30 красавiка 2024, aўторак, 11:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МЗКЦ прададзены кітайцам?

203
МЗКЦ прададзены кітайцам?

(абноўлена а 13:13) ААТ «Менскі завод колавых цягачоў» адышоў кітайскім інвестарам.

Пра гэта charter97.org распавяла крыніца на прадпрыемстве. На якіх умовах прададзенае прадпрыемства, невядома. Афіцыйна пацвердзіць гэтую інфармацыю не ўдалося. На сайце завода да гэтага часу ў якасці ўласніка паказаны Дзяржаўны вайскова-прамысловы камітэт Рэспублікі Беларусь.

Першае СП з кітайцамі Sanjian-Volat пры ўдзеле Менскага завода колавых цягачоў для вытворчасці цяжкіх шасі вялікай грузападымальнасці сямейства WS у Кітаі з штогадовым аб'ёмам вытворчасці блізу 300 машын было заснаванае ў 1997 годзе. У 2009 годзе была падпісаная ўстаноўчая дамова супольнага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Волат-Санцзян» для вытворчасці гідрамеханічных перадач (ГМП) на вытворчай пляцоўцы ў Менску. Год таму кітайскі вытворца шматвосевых спецыяльных шасі Hubei Sanjiang Aerospace Wanshan Special Vehicle Co (уваходзіць у склад ракетна-касмічнага канцэрна CASIC) абвясціў аб пачатку вытворчасці пры падтрымцы МЗКЦ цалкам лакалізаваных гідраўлічных трансмісій для сілавых агрэгатаў магутнасцю 500 л.з. Такім чынам, Кітай стаў адной з нямногіх краін свету разам з ЗША, Нямеччынай і Беларуссю, здольных самастойна вырабляць такія складаныя агрэгаты.

Нагадаем, асноўным прэтэндэнтамі на куплю стратэгічнага беларускага прадпрыемства выступалі расейскія КамАЗ, «Алмаз-Антэй» і «Уралвагонзавод». Беларуская старана адмаўлялася прадаваць кантрольны пакет АТ, настойваючы на захаванні 50% акцый прадпрыемства.

МЗКЦ створаны ў 1954 годзе, напачатку 2010 года дзяржпрадпрыемства пераўтворанае ў адкрытае акцыянернае таварыства са статутным фондам Br177, 2 млрд. Дзяржаве належала 100% акцый АТ. Прадпрыемства знаходзілася ў падпарадкаванні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта Беларусі.

МЗКЦ выпускае колавыя платформы для ракетных комплексаў «Іскандэр», «Таполя-М» і «Ярс», рэактыўных сістэм залпавага агню «Ураган», «Смерч», «Град», «Тарнада», комплексаў СПА «Аса-1Т», «Бук-2М», «Тор-М2», С-300 і С-400 «Трыумф», супрацькарабельных берагавых ракетных комплексаў «Бастыён», «Баль-Э», «Клаб-М», радыёлакацыйных станцый, мостаўкладнрікаў ды іншых узораў наземнага рухомага ўзбраення і вайсковай тэхнікі.

***

Прадстаўнік Дзяржкамваенпрама зняпраўджвае паведамленне аб продажы акцый ААТ «Менскі завод колавых цягачоў» (МЗКЦ) інвестарам з Кітая.

«Ніякіх угод з удзелам кітайцаў з акцыямі МЗКЦ не было і не планавалася», - заявіў прадстаўнік Дзяржкамваенпрама агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у нядзелю.

Суразмоўца агенцтва сцвярджае, што МЗКЦ разглядаецца ў якасці ўдзельніка аднаго з інтэграцыйных праектаў, узгодненых на ўзроўні ўрадаў Беларусі і Расеі. «У адпаведнасці з раней дасягнутымі дамоўленасцямі, перамоўны працэс аб гэтым праекце з удзелам МЗКЦ і расейскай стараны прадаўжаецца, усё ідзе паводле раней запланаванага графіку», - заявіў прадстаўнік Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта Беларусі.

Напісаць каментар 203

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках