, я чакаў, што літоўскія афіцыйныя асобы выкарыстаюць гэтую магчымасць для акцэнтавання ўвагі да занепакоенасці дэмакратычнага свету шэрагам пытанняў - вызваленне і рэабілітацыя палітычных зняволеных, прыгнёт грамадзянскай супольнасці і празмерныя абмежаванні ў дачыненні да незалежных СМІ.

У дадатак да гэтага, я мяркую, беларуская і літоўская грамадзянская супольнасць маглі б выкарыстоўваць гэту падзею для публічных акцый у Клайпедзе - гэта стала б добрай нагодай паказаць замежным гасцям рэальны твар беларускага дзелавога партнёра.

- Наколькі дарэчны прагматызм у стасунках Беларусі і Літвы (краіны-члена ЕЗ)?

- Дэвід Крэмер падчас свайго апошняга візіту ў Вільню ўжо казаў, што не зайздросціць наяўнасці ў Літвы такога складанага партнёра і ад краін Балтыі цяжка чакаць таго, што яны цалкам перакрыюць эканамічнае супрацоўніцтва з суседняй Беларуссю.

Мы часам змешваем пачуцці ў тым, што тычыцца сцвярджэнняў некаторых палітыкаў, але перад міжнароднай супольнасцю і беларускай грамадзянскай супольнасцю стаіць задача пастаянна нагадваць пра тое, што Беларусь застаецца краінай рэжыму і кантракты з афіцыйным Менскам павінны быць абмежаваныя да мінімуму.

- Што можа быць інструментам для змен?

- Шчыра кажучы, у святле санкцый эканамічны форум выглядае недарэчна. Тым не менш, усе, асабліва Брусэль, у тым, што датычыцца палітыкі ЕЗ па Беларусі, павінны быць рэалістамі - у дачыненні да Беларусі няма санкцый. Так званыя санкцыі - гэта толькі абмежавальныя меры, якія павінны разумецца толькі як знак прынцыповай пазіцыі. На жаль, рэжымы знаходзяць свае хады праз нелегальны гандаль, карупцыю і г.д. Санкцыі могуць быць эфектыўнымі, калі яны паслядоўныя, і ўсе краіны ЕЗ згодныя з такой палітыкай.

- Еўрапейскія палітыкі, у тым ліку і літоўскія, зноў спрабуюць казаць пра магчымасць аднаўлення дыялогу з беларускім рэжымам (які прасоўвае пазіцыю - каштоўнасці розныя, інтарэсы - агульныя). Што вы лічыце ў гэтай сувязі? У чым бачыце магчымы эфект гэтай старой-новай стратэгіі дыялогу?

- У большасці тых, хто працуе ў літоўскай знешняй палітыцы, і ў членаў парламента цвёрдая пазіцыя - правы чалавека і дэмакратыя ў Беларусі застаюцца ў парадку дня знешняй палітыкі Літвы. Таму я шчыра веру, што Еўропа вывучыла ўрокі 2009-2010 гг.

- Беларускія лідары апазіцыі, такія як Андрэй Саннікаў, працягваюць сцвярджаць, што не павінна быць ніякіх размоваў з рэжымам, пакуль палітычныя зняволеныя застаюцца ў турме. Еўрапейцы (не ўсе) кажуць таксама, але працягваюць развіваць стратэгію дыялогу. Як вы растлумачыце гэтую дваякую палітыку?

- Палітыка - рэч няпростая, але мы павінны быць прынцыповымі. У ЕЗ усе кажуць пра неадкладнае вызваленні і поўную рэабілітацыю палітвязняў, так што мяч - на баку афіцыйнага Менска. Тым не менш, я хачу зрабіць акцэнт на важнасці апазіцыі, грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ ўнутры Беларусі - яны павінны развівацца і інфармаваць сваё насельніцтва, інакш мы выбіраем бітву толькі па-за Беларусі.

- Як вы бачыце перспектывы Беларусі ва Усходнім партнёрстве ў дадзены момант, калі Літва рыхтуецца прыняць саміт у лістападзе 2013 года?

- Усё яшчэ няясна, хто будзе прадстаўляць Беларусь на саміце, хоць ужо было абвешчана, што гэта не павінна быць асоба, якая знаходзіцца ў спісе неўязных у ЕЗ. Хоць, цалкам магчыма даволі хутка Макей будзе выкрэслены з гэтага спісу.

Прэзідэнт Freedom House Дэвід Крэмер прапанаваў літоўскім афіцыйным асобам запрасіць, напрыклад, Алеся Бяляцкага. Літва можа падумаць над запрашэннем спецдакладчыка ў ААН па Беларусі Міклаша Харашці. Ёсць магчымасці для таго, каб паказаць прынцыповую пазіцыю.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках