26 красавiка 2024, Пятніца, 18:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ізраільскае ТБ расказала пра «дружбу» яўрэяў з прыхільнікам Гітлера

69
Ізраільскае ТБ расказала пра «дружбу» яўрэяў з прыхільнікам Гітлера

Журналісты правялі расследаванне сувязяў ізраільскіх палітыкаў з беларускім дыктатарам.

10-ы канал ізраільскага тэлебачання зняў рэпартаж пра сітуацыю ў Беларусі і пра адносіны паміж Тэль-Авівам і Менскам. Вядомы журналіст Барух Кра нагадаў, як у Беларусі прайшла прэзідэнцкая кампанія 2010 года і чым яна скончылася для большасці кандыдатаў у прэзідэнты. Ён нагадаў пра масавыя рэпрэсіі, якія працягваюцца ў Беларусі, і пра сотні людзей, якія былі затрыманыя ў Менску пасля акцый пратэсту, пра палітычных зняволеных, якія дагэтуль застаюцца ў турмах.

Аўтары рэпартажу сустрэліся з лідарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдатам у прэзідэнты і былым палітвязнем Андрэем Саннікавым, журналісткамі Ірынай Халіп і Святланай Калінкінай, рэжысёрам Юрыем Хашчавацкім.

Галоўнай тэмай перадачы сталі паводзіны некаторых вядомых палітыкаў Ізраіля. У прыватнасці, гаворка ішла пра былога міністра замежных спраў Авігдора Лібермана, а таксама пра амбасадара ў Беларусі - ранейшага Зеева Бэн-Ар'е і цяперашняга Іосіфа Шагала.

Зараз у Ізраілі праходзіць судовы працэс над экс-кіраўніком МЗС краіны. Паводле абвінаваўчага заключэння, Авігдор Ліберман нясе адказнасць за кар'ернае прасоўванне былога ізраільскага амбасадара ў нашай краіне Бэн-Ар'е. У прыватнасці, абвінавачванне лічыць, што Ліберман рыхтаваў яго на новую дыпламатычную пасаду ў абыход прынятым нормам зацвярджэння кандыдатаў. Сам Бэн-Ар'е раней быў прыгавораны да чатырох месяцаў грамадскіх работ за тое, што перадаў кіраўніку МЗС канфідэнцыйную інфармацыю, звязаную са справай аб адмыванні грошай праз падстаўныя кампаніі, якая вядзецца супраць былога міністра.

Журналіст нагадвае, што менавіта Ліберман быў у свой час галоўным лабістам адкрыцця амбасады Ізраіля ў Менску, якая была зачыненая ў 2002 годзе з-за фінансавых складанасцяў. Адзначым, што чыноўнік у той час узначальваў міністэрства транспарту. Адкрыццё дыпламатычнага прадстаўніцтва не ўваходзіла ў яго функцыі.

Калет Авіталь, былая дэпутат Кнесета ад партыі Авода, успамінаючы той час, задаецца пытаннем: чаму не міністр замежных спраў, які раней скараціў фінансаванне, а менавіта Ліберман быў так зацікаўлены ў працы амбасады ў Менску.

Былы амбасадар Беларусі ў Ізраілі Ігар Ляшчэня ўвогуле адмовіўся адказваць на некаторыя пытанні журналіста тэлеканала, а ў якасці прычыны адкрыцця амбасады назваў вялікую колькасць ізраільскіх прадпрымальнікаў у нашай краіне. Аўтар рэпартажу адзначае, што з улікам таго, каму дазволена весці справы ў дыктатарскай Беларусі, не выклікае сумневу, што гаворка ідзе пра бізнесменаў з блізкага атачэння Лібермана.

На думку журналісткі Святланы Калінкінай, многія палітыкі і бізнесмены выкарыстоўваюць Беларусь як закрытую тэрыторыю для правядзення сустрэч і перамоваў, якія не хочуць афішаваць. Гэта, па словах аўтараў рэпартажу, рабіў і Ліберман. У ізраільскім судзе не так даўно слухалася справа аб атрыманні ім грошай ад бізнесмена Дані Гітэнштэйна, які вядзе свае справы ў краінах Усходняй Еўропы. Яго падазравалі ў пераводзе дзесяткаў тысяч даляраў на рахункі фірмы дачкі Лібермана, Міхаль. Сустрэча міністра і бізнесмена прайшла ў менскім гатэлі «Еўропа» ў 2009 годзе.

Успомнілі ізраільскія журналісты і блізкага сябра Лібермана, аўстрыйскага мільярдэра Марціна Шлафа, які павінен быў стаць адной з галоўных сведак па асноўнай справе супраць міністра. Бізнесмен атрымаў доступ на беларускі рынак сучасных камунікацый, які з'яўляецца дзяржаўнай манаполіяй. Як вядома, падобныя рашэнні не прымаюцца без зацвярджэння Лукашэнкі.

Шмат каму ў Ізраілі вядома, што былы міністр замежных спраў ужо многія гады падтрымлівае добрыя, калі не сказаць сяброўскія, адносіны з беларускім дыктатарам. Больш за тое, вядомыя выпадкі, калі ён знікаў на некалькі дзён, а затым аб'яўляўся ў кампаніі Лукашэнкі, а потым расхвальваў яго і называў сябрам Ізраіля.

У той жа час у круг сапраўды самых блізкіх сяброў беларускага кіраўніка ўваходзяць Махмуд Ахмадзінежад, Башар Асад і іншыя дыктатары. Аўтары рэпартажу нагадваюць пра абразлівыя выказванні Лукашэнкі ў адрас яўрэяў, разбурэнне будынка каменнай сінагогі ў Ракаўскім прадмесці Менска ў 2001 годзе і іншыя антысеміцкія выхадкі.

Не абышоў увагай ізраільскі журналіст і скандальнае выказванне, у якім беларускі дыктатар хваліць Гітлера і заяўляе, што «нямецкі парадак адпавядае яго разуменню прэзідэнцкай рэспублікі».

«Я не магу зразумець мяккіх адносінаў да дыктатара, які хваліць Гітлера, які вядомы сваім сяброўствам з іранскім кіраўніком Ахмадзінежадам і з іншымі людзьмі, якія з'яўляюцца ворагамі Ізраіля», - кажа Андрэй Саннікаў.

Цяперашні амбасадар Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал называецца ў праграме «чалавекам Лібермана». Журналісты нагадваюць пра тое, што дыпламат трапіў у скандал пасля адной са сваіх прэс-канферэнцый у Менску, на якой заявіў, што не можа сказаць, ці ёсць у нашай краіне палітвязні.

«Гэта сапраўдны парадокс. Беларускіх дэмакратаў падтрымліваюць практычна ўсе заходнія дыпламаты. Мы сустракаліся нават з амбасадарам Расеі. Адзіны дыпламат, які не хацеў гаварыць з намі, - гэта амбасадар Ізраіля. Гэта вельмі расчаравала нас», - распавяла Ірына Халіп.

Іосіф Шагал працягвае выконваць абавязкі амбасадара Ізраіля ў Беларусі. Адна са спраў супраць яго боса, Авігдора Лібермана, была закрытая з-за таго, што суд не змог дапытаць шэраг важных сведак, у тым ліку і Марціна Шлафа, пра якога гаварылася вышэй. Працэс па другой справе працягваецца. У снежні мінулага года Ліберман быў вымушаны пакінуць пасаду міністра замежных спраў Ізраіля, аднак, заявіў пра тое, што спадзяецца вярнуцца ў палітыку пасля суда.

Пераклад з іўрыту - Арон Шусцін, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 69

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках