4 траўня 2024, Субота, 14:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Вялікая васьмёрка» здолела прыняць агульную пастанову аб Сірыі

41
«Вялікая васьмёрка» здолела прыняць агульную пастанову аб Сірыі

Выніковае камюніке аб Сірыі было падпісана ўсімі ўдзельнікамі G8, насуперак асцярогам, звязаным з праблемамі, што ўзніклі з рознагалоссямі паміж Расеяй і астатнімі краінамі.

Таксама кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі праблемы тэрарызму, у прыватнасці, выкуп закладнікаў і канфлікт у Нагорным Карабаху, піша NEWSru.com.

Нягледзячы на асцярогі, што Расея будзе ізаляваная на саміце, што сем краін могуць прыняць пастанову аб Сірыі без яе, абмеркаванне сірыйскай праблемы скончылася стварэннем агульнага камюніке, пад якім падпісаліся ўсе восем лідараў краін, у тым ліку Уладзімір Пуцін.

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі эвід Кэмэран адзначыў, што заява аб Сірыі атрымалася «вельмі моцнай».

«Я не думаю, што нам давялося заплаціць які-небудзь кошт. Мы дасягнулі вельмі моцнай заявы аб Сірыі, у якой ёсць палажэнні, якіх я не чакаў яшчэ два дні таму. Яна было падпісаная, у тым ліку Уладзімірам Пуціным», - сказаў Кэмэран журналістам аб выніках саміту G8.

Ён агучыў праграму з сямі крокаў, якая ў тым ліку прадугледжвае ўзмацненне дыпламатычнага ціску на абодва бакі канфлікту, каб нарэшце пачаць перамоўны працэс, і вылучэнне амаль 1,5 мільярды даляраў у якасці гуманітарнай дапамогі насельніцтву краіны.

«У плане працы з апазіцыйнымі сіламі нашы партнёры «групы васьмі» маглі б зрабіць значна больш. Гэта што і да ЗША, і да Еўразвязу», - пракаментаваў намеснік кіраўніка МЗС Расеі Сяргей Рабкоў.

Ён таксама раней заяўляў, што «поле аднолькавых падыходаў паміж Расеяй і ЗША ў дачыненні да Сірыі паступова пашыраецца». Наконт камюніке Рабкоў заяўляў, што з'яўленне ў ім фармулёвак што да лёсу Башара Асада парушыла б палітычны баланс, які фармуецца для сірыйскага ўрэгулявання. І сапраўды, нічога падобнага ў ім няма.

Раней журналісты арабскага канала Al Arabia, спасылаючыся на праект камюніке, заявілі, што лідары краін не могуць дамовіцца аб прынцыпе фармавання пераходнага ўрада ў Сірыі. Яны таксама былі ўпэўненыя, што міжнародная канферэнцыя «Жэнева-2» аб Сірыі наўрад ці адбудзецца ў ліпені, як меркавалася раней. Аднак дыпламатычны ціск на ўдзельнікаў канфлікту ў Сірыі будзе ўзмоцнены, а канферэнцыя ўсё ж такі адбудзецца.

Краіны G8 пастанавілі спыніць выкуп закладнікаў

Лідары краін «васьмёркі» на саміце дамовіліся «выкараніць выплату выкупаў тэрарыстам» за вызваленне закладнікаў і заклікаць «рушыць услед іх прыкладу кампаніі», якія сутыкаюцца з такімі выклікамі.

Вялікабрытанія прапанавала не выплачваць выкуп тэрарыстам, тлумачачы гэта тым, што гэтыя сродкі пераважна ідуць на ўзбраенне тэрарыстаў з розных груповак.

Для забеспячэння вызвалення грамадзян краін Захаду з рук тэрарыстаў толькі за апошнія тры гады было выдаткавана блізу 70 мільёнаў даляраў. Гэта ў сярэднім 2,5 мільёны даляраў за вызваленне кожнага закладніка. На думку экспэртаў, пераважная частка гэтых сродкаў трапіла ў рукі тэрарыстычным групам, звязаным з «Аль-Каідай» і талібамі.

Канфлікт у Нагорным Карабаху

Расея, ЗША і Францыя пастанавілі звярнуць увагу Азербайджана і Арменіі на дагэтуль неразвязаны нагорна-карабахскі канфлікт. Яны заклікалі краіны развязаць спрэчныя пытанні.

«Мы выказваем нашае глыбокае шкадаванне ў сувязі з тым, што бакі ў ходзе перамоўнага працэсу замест таго, каб паспрабаваць знайсці рашэнне, заснаванае на ўліку ўзаемных інтарэсаў, працягвалі імкнуцца да атрымання аднабаковых выгод», - гаворыцца ў прынятай у аўторак прэзідэнтамі Уладзімірам Пуціным, Баракам Абамам і Франсуа Аландам супольнай заяве аб нагорна-карабахскім канфлікце.

«Мы глыбока перакананыя ў тым, што далейшая затрымка ў дасягненні збалансаванай рамачнай дамоўленасці, якая вядзе да ўсёабдымнага мірнага ўрэгулявання, непрымальная, і заклікаем лідараў Азербайджана і Арменіі з абноўленай энэргіяй засяродзіцца на вырашэнні пытанняў, якія пакуль застаюцца адкрытымі», - адзначылі прэзідэнты.

Таксама ў заяве гаворыцца, што «толькі ўрэгуляванне шляхам перамоваў можа прывесці да міру, стабільнасці і прымірэння, адкрываючы магчымасці для рэгіянальнага развіцця і супрацоўніцтва». На думку трох лідараў, «ужыванне вайсковай сілы, у выніку якой склалася такая сітуацыя канфрантацыі і нестабільнасці, не развяжа канфлікт», а «аднаўленне ваенных дзеянняў будзе мець катастрафічныя наступствы для насельніцтва рэгіёну і прывядзе да чалавечых ахвяр, далейшых разбурэнняў, росту колькасці бежанцаў і велізарных фінансавых выдаткаў».

Саміт «Вялікай васьмёркі» пачаўся ў панядзелак на курорце Лох-Эрн у Паўночнай Ірландыі. Сустрэча будзе доўжыцца два дні, цягам якіх лідары дзяржаў абмяркоўваюць шырокі спектр пытанняў міжнароднай бяспекі і эканомікі. Як і меркавалася, адной з галоўных тэм сустрэчы стаў канфлікт у Сірыі.

Фота: aa.com.tr

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках