4 траўня 2024, Субота, 22:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады Магілёва сумняюцца ў шкодзе «чарнілаў»

39
Улады Магілёва сумняюцца ў шкодзе «чарнілаў»

Магілёўскі гарадскі «савет дэпутатаў» паўстаў на абарону таннага пітва.

Прадстаўнікі апазіцыйных арганізацый, ініцыятараў «Народнага рэферэндуму», у прыватнасці экс-кандыдаты ў прэзідэнты Рыгор Кастусёў і Аляксандр Мілінкевіч, сустрэліся 17 чэрвеня са старшынём Магілёўскага гарадскога «савета дэпутатаў» Фёдарам Міхеенкам, пішуць «Беларускія навіны».

Асноўнай мэтай візіту апазіцыянераў, сярод якіх былі таксама намеснік кіраўніка кампаніі «Гавары праўду!» Андрэй Дзмітрыеў, магілёўская каардынатарка кампаніі Аксана Закрэўская, намеснік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, стала перадача Фёдару Міхеенку блізка што сотні подпісаў магілёўцаў пад зваротам да гарадскіх улад разгледзець пытанне аб забароне рэалізацыі ў Магілёве пладова-ягадных вінаў і вынесці на абмеркаванне гараджан пытанне аб барацьбе са злоўжываннем алкаголем.

«Мы мяркуем, што ўжыванне таннага няякаснага алкаголю пагаршае праблему п'янства і алкагалізму ў грамадстве», - сказаў Губарэвіч.

Міхеенка заявіў, што не ўпэўнены, што гэтае віно з'яўляецца сапраўды шкодным. «Калі вы ініцыююце гэтую справу, то дайце мне дакумэнты, што гэта шкаднейшае за цыгарэты», - сказаў кіраўнік прадстаўнічай улады Магілёва.

«Пытанне стаіць у тым: ці зладзіць дыскусію, ці спытаць спецыялістаў, ці даць нам адказ, што вы не згодныя самі асабіста і не падтрымліваеце гэтую ініцыятыву», - сказаў Мілінкевіч.

«Трэба сабраць дасведчаных людзей, каб паглядзець, наколькі гэта шкодна, што гэта за аб'ёмы, ці ёсць наогул іншыя праблемы, больш сур'ёзныя, чым гэтая. І ацаніць, што ж робіцца ў гэтай праблеме ў нас у рэспубліцы і ў горадзе ў прыватнасці», - сказаў Міхеенка. Пытанні барацьбы з алкагалізацыяй насельніцтва, з ягоных слоў, разглядаюцца «рэгулярных чынам» і ў гарсавеце, і ў гарвыканкаме.

Закрэўская нагадала пра забарону продажу таннага алкаголю ў месце ў вызначаныя гадзіны, якая затым з незразумелых прычын была скасаваная.

У сваю чаргу запрошаная на сустрэчу намесніца начальніка гарадской управы гандлю Алена Волкава патлумачыла, што ў Магілёве пладова-ягадныя віны не вырабляюцца, а ўдзельная вага продажу гэтай прадукцыі нязменна скарачаецца. Затое павялічыліся продажы каньякоў, шляхетных напояў, натуральных вінаградных вінаў.

«Калі б былі шкодныя складнікі ў гэтых напоях, то ніводзін сэртыфікат не быў бы выдадзены ні на адное найменне», - адзначыла Волкава, заявіўшы, што ў Магілёве самае нізкае ў рэгіёне спажыванне алкаголю на душу насельніцтва.

У працэсе дыскусіі былі абмеркаваныя праблемы фармавання бюджэтаў усіх узроўняў, стан дарог у Магілёве, рамонту жылога фонду, адсялення з састарэлага жылля ды іншыя.

Наведнікі падкрэслівалі, што ўлады і грамадству патрэбна больш ўзаемных стасункаў. Старшыня гарсавета заявіў, што заўсёды адкрыты для гэтага. Ён таксама прапанаваў наведвальнікам паўдзельнічаць у працы якой-небудзь камісіі гарсавета, папрысутнічаць на пасяджэнні яго прэзідыума.

У канцы сустрэчы Міхеенка паабяцаў даць адказ на зварот, перададзены яму апазіцыянерамі.

Нагадаем, у Беларусі вырабляюцца і спажываюцца ў велізарнай колькасці пладова-ягадныя віны - «чарнілы».

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках