4 траўня 2024, Субота, 17:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Слуханні ў Еўрапарламенце: Кнут - уладам, пернік - беларусам

32
Слуханні ў Еўрапарламенце: Кнут - уладам, пернік - беларусам

У Еўрапарламенце абмеркавалі сітуацыю з беларускімі незалежнымі медыя.

Абмеркаванне адбылося на пасяджэнні Камісіі культуры і адукацыі Еўрапейскага парламента з ініцыятывы польскага еўрадэпутата Марэка Мігальскага.

У Еўрапарламенце заслухалі даклады галоўнай рэдактаркі сайта charter97.org Наталлі Радзінай, кіраўніка рэдакцыі інфармацыйных праграм тэлеканала «Белсат» Аляксея Дзікавіцкага і дырэктара «Радыё Рацыя» Яўгена Вапы.

Журналісты распавялі пра сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі, пра варункі працы іх медый, а таксама заклікалі дэпутатаў Еўрапарламента стварыць адмысловы фонд, які б непасрэдна падтрымліваў незалежныя беларускія СМІ, бо сёння іх падтрымка з боку ЕЗ недастатковая.

Галоўная рэдактарка сайта charter97.org распавяла аб тых рэпрэсіях, з якімі сутыкнуўся папулярны незалежны рэсурс у Беларусі, у тым ліку забойствы і арышты журналістаў.

«Пасля ўсіх рэпрэсій, з якімі мы сутыкнуліся (а нам была абвешчаная сапраўдная вайна з боку рэжыму Лукашэнкі), сайт charter97.org працуе з Польшчы, якая мяжуе з Беларуссю. Тут жа працуе тэлеканал «Белсат» і «Радыё Рацыя». Сёння мы маем магчымасць працаваць свабодна, без страху быць арыштаванымі або забітымі.

Але дапамогі адной Польшчы недастаткова. Мы працуем у варунках сталага недахопу сродкаў. Я сёння даведалася, што досвед працы сайта charter97.org актыўна выкарыстоўваўся падчас рэвалюцый на Блізкім Усходзе і нават у выбарчай кампаніі Барака Абамы, але там было адэкватнае фінансаванне, чаго не скажаш пра сітуацыю з беларускімі медыямі.

Мы просім вас аб дапамозе. Сёння важна падтрымліваць і не даваць паміраць эфектыўным беларускім праектам. Я ўпэўненая, што камбінацыя працы сайта charter97.org, «Белсата» і «Радыё Рацыя» на Беларусь забяспечыць распаўсюд незалежнай інфармацыі ў краіне.

Таксама важна падтрымліваць эфектыўныя медыя, якія працуюць унутры Беларусі, і актыўна развіваць падпольны друк.

Паўзахады не дапамогуць. Патрэбная рэальная дапамога дэмакратычнага руху Беларусі, праваабарончым арганізацыям і незалежным СМІ. Сродкі, якія сёння выдзяляюцца Еўразвязам, недастаткова ці яны выкарыстоўваюцца не паводле прызначэння.

Еўрапарламент павінен усведамляць, што Еўразвяз мяжуе з дыктатурай, дзе палітычных зняволеных катуюць у турмах, жудасныя ўмовы якіх не змяніліся з часоў Сталіна. Трэба нарэшце развязаць праблему існавання дыктатуры і вызваліць рэгіён. Для гэтага трэба не так шмат - салідарнасць і наяўнасць дакладнай стратэгіі.

Дыктатура Лукашэнкі існуе ўжо 20 гадоў, забіваючы і калечачы жыцці мільёнаў людзей. Але жыцці беларусаў не толькі ў руках дыктатара, яны і ў вашых руках - вы ў стане нам дапамагчы», - заявіла Наталля Радзіна.

Кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграм Аляксей Дзікавіцкі адзначыў:

«Сітуацыя, у якой Еўрапейскі Звяз не падтрымлівае або падтрымлівае недастаткова незалежныя СМІ, з'яўляецца абсурднай. Мы выступаем за стварэнне спецыяльнага фонду, які б дапамагаў незалежным медыя ў Беларусі. Нягледзячы на пераследы, арышты журналістаў, мы прадаўжаем сваю працу. Такія СМІ, як «Белсат», сайт «Хартыя-97» і «Радыё Рацыя» сёння маюць патрэбу ў падтрымцы. Мы працуем з-за мяжы не са сваёй ахвоты, а таму што беларуская дыктатура не церпіць ніякага іншадумства. Тым не менш, мы ў стане сур'ёзна ўплываць на сітуацыю ў Беларусі.

Палітычныя перамены ў краіне адбудуцца, калі да беларусаў будзе даходзіць свабодная інфармацыя. Мы ў стане гэта забяспечыць: «Белсат» сёння мае вялікую аўдыторыю ў Беларусі, сайт «Хартыя-97» - вельмі папулярны ў краіне інтэрнэт-партал і «Радыё Рацыя» пакрывае памежныя раёны краіны, - сказаў прадстаўнік «Белсата».

Дырэктар «Радыё Рацыя» Яўген Вапа ўпэўнены, што без падтрымкі незалежных медыя нельга дамагчыся пераменаў у Беларусі:

«Незалежныя медыя - гэта таксама і незалежная беларуская культура. Вакол «Радыё Рацыя», «Белсату» і сайта «Хартыя-97» аб'ядноўваюцца, працуюць і развіваюць свой інтэлектуальны патэнцыял шмат якія беларусы. Менавіта супраць гэтых медыя ўлады вядуць мэтанакіраваную атаку, выкарыстоўваючы ўсе рэсурсы. Рэальны ўплыў такіх медыя тут жа выклікае з боку ўладаў рэакцыю ў адказ у выглядзе рэпрэсій. Свабода слова не пакідае Лукашэнку шанцаў на існаванне. Таму, калі Еўрапарламент хоча быць сур'ёзнай палітычнай структурай, ён павінен прымаць адэкватныя пастановы. Адная з іх - стварэнне асобнай праграмы падтрымкі незалежных СМІ, якая б працавала без пасрэднікаў. Трэба развіваць незалежныя медыя, каб яны здолелі перамагчы дыктатуру, а не фінансаваць незразумелыя праграмы з туманнымі мэтамі», - заявіў дырэктар «Радыё Рацыя».

Еўрадэпутаты спыталі галоўную рэдактарку charter97.org Наталлю Радзіну, якой павінна быць стратэгія Еўразвяза ў дачыненні да Лукашэнкі.

«Пуга - беларускім уладам, пернік - простым беларусам. Нельга сёння здымаць санкцыі з рэжыму Лукашэнкі. Сітуацыя ў Беларусі толькі пагаршаецца, палітвязні застаюцца ў турмах, знішчаныя ўсе свабоды, парушаюцца ўсе правы. Неабходна пашыраць санкцыі супраць памагатых рэжыму Лукашэнкі, бізнэсоўцаў, якія з'яўляюцца яго «партманэтамі», а таксама ўводзіць кропкавыя эканамічныя санкцыі на пастаўкі нафтапрадуктаў з Беларусі ў Еўропу - менавіта гэта корміць сёння рэпрэсіўны апарат дыктатара. Адначасова трэба рэальна падтрымліваць дэмакратычны руху краіны і ўвесці бясплатныя еўрапейскія візы для беларусаў», - сказала Радзіна.

Еўрадэпутаты ў сваіх выступах выказалі салідарнасць з беларускімі незалежнымі медыямі, а таксама падзякавалі ўладам Польшчы за падтрымку беларускіх СМІ. Было таксама адзначана, што сёння Еўразвязу «павінна быць сорамна, што дагэтуль няма сістэмнай падтрымкі свабоды слова ў Беларусі».

Дэпутат Марэк Мігальскі заклікаў Еўрапейскі Звяз перайсці да канкрэтных дзеянняў, гэта значыць паспрабаваць ужо бліжэйшым часам прадугледзець падтрымку беларускіх незалежных СМІ ў бюджэце ЕЗ.

Старшыня Камісіі культуры і адукацыі Дорыс Пак запэўніла, што звернецца да вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ Кэтрын Эштан з прапановай стварыць бліжэйшым часам фонд падтрымкі беларускіх незалежных СМІ.

Сёння Наталля Радзіна таксама сустрэлася з прадстаўнікамі Камітэта правах чалавека Еўрапарламента. Сітуацыя ў Беларусі і Азербайджане будзе абмяркоўвацца на пасяджэнні гэтага камітэта заўтра.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках