29 красавiка 2024, панядзелак, 12:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску паставілі невядомую беларусам оперу Манюшкі

1
У Менску паставілі невядомую беларусам оперу Манюшкі

Прэм'ера Verbum Nobile прайшла ўчора ў прыватным оперным тэатры.

У гэтай падзеі адразу некалькі вельмі цікаўных абставінаў. Першае - гэта, вядома, сам Манюшка, якога нашым кампазітарам сталі лічыць толькі ў апошнія гадоў 20, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

- Выдатна памятаю, што ў кансерваторыі мы праходзілі яго па курсе замежнай музыкі, - успамінае кіраўнік «Беларускай капэлы» Віктар Скарабагатаў. - Хоць нарадзіўся ён пад Менскам і прэм'еры першых сваіх опер заўсёды ладзіў у Менску.

Праўда, прэм'ера Verbum Nobile («Слова гонару») адбылася ў 1861 годзе ў Варшаве і на тэрыторыі Беларусі да гэтага часу не ставілася ніколі. А вось у Польшчы яе ставяць і цяпер.

Другі дзіўны момант заключаецца ў тым, што паставілі оперу на беларускай мове ў прыватным, ды яшчэ оперным, тэатры!

- Мы займаемся своеасаблівай рэінкарнацыяй беларускай класічнай музыкі, - прызнаўся прадзюсер камернага музычнага тэатра «Галерэя» Аляксандр Чахоўскі.

На яго думку, многія нашы гледачы патэнцыйна гатовыя слухаць сур'ёзную музыку, але пакуль не ходзяць ні ў оперны тэатр, ні ў філармонію. Аляксандр перакананы, што ў той версіі оперы Манюшкі, якую прыгатаваў яго тэатр, публіцы будзе лягчэй яе прыняць.

Спецыяльна для менскай пастаноўкі дырыжор-пастаноўшчык Іван Касцяхін зрабіў перакладанне для ансамбля з дзевяці інструментаў замест вялікага аркестра. Ды і сама опера - аднаактная, так што нават самы непадрыхтаваны глядач не засумуе.

Дарэчы, ісці Verbum Nobile («Слова гонару») будзе на сцэне Палаца прафсаюзаў.

- З акустыкай там усё ў парадку, - запэўніў дырыжор-пастаноўшчык Іван Касцяхін. - А музыка Манюшкі і сёння нам блізкая і зразумелая, хоць і напісана 150 гадоў таму.

Наступны паказ - 5 чэрвеня.

Опера напісана ў жанры французскай оперы комік. Сюжэт яе немудрагелісты. Малады шляхціц Станіслаў пасля няшчаснага выпадку знайшоў прытулак у памешчыка Лагоды. За хворым даглядала дачка памешчыка Зося. Маладыя людзі палюбілі адзін аднаго, але іх шлюб немагчымы, так як бацька даў слова гонару выдаць дачку замуж за сына свайго прыяцеля. Але ў выніку ўсё заканчваецца цалкам шчасліва.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках