3 траўня 2024, Пятніца, 8:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі ўведзенае сакрэтнае ваеннае становішча

8
У Беларусі ўведзенае сакрэтнае ваеннае становішча

Падчас ваеннага становішча «нядобранадзейных» забіраюць і інтэрніруюць.

Такое меркаванне выказаў незалежны журналіст Генадзь Барбарыч, каментуючы сайту charter97.org прысуд блогеру Змітру Галко і журналісту Аляксандру Ярашэвічу да 10 і 12 сутак арышту.

«Цяпер апазіцыя трохі пацішэла, а прэса працягвае асвятляць сітуацыю ў краіне, у тым ліку і «неспрыяльныя» для беларускіх уладаў моманты. Бо ўлада робіць жахлівыя рэчы, калі заяўляе пра тое, што Чарнобыльская зона абсалютна бяспечная і там можна весці гаспадарку. У той жа час незалежныя эколагі кажуць пра тое, што нават малыя дозы радыяцыі забіваюць. І немагчыма аспрэчваць статыстыку росту колькасці анкалагічных захворванняў, асабліва сярод дзяцей. Журналісты і экалагічныя актывісты звяртаюць на гэта ўвагу, а чыноўнікаў гэта вельмі раздражняе», - лічыць журналіст «Радыё Рацыя».

Ён таксама дадаў, што вельмі вострай з'яўляецца тэма будаўніцтва Астравецкай АЭС.

«Бо прадстаўнікі ўлады сцвярджаюць, што яна самая бяспечная ў свеце, а антыядзерныя актывісты звяртаюць увагу на тое, што атамная станцыя будуецца без пэўнага праекта. Усё гэта журналісты прапануюць грамадству для абмеркавання, а беларускім уладам гэта вельмі не падабаецца. Таму трэба заткнуць рот і запалохаць. Як варыянт, схапіць і пасадзіць без усялякіх падстаў. Бо ўсё, што пішацца ў дадзеных пратаколах - абсалютная хлусня», - упэўнены Генадзь Барбарыч.

Ён адзначыў, што калі называць рэчы сваімі імёнамі, то падобнае трэба кваліфікаваць, як адвольнае затрыманне.

«Падчас ваеннага становішча «нядобранадзейных» забіраюць і інтэрніруюць. І тут прысутнічае элемент ваеннага становішча, калі людзей проста хапаюць і кідаюць за краты. Для міжнароднай супольнасці прыдумалі артыкул з адміністрацыйнага кодэкса, але гэта адвольнае затрыманне. Атрымліваецца, што ўлада, якая хлусіць, карае журналістаў, якія кажуць праўду. Бо ў Ярашэвіча галоўнай тэмай, якую ён асвятляе, з'яўляецца экалагічная сітуацыя ў Беларусі. Ён сустракаўся і рабіў матэрыялы з эколагамі, але ўладу гэта нервавала, і яго такім чынам спрабуюць нейтралізаваць», - падсумаваў Генадзь Барбарыч.

Нагадаем, супрацоўнікі міліцыі затрымалі Аляксандра Ярашэвіча і Змітра Галко ўвечары 6 траўня на падыходзе да станцыі метро, калі тыя вярталіся з вуліцы Акрэсціна, дзе сустракалі асуджаных удзельнікаў акцыі «Чарнобыльскі шлях», якія выйшлі на волю. Журналісты былі затрыманыя без тлумачэння прычын і дастаўленыя ў Маскоўскае РУУС Менска. У дачыненні да іх былі складзеныя пратаколы па артыкуле 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы пры выкананні службовых абавязкаў), журналісты правялі ноч у РУУС.

Учора суддзя суда Маскоўскага раёна Менска Яўген Хаткевіч прысудзіў блогера Галко да 10 сутак арышту, а суддзя Таццяна Мотыль вынесла прысуд журналісту Ярашэвічу - 12 сутак арышту.

Вышэйназваныя суддзі знаходзяцца ў «чорным спісе» Еўразвяза.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках